Вывучыць адну песню — перамога

Праект нашай газеты і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Арт-вакацыі”: галерэя творцаў” стартаваў у 2015 годзе. З таго часу журналісты “Настаўніцкай газеты” пабывалі ў самых розных куточках Беларусі. Ваўкавыск, Мсціслаў, Паставы, Полацк, Вілейка, Ашмяны, Лельчыцы — усюды нас сустракалі таленавітыя і працавітыя педагогі, цікаўныя і ініцыятыўныя навучэнцы. Кіраўнікі калектываў расказвалі пра свае творчыя лёсы і крыніцы натхнення, дзяліліся педагагічнымі прыёмамі і проста шчырымі парадамі.

У 2015 годзе рубрыку адкрывала інтэрв’ю Алега Іванавіча Лебедзева — кіраўніка народнага хору “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці. Цяпер, калі надышоў час развітвацца з нашымі героямі і чытачамі, мы вырашылі зноў вярнуцца ў Пінск, у той самы каледж. Ды на гэты раз — да сына Алега Іванавіча. Сёння ў апошнім выпуску рубрыкі — кіраўнік народнай студыі эстраднай песні Уладзімір Алегавіч Лебедзеў.

У.А.Лебедзеў.

Ад белага тульскага баянчыка…

Пра музычныя карані сям’і Лебедзевых Алег Іванавіч ужо расказваў у нашым праекце — яго мама іграла на асецінскім гармоніку, бацька спяваў казацкія песні. Яго сын, Ула­дзімір Алегавіч, які рос на Палессі, меў магчымасць пачуць яшчэ і беларускую народную песню. А яшчэ быў рэгулярным слухачом у бацькі. Недзе ў сямейным архіве нават здымак захаваўся: пакуль Алег Іванавіч рыхтаваў праграмы да заняткаў у вучылішчы, 8-месячны сын сядзеў побач і з усіх сіл барабаніў лыжкай — відаць, дапамагаў! З такога змяшэння народных песень і рэпетыцый таты-баяніста і ўтвараліся яго ўяўленні пра музычную культуру.

— Бацькі ніколі не прымушалі займацца музыкай, — расказвае Уладзімір Алегавіч. — Я паспеў паспрабаваць сябе ў лёгкай атлетыцы, займаўся аўта-, авія- і суднамадэляваннем. Нават на танцы пачынаў хадзіць. Але ў выніку ўсё роўна захацеў у музычную школу і стаў вучыцца іграць на баяне — белым тульскім баянчыку, які ўжо стаў сямейнай рэліквіяй.

Настаўнік дагэтуль памятае, як сядзеў з інструментам ля адчыненага акна і рэпеціраваў, пакуль у двары хлопцы ганялі ў футбол. Але кінуць заняткі і таксама пабегчы за мячом не хацелася, бо ўсё жыццё даўно сканцэнтравалася вакол музыкі.

— У мяне былі сябры, якія падзялялі мае інтарэсы — мы разам ігралі ў трыа баяністаў. Была цудоўная настаўніца — Надзея Трафімаўна Буць­ко. Так атрымалася, што я вучыўся ў яе 10 гадоў! Спачатку яна прыняла мяне ў музычную ­школу, пасля сканчэння яшчэ год, пакуль я давучваўся ў агульнаадукацыйнай школе, рыхтавала да паступлення ў музычнае вучылішча, а калі я паступіў, яна таксама праца­вала там: запрасілі ­выкладаць.

Усё гэта, ды яшчэ сямейная любоў да музыкі, і вызначыла шлях Ула­дзіміра Алегавіча. На першую канцэртмайстарскую практыку ён прыйшоў у вучылішча — дапамагаць бацьку. Днём акампаніраваў “Крынічаньцы”, а па вечарах кіраваў апаратурай падчас дыскатэк. І нават да такой, здавалася б, ­простай працы ставіўся з цікавасцю.

Выступленне салісткі дапаўняе дэманстрацыя вопраткі.

— Ведаеце, як гэта было ў 90-я гады — магнітафон і пульт. А ў нас яшчэ і святламузыка была — ладзілі лепшыя дыскатэкі ў горадзе! — смяецца педагог.

