“Вывучаючы гісторыю школы, лёс настаўнікаў, выпускнікоў, ты вывучаеш гісторыю краіны, лёс свайго народа”

- 11:56Адукацыйная прастора

Краязнаўчых дарог вялікае мноства. Шырокія і вузкія, звілістыя і прамыя, бурныя і спакойныя — падарожжа па кожнай з іх адметнае, напоўненае незабыўнымі сустрэчамі, адкрыццямі. Многія краязнаўцы выбіраюць адразу некалькі дарог і вывучаюць малую радзіму ў розных аспектах. Іншыя становяцца на адзін шлях і крочаць па ім усё жыццё. Сярод такіх людзей загадчык народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 Ашмян Рамуальда Іосіфаўна АНУФРЫЕВА.

Вывучэнне гісторыі роднай школы — цудоўная магчымасць увайсці ў дзівосны свет краязнаўства. Увайсці — і застацца там на ўсё жыццё. Менавіта з раскрыцця гэтай цікавай тэмы часцей за ўсё пачынаюць шматгадовае краязнаўчае падарожжа хлопчыкі і дзяўчынкі. Перыядычна звяртаюцца да яе і педагогі-краязнаўцы. І гэта нядзіўна. Як лічыць Рамуальда Іосіфаўна,  вывучаючы гісторыю школы, лёс настаўнікаў, выпускнікоў, ты вывучаеш гісторыю краіны, лёс свайго народа.

Здаецца, напрамак вузкі, спецыфічны, аднак той, хто складае летапіс установы адукацыі, несумненна, чалавек шырокіх поглядаў. Ён і гісторык, і этнограф, і біёлаг, і географ, і матэматык, і мовазнавец. А яшчэ — знаўца чалавечых лёсаў. У гэтым выдатна пераконвае экспазіцыя народнага музея 1-й ашмянскай школы, паколькі большая частка яе матэрыялаў — гэта фотаздымкі былых дырэктараў, завучаў, настаўнікаў, вучняў. Індывідуальныя партрэты, калектыўныя здымкі, выявы першага і апошняга званка розных гадоў і розных эпох — калекцыя фотаздымкаў вялізная. На аснове фатаграфій, іншых музейных матэрыялаў Рамуальда Іосіфаўна распрацавала разам з калегамі і вучнямі больш за 50 (!) рознатэматычных экскурсій.

“Калі складаю экскурсію, стараюся, каб там абавязкова быў цікавы эпізод. Таму што проста слу­хаць біяграфію дырэктара, настаўніка, выпускніка не вельмі ці­кава. А вось калі дабавіць адметны факт, які раскрывае чалавека не толькі як прафесіянала, але і як клапатлівага кіраўніка, гаспадара, уважлівага тату, мужа, то тады фотаздымкі на стэндах нібыта ажываюць”.

— Першых наведвальнікаў абноўлены музей прыняў 29 верасня 1999 года. Да гэтага ў старым будынку школы размяшчаўся музейны пакой. Экспанаты для яго збіралі настаўнікі, вучні, бацькі. Нешта перавезлі адтуль, аднак большая частка музейных прадметаў знойдзена за апошнія 20 гадоў. Узначаліць музей мне прапанаваў тагачасны дырэктар Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі. Пачынаць было цяжка, бо, акрамя стэндаў і фотаздымкаў на іх, у музеі не было практычна ніякіх матэрыялаў. Першае, з чаго я пачала, — стварыла аглядную экскурсію. Дзяўчынкі хутка вывучылі тэкст, і ўжо праз месяц мы прынялі першых наведвальнікаў. Цяпер экспазіцыя складаецца з 8 раздзелаў і 47 стэндаў, — адзначыла Рамуальда Іосіфаўна.

Калегі Р.І.Ануфрыевай каля макета будынка школы.

