Высокі палёт нясвіжскіх “Ястрабаў”

“Ястрабы” прыляцелі дадому са здабычай — каманда юных ратавальнікаў-пажарных з Нясвіжа паспяхова выступіла на міжнародным злёце ў Азербайджане.

Міжнародны злёт юных ратавальнікаў-пажарных вось ужо 6 гадоў праводзіцца ў гасцінным азербайджанскім горадзе Габала. На працягу тыдня ўдзельнікі з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Расіі, Румыніі, Пакістана і Турцыі змагаліся за перамогу.

Удзельнікам злёту давялося прайсці праз шэраг выпрабаванняў. Распачалося спаборніцтва конкурсам “Візітоўка”, падчас якога кожная каманда расказвала пра сваю краіну, горад, каманду. Далей канкурсантаў чакала “Пажарная эстафета”, на якой беларусы былі бясспрэчнымі лідарамі. Добра пераадолела наша каманда і “Паласу перашкод”: другі вынік. Не пакінула абыякавымі членаў журы конкурсная насценгазета нясвіжскіх “Ястрабаў” — тут яны зноў былі лепшымі.

Найбольш складаным было конкурснае заданне “Пошукава-выратавальныя работы”. Удзельнікаў чакалі 8 этапаў на трасе працягласцю каля 5 кіламетраў: пераправа над горнай ракой, выратаванне пацярпелых, скаладром і інш. Для нашай каманды выкананне гэтага задання ўскладнялася тым, што праводзілася яно ў гарах, што нязвыкла для беларусаў.

Каманда “Ястрабы” годна змагалася на кожным этапе спаборніцтваў і заваявала 2-е месца на Міжнародным злёце ратавальнікаў-пажарных. Зусім крыху не хапіла ім да 1-га месца, якое занялі прадстаўнікі краіны-гаспадыні Азербайджана.

Клуб ратавальнікаў-пажарных “Ястрабы” сёлета святкуе юбілей — 15 гадоў назад ён быў створаны на базе сярэдняй школы № 4 Нясвіжа, дзе паспяхова дзейнічае і сёння. Нязменны кіраўнік клуба — настаўніца біялогіі Алена Анатольеўна Комар. За гэтыя гады клуб стаў гонарам не толькі школы, але і ўсяго раёна, Мінскай вобласці. На рахунку “Ястрабаў” — мноства перамог у конкурсах і спаборніцтвах розных узроўняў — ад раённага да міжнароднага. На міжнародным злёце яны абаранялі гонар нашай краіны ўжо чатыры разы, кожны раз займаючы прызавое месца.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва клуба.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *