Вывучаем замежную мову ў потэрскім клубе

- 11:54Навіны рэгіёнаў

Навучыць дзяцей чытаць на роднай мове — складана, а на замежнай — яшчэ цяжэй. На дапамогу прыходзяць аўтэнтычныя тэксты, напісаныя носьбітамі мовы. Такія тэксты перадаюць усю прыгажосць і характар мовы: у іх прысутнічае своеасаблівая лексіка з наборам часціц, займеннікаў, слоў з эмацыянальнай афарбоўкай, фразеалагізмаў, ідыём і маўленчых клішэ, сустракаюцца ўсечаныя сказы, абрыўкі сказаў ці недагаворанасць.

Аўтэнтычныя матэрыялы матывуюць дзяцей да вывучэння замежнай мовы, бо яны больш цікавыя, набліжаюць да іншай моўнай культуры. Каб падштурхнуць вучняў да чытання аўтэнтычных тэкстаў, у нашай школе быў адкрыты потэрскі клуб — творчае аб’яднанне для актыўных і камунікабельных энтузіястаў, якія цікавяцца кнігамі пра Гары Потэра і гатовы да самаразвіцця.

Сярод сучасных падлеткаў мала тых, хто нічога не чуў пра юнага чараўніка, калі не з кніг, то хаця б з фільмаў. Творы Дж.Роўлінг — выдатная аснова для вывучэння англійскай культуры, традыцый і гісторыі.

Клуб сабраў аматараў кніг пра Гары Потэра, колькасць якіх з году ў год павялічваецца. Пасяджэнні праходзяць па пятніцах у форме забаўляльных і адукацыйных мерапрыемстваў. Адзін раз на месяц праводзяцца квест-гульні, віктарыны і касцюміраваныя паказы, якія дапамагаюць далучаць да клуба новых удзельнікаў. Кожны яго член мае білет і значок.    

Клубаўцы чытаюць аўтэнтычныя кнігі, гля­дзяць аўтэнтычныя фільмы, пішуць фанфікі, у­дзельнічаюць у ролевых гульнях і інсцэніроўках, абмяркоўваюць сюжэт і герояў кніг пра Гары Потэра. Важна, што гэта матывуе вучняў да чытання аўтэнтычных твораў іншых аўтараў.

Больш за ўсё школьнікаў цікавяць кнігі, дзе апісаны гульні. Сюжэт такіх кніг, як правіла, вельмі захапляючы. Напрыклад: “Маё каханне завуц­ь на А” з кнігі “Аліса ў Залюстрэччы” Л.Кэрала, “Не дакранацца да падлогі” і “Люстэрка Джона” з твора “Пэпі Доўгаяпанчоха” А.Ліндгрэн, “Піраты” з рамана “Прыгоды Тома Соера” М.Твэна, “Квідыч” і “Чароўныя шахматы” з рамана “Гары Потэр і філасофскі камень” Дж.Роўлінг і інш. У некаторыя з іх ахвотна гуляюць клубаўцы.

Асабліва падабаецца вучням гульня “Маё каханне завуць на А”. Яе правілы вельмі простыя: трэба адказваць на пытанні словамі, якія пачынаюцца з аднолькавай літары. Напрыклад: “Маё каханне завуць на А. Я яго люблю, бо ён актыўны. Я кармлю яго анчоўсамі і агуркамі. Ён жыве ў Аргенціне”. Такім чынам можна прыдумаць адказы на любыя літары англійскага алфавіта.

Не абыходзяць увагай дзеці і гульню “Люстэрка Джона”, якая часта выкарыстоўваецца ў якасці фізкультхвілінкі на пасяджэннях клуба. Адзін вучань (Джон) выконвае пэўныя рухі, астатнія — паўтараюць за ім. Затым дзеці мяняюцца. У выніку ў ролі Джона могуць пабываць многія вучні. 

Падчас адукацыйных мерапрыемстваў клубаўцы не толькі даследуюць гульні ў розных аўтэнтычных літаратурных творах, але і ствараюць уласныя літаратурныя гульні. Так, аналізуючы твор “Цуды краіны Оз” Л.Баўма, школьнікі прыйшлі да высновы, што ён пабудаваны па прынцыпе настольнай гульні. У выніку з’явілася ўласная гульня па гэтым творы.

Гуляючы ў гульні, створаныя на аснове прачытаных англамоўных кніг, дзеці развіваюць крэатыўныя і камунікатыўныя здольнасці, становяцца больш актыўнымі, пашыраюць веды пра замежную мову.

Ірына ГЕРУСАВА,
Валянціна ДАРОНІНА,
настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Пінска.