Уражальныя лічбы: больш за 50 экскурсій, 47 стэндаў (рыхтуюцца ўжо і 48-ы, і 49-ы), ды і коль­касць экспанатаў немалая — больш за 2 тысячы. Але вернемся да экскурсій. Яны розныя як па тэматыцы, так і па працягласці, форме правядзення. Ёсць індывідуальныя, але ў асноўным разлічаны на групу экс­курсаводаў, паколькі вялікі тэкст дзецям цяжка завуч­ваць. “Калі складаю экскурсію, стараюся, каб там абавязкова быў цікавы эпізод. Таму што проста слухаць біяграфію дырэктара, настаўніка, выпуск­ніка не вельмі цікава, — дзеліцца загадчык музея. — А вось калі дабавіць адметны факт, які раскрывае чалавека не толькі як прафесіянала, але і як клапатлівага кіраўніка, гаспадара, уважлівага тату, мужа, то тады фотаздымкі на стэндах нібыта ажываюць”. Напрыклад, пра Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага, які, на жаль, у мінулым годзе пайшоў з жыцця, Рамуальда Іосіфаўна можа расказваць вельмі доўга. Стэнд “Яго імя носіць школа” быў так названы невыпадкова. Цяпер афармляецца неабходная дакументацыя, каб на­даць сярэдняй школе № 1 Ашмян імя гэтага вядомага чалавека, які пакінуў надзвычай яркі след як у жыцці ўстановы адукацыі, так і ў жыцці тысяч сваіх выхаванцаў, соцень калег (на момант выхаду гэтага нумара газеты школе  ўжо нада­дзена імя М.М.Гружэўскага Заўв. аўт.).

— Гэта быў незвычайны чалавек, які кіраваў нашай установай больш за 30 гадоў. Кожны дзень, калі іду ў школу, абавязкова яго ўспа­мінаю. Ён адыграў вялікую ролю ў маім жыцці. Менавіта дзякуючы яму я і пачала займацца краязнаў­ствам. Ён узначаліў школу ў 1987 го­дзе. На яго адразу навалілася шмат спраў, таму што патрабаваўся рамонт, у школе не было сталовай. А ў 1990 годзе пачалося ўзвядзенне новага будынка. Не самы спрыяльны для гэтага час. Толькі праз 7 гадоў будаўніцтва было завершана. Ён быў уважлівы, клапатлівы. Аднойчы патэлефанаваў па справе і пытае, чаму ў мяне такі сумны голас. Кажу, што прыхварэла. Ён адразу: “Хуткую” выклікалі?” Кажу, што не. Праз хвілін 20 званок у дзверы, а там стаіць фельчар “хуткай дапамогі”. Кажа: “Званіў ваш Гружэўскі”. Мне памералі ціск, ён быў высокі, зрабілі ўкол. Міхаіл Мар’янавіч быў вельмі паважаным чалавекам, умеў гаварыць як з чыноўнікамі высокага рангу, так і з простымі людзьмі, — паведаміла педагог.

Юныя экскурсаводы з гербам музея.

Такіх цікавых фактаў нават падчас агляднай экскурсіі гучыць вялікае мноства. Пачынаецца экскурсія з аповеду пра гісторыю развіцця адукацыі на Ашмяншчыне з XV стагоддзя. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў першага раз­дзела — “Зборнік алгебраічных задач” 1911 года. Цікавасць уяўляюць фотаздымкі навучэнцаў Ашмянскай сельскагаспадарчай школы 1939 года, выпускнікоў Ашмянскага педагагічнага вучылішча 1947 і 1957 гадоў. На першым стэн­дзе другога раздзела “Старонкі школьнага жыцця” змешчана копія здымка, зробленага 1 верасня 1929 года, на якім можна ўбачыць дырэктара Яна Канечнага са сцягам школы. Дарэчы, з 1929 года сярэдняя школа № 1 Ашмян і пачынае адлік сваёй гісторыі. Нескладана падлічыць, што сёлета ёй споўнілася 90 гадоў. Яшчэ адна юбілейная дата звязана з музеем — яму 20 гадоў.

“Апавядаючы пра жыццё знакамітых выпускнікоў, ветэранаў педагагічнай працы, мы выхоўваем сённяшніх вучняў. Сама гісторыя школы выхоўвае. Калі знаёмішся з дзейнасцю вакальных і танцавальных калектываў, пачынаеш далучацца да народнай творчасці. Знаёмства з біяграфіяй выпускнікоў — гэта выдатная прафарыентацыйная работа”.

