“Вытокі” надзеі

Больш за сто дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, жывуць у дзіцячай вёсцы “Вытокі”, дакладней, у дзвюх яе частках, размешчаных у розных кутках Мінскага раёна. Так, 65 малых даглядаюць бацькі-выхавальнікі ў пасёлку Вопытным, недалёка ад Бараўлян, а 49 — у дачным пасёлку Крынічным-10, што паблізу Ждановіч. Менавіта сюды, у Крынічны, і прыехаў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык. Прыехаў не проста пазнаёміцца, а і павіншаваць малых і дарослых з навагоднімі і каляднымі святамі, уручыць падарункі — развіццёвыя гульні — у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Сустрэча пачалася ў адным з дзевяці жылых домікаў з канцэрта, што малыя падрыхтавалі для гасцей, бо іх таксама наведалі супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінрайвыканкама. А працяг цёплых зносін адбыўся ўжо ў другім доміку — за святочным сталом з чаем і прысмакамі, якія згатавала маці вялікай сям’і і яе памочніцы — старэйшыя дзяўчынкі. Наталля Георгіеўна і Дзмітрый Лявонцьевіч Капцюх і шасцёра малых — Ліза, Віка, Юра, Вольга, Даша і Максім — паспелі і пачаставаць гасцей, і пагаварыць з імі пра вучобу, пра зімнія забавы, пра тое, якія кніжкі любяць чытаць, а таксама расказалі, што хутка вернуцца з Італіі іх брацік Ваня і сястрычка Анжэла.
У “Вытоках” сям’я жыве з 2009 года, калі, дарэчы, і пачалася гісторыя гэтай дзяржаўнай установы адукацыі ў пасёлку Крынічным. А 1 верасня 2010 года адкрыліся 15 дамоў у Вопытным. З 2010 года да сакавіка 2015 года, між іншым, дзевяць малых з вёскі вярнуліся ў біялагічныя сем’і, чацвёра перададзены пад апеку блізкіх, 15 хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўсыноўлены. Зараз сярод выхаванцаў вёскі — 20 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і чацвёра дзяцей-інвалідаў.
— “Вытокі” — наш нацыянальны брэнд, — лічыць В.В.Якжык. — І пытанне тут не столькі ў матэрыяльным складніку, колькі ў добрай сістэме выхавання. Прыемна, што ёсць людзі, якія гатовы ўзяць і бяруць на сябе такую нялёгкую працу, я стаўлюся да гэтага кірунку работы з асаблівым хваляваннем.
Намеснік міністра павіншаваў усіх са святам, падзякаваў супрацоўнікам, выхаванцам і кіраўніку ўстановы Таццяне Уладзіміраўне Слабодзіч за цудоўную атмасферу, створаную ў вёсцы, пажадаў шчасця, здароўя і ўдачы ў новым годзе.
— Мы імкнёмся, каб падчас акцыі “Нашы дзеці” падарункі і віншаванні дайшлі да кожнага дзіцяці, якое патрабуе асаблівай увагі, — дадаў Віктар Віктаравіч. — Міністэрства адукацыі не толькі каардынатар, але і актыўны яе ўдзельнік. І хаця афіцыйна акцыя заканчваецца 10 студзеня, віншаванні і ўручэнне падарункаў працягнуцца да канца месяца.
Ён таксама адзначыў, што падарункі бываюць розныя, у тым ліку такія маштабныя, як, напрыклад, адкрыццё дзіцячага сада ў Дзяржынску Мінскай вобласці, што адбылося якраз пад Новы год.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.