Дзякуючы тагачаснаму дырэктару кале­джа Уладзіміру Мінавічу Галкіну, які падтрымліваў самыя амбіцыйныя задумы хору і студыі, у іх з’явілася і першая ў горадзе “Ямаха” — не будзеш жа сучасныя песні выконваць пад баян! Бацька з сынам асвоілі гуказапіс, рыхтавалі фана­грамы для выступленняў. (Падчас інтэрв’ю нават правялі для мяне маленькі майстар-клас.) А калі з’явілася першая камера — пачалі здымаць цэлыя фільмы пра каледж. У той час гэта выклікала захапленне і ў навучэнцаў, і ў гасцей. Гэтае хобі захавалася ва Уладзіміра Алегавіча і сёння.

…праз упартую працу…

Дзякуючы сумеснай творчасці бацькі і сына, навучэнцы каледжа знаёмяцца і з народнай, і з сучаснай культурай. З першых дзён вучобы яны трапляюць на праслухоўванне да Алега Іванавіча і Уладзіміра Алегавіча, і з гэтага моманту пачынаецца іх пагружэнне ў музыку, якое для многіх не скончыцца ніколі.

— Праслухоўванне — гэта сапраўды вельмі эфектыўна, — падкрэсліла педагог-арганізатар Алена Віктараўна Салівон. — Я таксама далучаюся да іх, каб пазнаёміцца з першакурснікамі, знайсці актыўных і зацікаўленых навучэнцаў, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемствах каледжа.

Калі ў хоры звычайна займаецца каля 40 навучэнцаў, то ў студыю эстраднай песні трапляе каля 15 чалавек.

— Мы адбіраем лепшых, бо калі спя­ваеш сольна, то любая памылка ­адразу “лезе ў вуха”, — тлумачыць такую патрабавальнасць да сваіх выхаванцаў Уладзімір Алегавіч. — Але гэта не зна­чыць, што мы не даём навучэнцам паспрабаваць сябе.

Прыйсці на заняткі можа кожны — каб спець і атрымаць аб’ектыўную ацэнку, каб паслухаць, як займаюцца іншыя, і паспрабаваць паўтарыць. Упартасць і стараннасць часам даюць лепшыя вынікі, чым прыродны талент.

Часта ў студыі можна заўважыць такую карціну: дзяўчынкі стаяць па кутах і спява­юць адну і тую ж песню. Не падумайце, гэта не
пакаранне. Проста так кожная можа пачуць свой голас, заўважыць і выправіць памылкі.

Падчас “АРТ-вакацый”

Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчыца аддзела сацыя­культурных праектаў і ма­ладзёжных ініцыя­тыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:

На працягу амаль 20 гадоў рэспубліканскі фестываль “Арт-вакацыі” дазваляе творчым калектывам навучэнцаў дэманстраваць свае навыкі і дасягненні. Мы ведаем, што за кожным з іх стаяць яркія асобы — і саміх выканаўцаў, і іх кіраўнікоў. Таму ў 2015 годзе па выніках рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі” мы пачалі інфармацыйна-метадычны праект “Галерэя творцаў”.

Ён стаў своеасаблівай пляцоўкай для прадастаўлення перадавога педагагічнага вопыту і падтрымкі творчых ініцыятыў, імпульсам для далейшай плённай працы. Журналісты “Настаўніцкай газеты” збіралі творчыя ўспаміны, задумкі і памкненні, каб скласці сапраўдную анталогію мастацкай творчасці пераможцаў рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”, шматгадовы творчы вопыт якіх заслугоўвае самай высокай ацэнкі і прызнання.

Паважаныя ўдзельнікі праекта “Арт-вакацыі”: галерэя творцаў”, дазвольце выказаць словы глыбокай падзякі кожнаму кіраўніку творчага аб’яднання за складаную і адказную працу, за адданасць прафесіі, дабрыню, увагу і любоў да навучэнцаў. Ваша добрасумленная праца, адданасць сваёй прафесіі спрыяюць захаванню культурнай спадчыны, умацаванню сувязей паміж пакаленнямі і развіццю мастацкіх традыцый Беларусі.

Наперадзе новыя праекты, новыя ідэі, новыя творцы, якія ўпрыгожаць “Галерэю творцаў” яркім ззяннем у сузор’і лепшых імёнаў краіны.

Праз год Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці адзначыць 50-годдзе. Паўстагоддзя ён рыхтуе работнікаў швейнай прамысловасці для прадпрыемст­ваў рэгіёна. Выпускнікі каледжа становяцца су­працоўнікамі ААТ “Палессе”, мэблевай фабрыкі “Пінскдрэў-Адрыяна”. Запатрабаваны яны і на сталічных прадпрыемствах “Элема” і “Галантэя”, салігорскай фабрыцы “Калінка”.

