У неабходнасці валодання замежнай мовай сёння не трэба нікога пераконваць, доказы штодзень прыводзіць само жыццё. Камфортна існаваць ва ўмовах глабалізацыі можа толькі чалавек, для якога камунікацыя не становіцца праблемай. Таму авалоданню мовамі і асабліва камунікатыўнаму аспекту іх вывучэння ўдзяляецца шмат увагі ў навучальных установах. Для таго каб вучні cтанавіліся паўнавартаснымі карыстальнікамі мовы, якую вывучаюць, каб свабодна адчувалі сябе ў розных моўных сітуацыях, прымяняюцца розныя метады навучання. Сярод іх і сустрэчы з носьбітамі мовы. Так, нядаўна ў некалькіх навучальных установах Мінскай вобласці прайшлі заняткі з выкладчыкам з ЗША.
Выкладчык англійскай мовы стыпендыят праграмы дзяржаўнага дэпартамента ЗША Кларк Эрвін-Біланэс правяла тры ўрокі ў Дзяржынску, Салігорску і Жодзіне. Гэтыя сустрэчы арганізаваны Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі пры падтрымцы аддзела адукацыі і культуры Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
Установы, дзе прайшлі заняткі, былі выбраны невыпадкова. Навучэнцы і педагогі гэтых школ і гімназіі ганарацца асаблівымі дасягненнямі менавіта ў вывучэнні англійскай мовы. Так, вучань гімназіі Дзяржынска Кірыл Чарвонны ў мінулым навучальным годзе стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па англійскай мове. У сярэдняй школе № 6 Жодзіна вучыцца Уладзіслаў Катоўскі — пераможца рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па прадмеце. А сярэдняя школа № 4 Салігорска трапіла сёлета дзякуючы сваім вучням і іх педагогам у спіс лепшых устаноў па выніках ЦТ па англійскай мове. Таму арганізаваныя заняткі з носьбітам мовы — гэта своеасаблівая падтрымка, стымул для далейшага руху наперад у гэтай справе. Першай госцю прымала гімназія Дзяржынска. Тут даўно зразумелі, што такія заняткі прыносяць карысць, і стараюцца шукаць і наладжваць кантакты з замежнымі педагогамі. “Мы ў гімназіі ўдзяляем вялікую ўвагу моўнай падрыхтоўцы навучэнцаў і рады, што можам даваць ім высокі ўзровень ведаў. Мы прапагандуем адкрытасць, імкненне да зносін, таму заўсёды радуемся, калі дзеці маюць магчымасць пазнаёміцца з носьбітамі мовы, — кажа Галіна Яўгенаўна Мігура, намеснік дырэктара гімназіі Дзяржынска. — Гэта вельмі важна для павышэння матывацыі. Калі дзіця сустракае амерыканца ці брытанца і разумее, пра што той вядзе гаворку па-англійску, то гэта нярэдка становіцца своеасаблівым “адкрыццём”, дзіця адчувае асалоду ад таго, што столькі вывучыла, ганарыцца сабою. Гэта павышае цікавасць да прадмета і жаданне яго вывучаць”.
Кларк Эрвін-Біланэс прапанавала дзецям узгадаць, што нядаўна адзначаўся Міжнародны дзень пісьменнасці, і прысвяціць урок гэтай тэме. Разам з педагогам гімназісты чыталі ўрыўкі з кнігі, абмяркоўвалі яе змест, а таксама складалі ўласныя вершы. У работу з задавальненнем уключыліся і настаўнікі гімназіі, якія таксама наведалі ўрок. На пытанні адказвалі не толькі вучні, але і сама выкладчык. Напрыканцы ўрок пераўтварыўся ў жывую гутарку, хлопчыкі і дзяўчаты пыталіся ў Кларк, ці падабаецца ёй Беларусь, якое ўражанне ў яе пакінулі дранікі, якімі яна ўяўляла беларусаў да прыезду ў краіну.
“Гэта заўсёды нерэальны вопыт, — падзялілася пасля ўрока сваімі думкамі вучаніца Настасся Тумель, — у нашай гімназіі такія сустрэчы заўсёды карыстаюцца вялікім попытам, усе стараюцца на іх патрапіць. Зразумела, адна сустрэча не можа кардынальна змяніць твае веды, тваё вымаўленне, але можа даць табе разуменне, на што звярнуць увагу і над чым яшчэ папрацаваць”.
