Высокі прыклад земляка абавязвае

Сярэднюю школу № 1 Глыбокага імя П.В.Сухога ў дзень 125-годдзя заснавальніка савецкай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі наведалі Cтаршыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.

Калектыў на чале з дырэктарам Інай Сауліч нацэлены на дынамічнае і паспяховае развіццё. Для заняткаў у школе абсталяваны 32 вучэбныя і лінгафонны кабінет, камп’ютарныя класы, майстэрні тэхнічнай працы, швейная майстэрня і кабінет абслуговай працы, стадыён з гульнявымі пляцоўкамі, цір і пляцоўка для пастраення, актавая і зала для заняткаў харэаграфіяй, бібліятэка з кнігасховішчам і чытальнай залай, кабінеты псіхолага і сацыяльнага педагога, сталовая на 90 месцаў, медыцынскі кабінет, піянерскі пакой, цяпліца і першая ў вобласці школьная метэаралагічная пляцоўка з неабходным абсталяваннем для практычнай работы. Дзякуючы клопату Уладзіміра Андрэйчанкі, з пачатку мінулага навучальнага года ў распараджэнне педагогаў і навучэнцаў паступілі 6 сучасных камплектаў для заняткаў робататэхнікай. На базе ўстановы адукацыі дзейнічае Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна. Школа ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце “Укараненне новай мовы праграмавання Scratch”, настаўнікі інфарматыкі разам з навучэнцамі прадэманстравалі добрыя вынікі на Міжнароднай Scratch-алімпіядзе па крэатыўным праграмаванні (5 дыпломаў І ступені, 4 дыпломы ІІ ступені, 2 дыпломы ІІІ ступені), рэспубліканскіх конкурсах “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” і “Мая Scratch-гісторыя”, абласным конкурсе “Юны скрэтчар — 2019” (5 дыпломаў І ступені). З 2019 года ў школе рэалізуецца інавацыйны праект “Развіццё псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”. Развіццю творчых здольнасцей дзяцей і падлеткаў, паспяховаму ўдзелу ў конкурсах і канферэнцыях юных даследчыкаў спрыяе навукова-праектнае аб’яднанне навучэнцаў “ПОСуществу”, у школе выпускаецца аднайменная інтэрнет-газета (рэсурс налічвае 357 удзельнікаў). Піянерская дружына імя П.В.Сухога ў 2018 го­дзе заняла 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг” і 2-е месца на рэспубліканскім этапе ваенна-спартыўнай гульні “Зарнічка”, а ў 2019-м перамагла на абласным піянерскім фестывалі “Патриоты.by” і фестывалі танцавальна-забаўляльных праграм “Пакаленне-2020”. Установа адукацыі прымае ўдзе­л у рэалізацыі інфармацыйнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”.

