Высокі патэнцыял

- 21:46Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Узначаліўшы ў красавіку мінулага года аддзел адукацыі Бераставіцкага райвыканкама, Надзея Валянцінаўна Кулікоўская будуе свае адносіны з калегамі не толькі як кіраўнік, але і як педагог, а таксама мама школьніка і дашкольніка.

— Атрымаўшы ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце спе­цыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Англійская мова”, пачала працоўную дзейнасць настаўнікам замежнай мовы ў Пархімаўскай базавай школе. Педагагічны вопыт цесна перап­лёўся з кіраўніцкім, давялося працаваць педагогам-арганізатарам і намеснікам дырэктара, метадыстам аддзела адукацыі райвыканкама і на працягу пяці гадоў — дырэктарам Малабераставіцкай сярэдняй школы. Ведаю, што ў мяне стрыжань унутры, разумею, чаго хачу дасягнуць як кіраўнік нават не школы з 20 настаўнікамі, а сістэмы адукацыі раёна з 565 педагогамі. Першыя тры месяцы было складана. Але ж, вядома, вопыт прыходзіць з часам. Да таго ж у мяне ёсць каманда, метадысты, якія мяне разумеюць, разам і будзем рухацца наперад.

— Якія задачы вы паставілі перад кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна ў першую чаргу?

— Прааналізаваць работу кожнага педагога, максімальна разаб­рацца, што ён можа даць школе і раёну. Гэты этап толькі пачынаецца, але ёсць ужо і перамогі: па два дыпломы на абласных этапах конкурсаў “Хрустальная Альфа” і “Я пазнаю свет”, раней такога не было. Упершыню за доўгі час у абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прымаюць удзел 10 чалавек, яшчэ 3 — у рэзерве, а раней мы выстаўлялі максімум 5 школьнікаў. Гады тры назад нашы дзеці станавіліся пераможцамі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, будзем імк­нуцца дасягнуць такіх поспехаў і ў бягучым навучальным годзе.

— Што лічыце важным у рабоце?

— Завершанасць кантролю — вышэй за ўсё. Інфармацыя, якая агучваецца на нарадзе, даводзіцца зверху бясспрэчна. Я абавязкова правяраю выкананне даручэнняў, не шкадуючы свайго часу. Люблю, калі ўсё дакладна. Вельмі важна цеснае супрацоўніцтва з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі.

— Ці ўдаецца захоўваць школы ў сельскай мясцовасці?

— У раёне 10 сярэдніх школ, 5 дзіцячых садкоў, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр і вучэбна-метадычны кабінет, летам працуе дзіцячы аздараўленчы лагер. З верасня базавымі і сярэднімі школамі сталі 5 былых вучэбна-педагагічных комплексаў. Для дзяцей захаваны ўсе ўмовы для атрымання адукацыі, мы нічога не аптымізавалі. Нават у самай малакамплектнай установе адукацыі ў вобласці — Масалянскай пачатковай школе — вучацца дзеці. Будынак маленькі, двухпавярховы, там толькі 5 кабінетаў, дашкольная група, харчаблок і спартыўная зала, але школа настолькі прыгожая! Пазіцыя раённага выканаўчага камітэта: цяпер там мала дзяцей, але існуе моцная гаспадарка і ў любы момант могуць прыехаць сем’і з дзецьмі, таму закрываць установу адукацыі ніхто не збіраецца. Вядома, для жыцця ў вёсцы школа — вялікі плюс.

— Вы сказалі, што ведаеце, чаго хочаце дасягнуць.

