Вытокі прафесіяналізму — у любові да дзіцяці

“У школе мне падабаліся гуманітарныя прадметы, хацелася атрымаць прафесію, звязаную з пошукам новых ідэй, творчасцю, пастаянным удасканаленнем. Усё гэта я знайшла ў педагогіцы. Асаблівую значнасць выбранай прафесіі адчула, калі ўбачыла, што здольна зацікавіць дзяцей, што патрэбна ім”, — расказала Ларыса Валер’еўна Сямёнава, настаўнік ЦКРНіР Гродна.

Пасля заканчэння Лідскага педагагічнага вучылішча Ларыса Валер’еўна атрымала спецыяльнасць “Сурдапедагогіка. Дашкольная адукацыя” ў БДПУ імя Максіма Танка. Спачатку працавала ва ўстанове дашкольнай адукацыі са звычайнымі дзецьмі, але жыццё звязала з навучаннем і выхаваннем асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак. У 2000 годзе пасля заканчэння 3 курса Ларыса Сямёнава ўладкавалася настаўнікам у ЦКРНіР Гродна.

“З 2006 года працую з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі, — сказала педагог. — Яны як быццам жывуць на асобнай планеце, спрабуючы зразумець наша жыццё і прыстасавацца да яго. Часам здзіўляюць сваімі непрадказальнымі паводзінамі, але як глыбока яны адчуваюць стаўленне да сябе іншых людзей. Як і ўсім, дзецям з аўтызмам неабходны душэўнае цяпло, цярпенне і любоў. У пэўны момант я адчула, што жадаю быць побач з маімі асаблівымі выхаванцамі, каб дапамагаць ім, быць па­трэбнай і любіць. Нават самыя маленькія іх поспехі выклікалі ў мяне гонар. Дзеці з аўтызмам вельмі розныя. Калі падабраць да іх ключык, яны раскрыюць свае здольнасці. Асноўная мэта маёй педагагічнай дзейнасці — павышэнне якасці жыцця такіх дзяцей. Свае намаганні я канцэнтрую на тым, каб выхаваць у іх большую самастойнасць, навыкі зносін і сацыяльнага ўзаемадзеяння. Для гэтага шукаю эфектыўныя прыёмы і метады работы”.

У сваёй рабоце Ларыса Сямёнава выкарыстоўвае гульнявыя тэхналогіі, TEACCH-пра­граму, якая прадугледжвае фарміраванне ў дзяцей уяўленняў аб часе, прасторы, аб відах дзейнасці, а таксама сістэму альтэрнатыўнай камунікацыі PECS, глабальнае чытанне, сацыяльныя гісторыі (ненадакучлівы спосаб растлумачыць сацыяльныя паняцці і правілы). Педагог дакладна прадумвае змест сваіх заняткаў, арганізоўвае адукацыйнае асяроддзе такім чынам, каб прадухіліць магчымыя цяжкасці, што мо­гуць узнікнуць у дзяцей, вызначае спосабы аказання індывідуальнай дапамогі, заахвочванні. Ларыса Валер’еўна выкарыстоўвае шматфункцыянальныя дапаможнікі і дыдактычныя матэрыялы. Самая эфектыўная форма работы з дзецьмі з аўтызмам — індывідуальная.

Педагогам распрацавана тэхналогія карэкцыйнай работы з такімі дзецьмі ва ўмовах ЦКРНіР, створаны індывідуальныя праграмы і камунікатыўныя альбомы, брашуры, дзе прадстаўлены вопыт карэкцыйна-педагагічнай работы, а таксама каталог фотаматэрыялаў і відэатэка запісаў заняткаў. Ларыса Валер’еўна з’яўляецца рэцэнзентам дапаможніка для педагогаў ЦКРНіР “Дыдактычнае забеспячэнне карэкцыйнай дапамогі дзецям з аўтыстычнымі парушэннямі”, стварыла шматфункцыянальны дапаможнік “Мая кніга”, асабістыя тэлефонныя даведнікі, а таксама трэнажор да даведніка “Мой тэлефон” і пакрокавыя брашуры-інструкцыі па гатаванні страў.

“Асобная тэма — бацькі асаблівых дзяцей. З мамамі і татамі неабходна нала­дзіць узаемаразуменне і цесны кантакт, заснаваны на супрацоўніцтве — зносінах на роўных, калі нікому не належыць прывілей кантраляваць і ацэньваць адукацыйны працэс, — гаворыць Ларыса Валер’еўна. — Неабходна ўмець слухаць адно аднаго, быць ветлівым і спакойным, адчуваць мяжу асабістай прасторы чалавека і больш усміхацца. Шчырая ўсмешка — гэта тое, што дазволіць завая­ваць давер, схіліць чалавека да зносін”. Ад бацькоў Ларыса Валер’еўна заўсёды чуе словы падзякі: “Вы першая, хто ўсяліў у мяне надзею! Вы прафесіянал сваёй справы”.

Удзел у эксперыментальнай дзейнасці дапамог ЦКРНіР Гродна стаць з 2013 года абласным рэсурсным цэнтрам па тэме “Метадычнае суправа­джэнне працэсу навучання і выхавання дзяцей з аўтыстычнымі праяўленнямі ва ўмовах установы адукацыі і сям’і”. Кіраўніком рэсурснага цэнтра з’яўляецца Л.В.Сямёнава. Спецыялісты ўстановы вя­дуць работу па павышэнні педагагічнага і прафесійнага майстэрства педагогаў іншых устаноў адукацыі і кампетэнтнасці бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам. З верасня 2015 года на базе ЦКРНіР Гродна рэалізоўваецца інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”.

Вопыт работы з дзецьмі з аўтызмам быў неаднаразова прадстаўлены Ларысай Сямёнавай на канферэнцыях і семінарах міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога, раённага і гарадскога ўзроўню, прэзентаваўся ў абласным ІРА. Педагог право­дзіць лекцыі, майстар-класы для спецыялістаў, студэн­таў і бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам, а таксама цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця. Ларыса Валер’еўна прайшла стажыроўку на базе Цэнтра псіхолага-медыка-сацыяльнага суправаджэння “Узаемадзеянне” ў Маскве, наведала Ізраільскае таварыства для дзяцей і дарослых з аўтызмам. Педагог адзначана падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, узнагароджана Ганаровай граматай Міністэр­ства адукацыі. У найбліжэйшы час плануе атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

“Я аптыміст, стараюся бачыць толькі станоўчае, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, — гаворыць Ларыса Валер’еўна. — Стрыманы, мэтанакіраваны, цярплівы і спакой­ны характар дапамагае ў рабоце. За час навучання ў цэнтры выхаванцы становяцца блізкімі мне людзьмі. І яны прывыкаюць да мяне. Нашы сустрэчы пасля іх выпуску заўсёды кранальныя і цёплыя.

У кожнага чалавека ёсць месца, дзе яму добра і ўтульна. Месца, дзе насычаешся сіламі, дабрынёй, шчаслівымі думкамі, каб пасля дарыць іх тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Для мяне гэта мая сям’я — сын, якому цяпер 29 гадоў, унук, якi перайшоў у 3 клас, муж, а таксама работа, якая прыносіць задавальненне і сапраўдную маральную аддачу”.

Надзея ЦЕРАХАВА.