Гордасць усяго раёна і вобласці — школьны музей двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай і дзяржаўных прэмій СССР, доктара тэхнічных навук, Генеральнага авіяканструктара П.В.Сухога, імя якога ўстанова адукацыі носіць з 2012 года. Глыбаччане ганарацца тым, што менавіта тут у сям’і настаўніка 125 гадоў назад нарадзіўся славуты Павел Сухі. У музеі юныя экскурсаводы расказваюць: хаця Павел Восіпавіч пасля пераезду не наведваў малую радзіму, у памяць пра яе ў рабочым стале ён многія гады захоўваў пажоўклы фотаздымак Глыбокага. Больш даведацца аб глыбоцкіх каранях чалавека-легенды ўдалося дзякуючы настаўніцы гісторыі Тэрэзе Рабіза і школьнікам, якія працавалі пад яе кіраўніцтвам. Штуршком да даследаванняў для іх паслужыў артыкул старшага навуковага супрацоўніка Гомельскага абласнога края­знаўчага музея Мікалая Царкова, які на працягу многіх гадоў вывучаў біяграфію авіяканструктара. Прачытаўшы яго, глыбаччане пачалі ўласнае даследаванне: аднавілі малавядомыя біяграфічныя звесткі, склалі да чацвёртага калена радавод сям’і. Высветлілася, напрыклад, што радзіма продкаў Паўла Восіпавіча — вёска Пахомава, на месцы якой цяпер Вілейскае вадасховішча. Дзед авіяканструктара Андрэй Аляксеевіч быў прыгонным селянінам, меў пасведчанне аб заканчэнні Чарнігаўскай школы пчалярства; бацька скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, выкладаў у Глыбоцкім народным вучылішчы. За перыяд работы ў Глыбокім з 1891 па 1895 год Восіп (першы свецкі настаўнік у Глыбокім) і Лізавета Сухія неаднойчы былі адзначаны пісьмовымі падзякамі і грашовымі ўзнагародамі за работу з вучнямі. Запісы ў метрычнай кнізе глыбоцкай царквы Нара­джэння Найсвяцейшай Багаро­дзіцы, якія сведчаць аб нараджэнні і хры­шчэнні Паўла Сухога, — адзін з найкаштоўнейшых знойдзеных экспанатаў. Музей П.В.Сухога — адзіны тады на тэрыторыі Савецкага Саюза — быў адкрыты ў школе 2 ліпеня 1985 года. Нядаўна ён адсвяткаваў 35-годдзе. Сёння толькі яго асноўны фонд налічвае звыш 600 экспанатаў. Дарэчы, першыя экскурсаводы і ўдзельнікі створанага пры музеі клуба “Пошук” пасля школы скончылі лётнае вучылішча ў Даўгаўпілсе і здзейснілі мару пра неба і палёты. У гісторыі глыбоцкай установы адукацыі гэта не адзіны падобны выпадак.

— Сярод нашых экспанатаў — кабіна лётчыка ад самалёта Су-17, касцюм лётчыка-выпрабавальніка, макеты і дэталі самалётаў, мноства кніжных выданняў, фотаздымкаў, асабістых рэчаў, ксеракопій дакументаў, у тым ліку з асабістага архіва канструктара, — расказала кіраўнік школьнага музея дачка і прадаўжальніца справы Тэрэзы Эдуардаўны Наталля Рабіза. — Пад кіраўніцтвам Паўла Восіпавіча Сухога распрацавана больш за 50 канструкцый самалётаў. Менавіта Су-17 ч­вэрць стагоддзя назад у памяць аб земляку ўстанавілі на ўездзе ў Глыбокае. Мы пастараліся сабраць як мага больш інфармацыі аб доследна-канструктарскім бюро Паўла Сухога і яго ўкладзе ў Вялікую Перамогу. Так, 12-й змяшанай авіядывізіі, штаб якой размяшчаўся ў Віцебску, па даных Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі горада Падольска, у пачатку Вялікай Айчыннай вайны былі перададзены дзясяткі бамбавікоў Су-2. Авіяцыя, у прыватнасці, базіравалася на аэрадромах непадалёк Глыбокага. Су-2 адным з першых уступаў у бой з ворагам. У аператыўнай зводцы 12-й змяшанай авіядывізіі ад 3 ліпеня 1941 года гаворыцца, што два бамбардзіровачныя палкі праводзілі разведку і баявыя дзеянні па мотамехчасцях гітлераўцаў у раёне Лепеля, Глыбокага, Докшыц.

Музей П.В.Сухога — цэнтр краязнаўчай, даследчай, пошукавай работы ўстановы адукацыі, традыцыйнае месца правядзення святочных мерапрыемстваў і ўрачыстасцей. Актыў музея складаюць дзве групы юных экскурсаводаў, самыя малодшыя з якіх — шасцікласнікі. Сумесна з педагогамі школьнікі распрацавалі экскурсійны маршрут па памятных мясцінах раёна “Крылатая слава Глыбоччыны”. Работа музея ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з ААТ ВКБ П.В.Сухога ў Маскве, Баранавіцкім авіярамонтным заводам, Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, роднымі, паплечнікамі Паўла Восіпавіча Сухога, дзяржаўнымі архівамі, музеямі. З нагоды юбілейнай даты педагог і краязнавец Юрый Калбасіч падарыў музею новы экспанат — дакладны макет будынка Глыбоцкага народнага вучылішча.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.