Заняткі накшталт тых, што правяла Кларк Эрвін-Біланэс, нярэдкая практыка ў Мінскай вобласці. Тут вялікая ўвага ўдзяляецца менавіта жывым зносінам на замежнай мове для яе вывучэння. Арганізоўваецца скайп-сустрэчы, інтэрнэт-праекты не толькі на англійскай, але і на іншых мовах. “Каб удасканальваць камунікатыўныя навыкі навучэнцаў, ім прапаноўваецца розныя магчымасці, — расказвае Наталля Казіміраўна Радзевіч, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела замежных моў МАІРА. — Акрамя сустрэч з носьбітамі мовы, сталі традыцыйнымі “масты” англійскай мовы і культуры, якія ладзяцца ва Уздзе разам з клубамі ЮНЕСКА. Кожнае лета высокаматываваныя вучні запрашаюцца ў абласны лінгвістычны лагер у Маладзечне, дзе ўсе зносіны здзяйсняюцца на англійскай мове, у якасці важатых выступаюць студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта, а ў раскладзе дня абавязкова значацца заняткі па мове”.
Сустрэчы з носьбітамі мовы арганізоўваюцца як для вучняў, так і для настаўнікаў. На жаль, не кожны настаўнік замежнай мовы можа паехаць на стажыроўку ці ў падарожжа за мяжу, каб трапіць у пэўнае моўнае асяроддзе. А педагогам вельмі карысна “дакрануцца” да культуры людзей, якія размаўляюць на мове, якая выкладаецца, сутыкнуцца з моўнымі задачамі, вырашаць якія настаўнікі вучаць дзяцей. Таму сустрэчы з носьбітамі мовы арганізоўваюцца падчас курсаў павышэння кваліфікацыі ў МАІРА і ва ўстановах адукацыі. Выкарыстоўваюцца розныя формы работы — лекцыі, семінары і проста нефармальныя гутаркі. Так, напрыклад, Эндру Вуд, прафесар школы кіравання бізнесам і тэхналогіямі ў ЗША, расказаў падчас такой сустрэчы беларускім педагогам пра шашу 66 — адну з найбольш вядомых гістарычных аўтамагістралей Злучаных Штатаў. Аб краявідах, мястэчках і таямніцах гэтага папулярнага турыстычнага маршруту ён не толькі распавёў, але і праспяваў, расказаў вершы. Наогул, гэтая сустрэча больш была падобная на размову даўніх сяброў, чым на дзелавую сустрэчу калег. Цікавай практыкай для педагогаў Міншчыны стаў удзел у серыі вэбінараў. 13 настаўнікаў англійскай мовы ў мінулым навучальным годзе разам з калегамі — выкладчыкамі мовы з усяго свету, а таксама з педагогамі ўніверсітэтаў ЗША мелі магчымасць пагаварыць па-англійску і абмеркаваць метадычныя аспекты выкладання прадмета.
Дарэчы, носьбіты не толькі англійскай мовы праводзяць заняткі і сустрэчы з навучэнцамі і педагогамі Міншчыны. Так, узмацняецца ўзаемадзеянне з тымі, для каго родная мова кітайская. Такая практыка ўжо прымяняецца ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, гімназіі № 6 Маладзечна, згаданай вышэй гімназіі Дзяржынска, а таксама гімназіі Смалявіч. Для апошняга населенага пункта гэта асабліва актуальна, улічваючы, што ў раёне будуецца кітайска-беларускі індустрыяльны парк.
Усе гэтыя крокі даюць свае вынікі. Дзеці сталі больш упэўнена мець зносіны на замежных мовах. Пацвярджэнне гэтага — рост колькасці міжнародных праектаў, у якіх удзельнічаюць навучэнцы ўстаноў адукацыі. Адметна, што гаворка ідзе не толькі аб гімназіях і ліцэях, але і аб звычайных школах. Высокі ўзровень валодання мовамі беларускіх школьнікаў і гімназістаў адзначаюць і замежныя госці, якія з імі сустракаюцца. Веданне моў карыснае для вучняў сёння, дапаможа ім і ў далейшым. Дзеці адкрываюцца новым ведам, а перад імі адкрываецца цэлы свет.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.