Вывучаюць гісторыю цікава

Гістарычны квест і віртуальная экскурсія аб’ядналі разам у перыяд асенніх канікул навучэнцаў сярэдніх школ №№ 1 і 2 Магілёва.

Тэматычны квест быў распрацаваны па маршрутах мікразоны дзвюх устаноў адукацыі. Пасля яго праходжання дзяцей чакала цікавая 3D-экскурсія. У гульнявой форме з выкарыстаннем тэхналогіі “старэйшы навучае малодшага” вучні 1—5 класаў змаглі падрабязна азнаёміцца з традыцыямі Магілёўшчыны, слаўным гістарычным мінулым роднага горада.

Адметна, што мерапрыемства праходзіла ў рамках абласной акцыі “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” і гарадскога праекта “Дарогамі дабра і прыгажосці”. Мэта гэтай гарадской ініцыятывы — распрацоўка ўстановамі адукацыі культурна-пазнавальных маршрутаў, якія праходзяць па тэрыторыі іх мікрараёнаў. Праект, які ажыццяўляецца з 2018 года, адразу знайшоў водгук сярод вучнёўскіх і педагагічных калектываў. Да яго рэалізацыі падключыліся ўсе гарадскія ўстановы агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі.

Паўсюдна была арганізавана маштабная пошукава-даследчая работа навучэнцаў. Разам з педагогамі дзеці шукалі новыя звесткі аб гістарычных па­дзеях, памятных мясцінах, прыродных і архітэктурных славутасцях, абгрунтоўвалі ўнікальнасць і значнасць культурнай спадчыны сваіх мікрараёнаў. За некалькі гадоў у кожнай навучальнай установе здолелі распрацаваць сваю ўнікальную дарогу дабра і прыгажосці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены сярэдняй школай № 2 Магілёва.