Вытрымаць канкурэнцыю на сусветным рынку

- 11:40Вышэйшая школа

Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ прыняў у сваіх сценах удзельнікаў секцыі “Вышэйшая адукацыя: нацыянальны дыялог 2021” Рэспубліканскага педагагічнага савета. У рабоце дыялогавай пляцоўкі былі заняты кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, прарэктары, дэканы, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі. 

Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў, што ў цэнтры ўвагі спецыялістаў павінны быць пытанні паляпшэння якасці вышэйшай адукацыі, выкарыстання сучасных тэхналогій у навучанні, якія дазволяць захаваць дыялог паміж выкладчыкамі і студэнтамі, дапамогуць выявіць і рэаліза­ваць патэнцыял кожнага маладога чалавека, а таксама пытанні ўдасканалення нарматыўна-прававой базы, экспарту адукацыйных паслуг і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай вышэйшай адукацыі на сусветным рынку.

У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі плануецца пашырыць сферу мэтавай падрыхтоўкі студэнтаў, у прыватнасці, ­зняць абмежаванне па месцы знаходжання яе заказчыка. Пра гэта расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. З’явіцца магчымасць рэалізацыі адукацыйных праграм з дапамогай сеткавай формы. Так, студэнты аднаго ўніверсітэта змо­гуць працаваць на перадавым вучэбна-лабараторным абсталяванні на базе іншага ўніверсітэта. Статус самастойнай набудзе дыстанцыйная форма атрымання адукацыі, з’явіцца пералік адпаведных спецыяльнасцей. Прадугледжана ўзбуйненне спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі. Ідзе работа над новай версіяй класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый. Універсітэты змогуць рэалізоўваць прафілізацыю ў рамках пэўнай спецыяльнасці. Згодна з праектам Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года, сістэма вышэйшай адукацыі бу­дзе ўдасканальвацца, зыходзячы з прынцыпаў, якіх яна прытрымлівалася на працягу многіх гадоў: пераемнасць, захаванне фундаментальнасці, павышэнне канкурэнтаздольнасці на сусветнай арэне, рух наперад беларускіх універсітэтаў у міжнародных рэйтынгах і пашырэнне іх міжнароднай навуковай камунікацыі. 

У якасці асноўнага механізму адбору абітурыентаў для навучання на ўзроўні вышэйшай адукацыі плануецца захаваць ЦТ, а таксама ўнутраныя ўступныя выпрабаванні на спецыяльнасці і формы атрымання адукацыі, дзе яны даказалі сваю эфектыўнасць. Плануецца правядзенне ва УВА ўнутранага ўступнага іспыту па профільным прадмеце пры адборы на мэтавую падрыхтоўку і шэраг асобных спецыяльнасцей з улікам сярэдняга бала атэстата і наяўнасці рэкамендацыі педсавета ўстановы адукацыі або працоўнага калектыву.

Актуальныя пытанні і задачы падрыхтоўкі інжынерных кадраў акрэсліў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. Сярод іх: практыка-арыентаванае навучанне інжынерных кадраў для народнагаспадарчага комплексу краіны; развіццё навуковых школ і падрыхтоўка навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі; інавацыйны патэнцыял вышэйшай адукацыі і яго арганічная сувязь з вытворчасцю; развіццё бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў на аснове інтэграваных вучэбных планаў; удасканаленне практыкі прыёму ва УВА на аснове мэтавай падрыхтоўкі кадраў; навуковы патэнцыял вышэйшай адукацыі і яе ўклад у развіццё эканомікі краіны.

Аб рэалізацыі міждысцыплінарных праектаў расказаў рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Раманаў. Студэнты і супрацоўнікі розных факультэтаў і кафедраў універсітэта разам удзельнічалі ў стварэнні цэнтра бяспекі МНС Наваполацка, у рэалізацыі гуманітарнага праекта, прысвечанага ваенным часам на Полаччыне, у распрацоўцы віртуальнай экскурсіі па падзямеллі Полацкага іезуіцкага калегіума, у рабоце археалагічных атрадаў. Ва ўніверсітэце вядзецца вялікая работа ў рамках Інавацыйна-прамысловага наваполацкага нафтахімічнага кластара, ажыццяўляецца спецыяльная і агульнакультурная падрыхтоўка моладзі з абавязковым вывучэннем замежных моў. У планах — спалучэнне ў адукацыйным працэсе тэорыі і мастацтва, распрацоўка і ўкараненне міжфакультэцкіх вучэбных курсаў, пад­рыхтоўка курсавых і дыпломных работ у рамках міждысцыплінарных груп.

Развіццё экспартнага патэнцыялу беларускіх універсітэтаў магчыма шляхам пашырэння падрыхтоўкі на І і ІІ ступенях на англійскай мове і стварэння ўмоў для адаптыўнасці адукацыйных праграм да знешніх выклікаў. “Асноўны складнік экспартнай стратэгіі БДМУ — высокая запатрабаванасць медыцынскай адукацыі ў свеце, — адзначыў рэктар універсітэта Сяргей Рубніковіч. — Якасць адукацыі і магчымасць англамоўнага навучання дазваляюць нам канкурыраваць на сусветным рынку адукацыйных паслуг”. Аб’ём рэалізацыі экспарту адукацыйных паслуг у 2020 го­дзе ва ўніверсітэце склаў каля 10 млн долараў ЗША ў эквіваленце (сёлета гэтая планка павінна быць пераадолена). Доля замежных студэнтаў БДМУ ў агульнай структуры студэнтаў складае 26 працэнтаў (да нас прыязджаюць з больш чым 50 краін свету).

Інтэрнацыяналізацыя вышэйшай адукацыі з’яўляецца фактарам развіцця любога ўніверсітэта. Гэта адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў. Экспарт адукацыі дзейнічае як прыклад “мяккай сілы” для любой краіны ў плане магчымасці паспяхова ўзаемадзейнічаць з выпускнікамі ўніверсітэтаў сваёй краіны, якія пражываюць за мяжой. Задача кожнага ўніверсітэта — годна пазіцыянаваць сябе на сусветным рынку адукацыйных паслуг. Колькасна ацаніць поспехі дазваляюць міжнародныя рэйтынгі (Шанхайскі рэйтынг, THE, QS і інш.).

У сваім выступленні першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Салдатава падкрэсліла, што будучых кіраўнікоў змогуць падрыхтаваць толькі адданыя дзяржаве педагогі, сапраўдныя патрыёты. Рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіл Лусцянкоў закрануў пытанні непадзельнасці навучання і выхавання, праблему набору студэнтаў ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, забеспячэння якасці адукацыі ў перыяд пандэміі і фінансавай устойлівасці развіцця ўніверсітэта ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў. Прарэктар Міжнароднага ўніверсі­тэта “МИТСО” Юрый Шаўцоў нагадаў аб мабільнасці ў адукацыі, неабходнасці ствараць сучасны адукацыйны прадукт і адкрываць запатрабаваныя сярод абітурыентаў спецыяльнасці. Так, перспектывы развіцця магістарскай адукацыі выступоўца звязвае з магчымасцю прапаноўваць моладзі ўдзел у сумесных з замежнымі ўніверсітэтамі-партнёрамі праграмах (канцэпцыя двух дыпломаў), асабліва па інавацыйных спецыяльнасцях. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Васіля Кузьмічкіна.