Высокі ўзлёт

У спісе шматлікіх узнагарод Аляксандра Ліпая з’явілася яшчэ адна. Медаль Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі (FAI) за нумарам 620 і дыплом за развіццё ракетамадэльнага спорту яму ўручылі на касмадроме Байканур.

Фота да матэрыяла: Высокі ўзлёт.Аляксандр Мікалаевіч Ліпай узначальвае спартыўна-тэхнічны аддзел Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. Захапленне дзяцінства стала прафесійнай справай яго жыцця. З 1991 года А.М.Ліпай вучыць дзяцей творчасці стварэння ракет.

А пачыналася ўсё ў школе. Калі вучыўся ў 4 класе, у школу прыйшоў Мікалай Мікалаевіч Галаўко і так зацікавіў хлопца самалётнай рамантыкай, што станцыя юных тэхнікаў стала для Аляксандра другой школай. Працягваў займацца мадэляваннем і падчас вучобы ў тэхнікуме. А пасля тэрміновай ваеннай службы сам папрасіўся на работу ў цэнтр тэхнічнай творчасці. І працуе тут ужо 27 гадоў.

— Спачатку я займаўся канструяваннем мадэлей самалётаў, кіраўніцтва ж прапанавала разгарнуць новы кірунак — ракетамадэльны спорт, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Зараз у нашым аб’яднанні па інтарэсах вучацца хлопцы ва ўзросце ад 10 да 20 гадоў. Развіваем тры віды дзейнасці: спартыўны мадэлізм (спартыўны кірунак), стэндавы мадэлізм (дакладныя копіі ракет), шоу-мадэлі, якія выкарыстоўваем на паказальных выступленнях, прафарыентацыйных мерапрыемствах.

Дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Іванавіч Дашкевіч адзначае, што пры непасрэдным удзеле Аляксандра Мікалаевіча створана лабараторыя ракетна-касмічнага мадэлявання. У ёй асвойваюцца новыя тэхналогіі і новыя складанаэхнічныя класы мадэлей. Прынцып навучання ў гуртку — ад простага да складанага. На пачатковым этапе навучання хлопцы спрабуюць свае сілы ў вырабе простых мадэлей, потым паступова пераходзяць да больш складаных. На кожным этапе, ад выбару чарцяжоў і да пробных запускаў, абавязкова прысутнічаюць элементы навукова-даследчага пошуку.

Сам Аляксандр Мікалаевіч дае прыклад сваім вучням. Ён майстар спорту міжнароднага класа па ракетамадэльным спорце, пераможца Кубка свету па ракетамадэльным спорце 2010, 2014, 2017 гадоў, прызёр чэмпіянату свету 2006, 2010, 2015, 2016 гадоў. Па выніках мінулага спартыўнага года ў ДТСААФ Аляксандр Ліпай быў прызнаны лепшым трэнерам у Беларусі.

Высокіх вынікаў дасягнулі і яго навучэнцы. Кірыл Жабравец, чэмпіён свету і пераможца Кубка свету 2016 года, член нацыянальнай зборнай па ракетамадэльным спорце, быў адзначаны імянной стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ілья Руткоўскі ў мінулым годзе стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу “Кропка адліку” навукова-тэхнічных і творчых работ па авіяцыі і касманаўтыцы. Пяць навучэнцаў за высокія дасягненні ў спорце адзначаліся абласнымі прэміямі імя А.І.Дубко таленавітай моладзі.

Медаль Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі А.М.Ліпай атрымаў у знакавым месцы — на Байкануры.

— Уражанні ад гэтага месца незабыўныя. І маім вучням пашчасціла там пабываць, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Мы бачылі пляцоўкі, дзе адбываўся запуск ракеты з Юрыем Гагарыным на борце, сучасныя стартавыя пляцоўкі.

У гэтым годзе А.М.Ліпай у Байкануры ўдзельнічаў у некалькіх мерапрыемствах, быў членам міжнароднага журы на двух этапах Кубку свету па ракетамадэльным спорце. Таксама прыняў удзел у Першым фестывалі нацыянальных культур “Дружба народаў”, дзе прадастаўляў Беларусь.

У памяшканні, дзе займаюцца юныя стваральнікі ракет, можна ўбачыць мноства кубкаў, дыпломаў і макетаў касмічных караблёў. Ёсць тут і такія мадэлі, якія на працягу дзесяці гадоў — і гэта ўжо вядомая гродзенская традыцыя — паказальна запускаюць напярэдадні новага года. Ракеты гэтыя сімвалічныя — упрыгожаны сімвалам адыходячага і надыходзячага года па кітайскім календары. Шмат гледачоў збіраецца на гэтыя паказальныя выступленні. Не парушаць традыцыю і ў гэтым годзе.

За шматгадовую плённую працу з творчай моладдзю А.М.Ліпай узнагароджаны сёлета нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.