— У 1939 годзе, калі адбылося ўз’яднанне Беларусі, школа пачала працаваць на беларускай мове. Завучам быў Якаў Міхайлавіч Цукерзіс. Падчас вайны ён працаваў у Туркменістане энтамолагам. Адразу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе вярнуўся ў Ашмяны і да 1954 года ўзначальваў школу. Падчас вайны будынак моцна пацярпеў, але Якаў Міхайлавіч быў чалавек актыўны, з дапамогай мясцовых улад школу хутка адрамантавалі, і ўжо 1 верасня 1944 года тут пачаліся заняткі. Адраджалася камсамольская, піянерская арганізацыя. Яшчэ школа была культурным цэнтрам, тут ставіліся п’есы па творах класікаў, працаваў нават тэатр лялек. Вось фотаздымак першага пасляваеннага выпуску 1946 года, 7 чалавек. У пасляваенны час у школе працавала мая свякроў Марыя Герасімаўна Ануфрыева. Так што гісторыя школы — гэта яшчэ і гісторыя маёй сям’і — па­дзялілася Рамуальда Іосіфаўна.

Сярод вялікай колькасці экспанатаў складана вылучыць найбольш каштоўны, бо кожны па-свойму ўнікальны. Але ўсё ж ёсць прадмет, які прыцягвае ўвагу кожнага наведвальніка — гэта старонкі з сшытка вучаніцы 2 “Б” класа Альміры Якубоўскай. Паглядзіце на фотаздымак. Гэта ж не проста почырк — гэта сапраўдны твор мастацтва, эталон чыстапісання. 47 стэндаў расказваюць пра развіццё адукацыі на Ашмяншчыне, пра школьнае жыццё, дзейнасць маладзёжных арганізацый, пра ўзорныя калектывы, настаўнікаў, выпускнікоў, спартыўнае жыццё школы, пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Сотні імёнаў, сотні лёсаў, і пра кожны Рамуальда Іосіфаўна можа раска­зваць гадзінамі.

Сшытак вучаніцы 2 класа А.Якубоўскай.

Здзіўляешся актыўнасці, няўрымслівасці жанчыны, асабліва калі ўлічыць, што яна адзін з найстарэйшых педагогаў-краязнаўцаў краіны. Так што краязнаўства — гэта заўсёды маладосць душы. А дзе мала­досць, там абавязкова вершы. Дзясяткі твораў педагог прысвяціла сваім калегам, вучням, роднаму краю. Урыўкі з гэтых твораў зачыт­ваюцца падчас экскурсій, робяць іх больш арыгінальнымі і цікавымі. “Настаўнік — асветнік душы чалавечай. // Ён сонечны промень на нашай зямлі”. Гэтыя словы з верша “Гімн настаўніку”, які стаў гімнам школы і заўсёды выконваецца напярэдадні жнівеньскіх педагагічных нарад, падчас агульнашкольных ме­рапрыем­стваў. “Вось ізноў іду я да вас, // Мой гарэзлівы шосты клас… Будзьце добрымі, працу любіце, // З мовай матчынай, з песняй дружыце, — // Так жадаю я кожнаму з вас, // Неслухмяны мой шосты клас”. А гэтыя радкі Рамуальда Іосіфаўна прысвяціла свайму адзінаму класу, дзе яна была класным кіраўніком. “І Андрэйку, і Алега, і Віталя, і Надзейку” жанчына абавязкова ўзгадвае, калі расказвае пра выпускнікоў школы.

— Калі Міхаіл Мар’я­навіч прапанаваў мне кіраваць музеем і сказаў, што яго тэматыка — гісторыя школы, я спачатку хвалявалася, бо тут вялікае поле для краязнаўчай дзейнасці. Міхаіл Мар’янавіч часта падкрэсліваў, што, апавядаючы пра жыццё знакамітых выпускнікоў, ветэранаў педагагічнай працы, мы выхоўваем сённяшніх вучняў. Сама гісторыя школы выхоўвае. Калі знаёмішся з дзейнасцю вакальных і танцавальных калектываў, пачынаеш далучацца да народнай творчасці. Знаёмства з біяграфіяй выпускнікоў — гэта выдатная прафарыентацыйная работа, — падзялілася Рамуальда Іосіфаўна.

Вывучэнне гісторыі ўстановы адукацыі — цудоўная магчымасць увайсці ў дзівосны свет краязнаўства і застацца там на ўсё жыццё. У свет краязнаўства Рамуальда Іосіфаўна ўвайшла ўжо ў сталым узросце і настолькі захапілася краязнаўчай справай, што яе апантанасці па-добраму зайздросцяць калегі. Гісторыя школы — гэта шырокая краязнаўчая дарога, на якой ніколі не бывае сумна.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.