Вывучаюць культуру роднага краю

У Маларыцкай раённай гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

У рамках праекта педагогі-інаватары з зацікаўленымі вучнямі стварылі 8 мастацкіх студый, дзе яны разам вучацца працаваць па тэхналогіі event-менеджменту і спрабуюць сябе ў ролі фотарэпарцёраў, журналістаў, касцюмераў, арганізатараў свят, сцэнарыстаў, рэжысёраў мерапрыемстваў і інш.

Кожная мастацкая студыя робіць першыя, але ўпэўненыя крокі. Так, “Крынічка” пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Аксянюк працуе над даследаваннем “Вывучэнне культуры роднага краю як сродку творчай самарэалізацыі асобы ў прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнага напрамку”. Педагог з вучнямі наведала Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці, дзе яго дырэктар Валянціна Струнец правяла экскурсію і расказала пра розныя строі адзення і арнаменты на ім. Дзеці даведаліся, што, напрыклад, сонца і зямля з’яўляюцца сімваламі душы чалавека і яго сям’і. Асаблівую ўвагу дырэктар звярнула на галоўны знак арнаменту — крыжык, вытканы ў розных варыянтах і з розным мастацкім аздабленнем. Прыемным сюрпрызам стала сустрэча з майстрам Антонам Талашкам, які вышывае крыжыкам на швейнай машынцы: пераносіць старадаўні маларыцкі арнамент на сучаснае адзенне.
Акрамя таго, Валянціна Струнец правяла для вучняў майстар-класы па завязванні хустак і ткацтве ўзораў на маларыцкіх касцюмах.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.