— Найперш, каб наш раён паказаў, што мы можам мець высокія вынікі не толькі ў сельскай гаспадарцы. У нас выдатныя дзеці, педагогі ўмеюць працаваць і дэманстраваць свой вопыт. У раённым этапе конкурсу “Настаўнік года” вельмі добра сябе праявілі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Старадварэцкай базавай школы А.А.Дзямідзік, якая выкарыстоўвае кластары, самастойна створаныя на камп’ютары коміксы, а таксама выхавальніца Вялікабераставіцкага дзіцячага сада К.У.Чапко, якая ўвяла ў адукацыйны працэс элементы самамасажу і дыдактычныя гульні ўласнага вырабу. Гэтыя і іншыя прыёмы эксперыментальнай дзейнасці дазваля­юць адцягнуць малодшых школьнікаў ад планшэтаў, вучаць іх разважаць, аналізаваць атрыманыя ў школе веды. Педагогі вельмі шырока выкарыстоўваюць прыродныя матэрыялы, элементы пескатэрапіі. На такіх занятках дзеці забываюць пра камп’ютар. Дарэчы, у нашых школах дзеці перад урокамі здаюць свае мабільныя тэлефоны.

Ганаруся педагогамі, кіраўнікамі, таму што з імі вельмі лёгка вырашаць пастаўленыя задачы. Я ведаю, што ў мяне моцная каманда, заўсёды магу разлічваць на калег.

Хацела б, каб вопыт педагогаў Бераставіцкага раёна пераймалі калегі. А нам ёсць чым падзяліцца. Настаўнік Алекшыцкай сярэдняй школы Г.У.Румак выпускае кнігі. Ёсць чаму павучыцца ў кіраўнікоў школьных музеяў Л.Р.Калесніка з Вялікіх Эйсмантаў і В.Р.Васілеўскай з Малой Бераставіцы, якая праводзіць урокі англійскай мовы для вучняў з розным узроўнем падрыхтоўкі. Дырэктар Старадварэцкай базавай школы Л.М.Чарток дзялілася сваім вопытам, у тым ліку правядзення ўрокаў для дарослых, у ГрАІРА і ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Сярэдняя школа аграгарадка Пагранічны, якой кіруе І.Л.Кергет, выстаўляе каманду на раённую “Зарніцу”, на злёт патрыятычных клубаў, а ў летні лагер “Юны пагранічнік” у гэтым годзе быў нават конкурс. Малады кіраўнік Канюхоўскай сярэдняй школы І.У.Ле­бядзевіч арганізавала работу школьнага музея, навучэнцы школы заваявалі дыпломы на конкурсах “Хрустальная Альфа” і “Я пазнаю свет”. З такімі людзьмі цікава працаваць.

— Ведаю, што ў кожнай школе раёна ёсць ваенна-патрыятычны клуб.

— З гэтага навучальнага года ў нас распрацаваны і рэалізуюцца тры праекты: “Шляхі да поспеху” па рабоце з адоранымі навучэнцамі, “Прафесійны навігатар”, накіраваны на прафарыентацыйную работу па запатрабаваных у раёне спецыяльнасцях, і “Нашчадкі Перамогі: мы памятаем, мы ганарымся” па ваенна-патрыятычным выхаванні. У рамках апошняга праекта прапанавалі стварыць у кожнай установе адукацыі патрыятычны клуб. Сустрэчы праходзяць па прынцыпе заніравання: у адну зону з’язджаюцца навучэнцы некалькіх устаноў. Дзецям спадабалася, яны з задавальненнем прымаюць удзел у мерапрыемствах. Гэтыя тры праекты не ўнеслі новаўвядзенняў, а структуравалі тую работу, якая вялася заўсёды. Увогуле, работа па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі на Бераставіччыне заўсёды была на вышыні.

— Чым ганарыцеся ў сістэме адукацыі раёна?

— Педагогамі, кіраўнікамі, таму што з імі вельмі лёгка вырашаць пастаўленыя задачы. Я ведаю, што ў мяне моцная каманда, заўсёды магу разлічваць на калег. У нас ёсць педагогі, якія рыхтуюць алімпіяднікаў, удзель­нічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, у іх велізарны патэнцыял. Хацелася б, каб яны трансліравалі свой вопыт, перадавалі яго педагогам вобласці.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.