Таксама ў каледжы можна атрымаць прафесію цырульніка. Тут працуе вучэбная майстэрня, дзе навучэнцы трэніруюць свае навыкі на практыцы, і жыхары горада ахвотна яе наведваюць. 

Ёсць сярод абітурыентаў запыт і на спецыяльнасць аператара электронна-вылічальных машын. Для іх тут таксама ствараюць усе ўмовы — рэгулярна абнаўляюць парк камп’ютараў і ноўтбукаў.

Усе без выключэння навучэнцы наведваюць гурткі і спартыўныя секцыі. Выбраць можна любое з 22 аб’яднанняў па інтарэсах.

Знайсці свае хібы дапамагае і запіс голасу. Уладзімір Іванавіч запісвае рэпетыцыі сваіх вучаніц, каб пасля схаваць музыку і даць ім паслухаць “голы” голас. Лепшага сродку паказаць памылкі і не прыдумаеш.

— Тыя, хто займаецца і ў хоры, і ў студыі, спяваюць штодзень, — падкрэсліў педагог. — Гэта як трэніроўкі для спартсменаў — навучэнцы напрацоўваюць навык. У нас ёсць такое правіла: за першы год яны развучваюць толькі адну-дзве песні. Але робяць гэта так, каб іх прыняла зала.

Далей рэпертуар расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Той, хто авалодаў асновамі (навучыўся карыстацца голасам, прыгожа рухацца на сцэне і наладжваць эмацыянальны кантакт з гледачом) і выдатна выконвае адну песню на 1-м курсе,
на 2-м можа асвоіць і дваццаць.

— Увесь гэты час нашы салісты выступаюць у ­складзе хору — гэта дапамагае прывыкнуць да сцэны: разам не так страшна выходзіць да публікі, — тлума­чыць Уладзімір Алегавіч. — З часам пачынаюць выступаць на мера­прыемствах каледжа, пасля — падчас праф­арыентацыйных паездак у школы. Там яны больш разняволеныя, бо сярод гледачоў няма сяброў і аднагрупнікаў, якіх некаторыя, можа, саромеюцца. Калі нумар цалкам гатовы, паказваем яго падчас канцэртаў на прадпрыемствах і гарадскіх святах.

На першых выступленнях педагог запісвае не толькі гук, але і відэа, бо часта дэбютант хвалюецца (ці, наадварот, цалкам аддаецца музыцы) і не заўважае недарэчных рухаў, скаванасці ці іншых памылак. Таму пасля разам з педагогам “свежым вокам” праглядае свой нумар, асобныя моманты адпрацоўвае перад люстэркам.

— Нешта можам падгледзець у артыстаў, чые вобразы блізкія навучэнцам. Калі толькі вучышся, няма нічога дрэннага ў тым, каб пераймаць лепшае, — дадае Уладзімір Алегавіч.

…да каштоўных дасягненняў

Асабліва радуе педагогаў, калі з цягам рэпетыцый у навучэнцаў фарміруецца сваё сцэнічнае “я”.

— Мы назіраем, як яны сталеюць, пачынаюць па-іншаму ставіцца да заняткаў і выступленняў, — расказвае Уладзімір Алегавіч. — Да нас яны прыходзяць падлеткамі, несфарміраванымі нават анатамічна: яшчэ мяняюцца голас, тэмбр, афарбоўка. І ўжо тут становяцца дарослымі. Вельмі заў­важна, напрыклад, калі першае каханне з’яўляецца — зусім іншыя эмоцыі ў выкананні, навучэнцы пачынаюць адчуваць, асэн­соўваць, што спяваюць.

Педагогі ведаюць не толькі пра сардэчныя справы, але і пра вучобу, вольны час, сям’ю сваіх вучняў. Бо ў калектывах (дакладней — калектыве: хор і студыю падзяліць немагчыма) асаблівыя сяброўскія адносіны, агульны творчы настрой апантаных адной справай падлеткаў і дарослых.

— У гэтым, я думаю, спецыфіка сама­дзейнасці: у нас няма зносін “настаўнік — вучань”, няма журналаў і адзнак. Дзеці ­пры­ходзяць і застаюцца, калі ім цікава і ўтуль­на,  — падсумаваў Уладзімір Алегавіч.

— А мы працуем, каб падтрымаць іх імкненне вырвацца са свайго будзённага жыцця і дасягнуць нечага большага, — скончыў яго думку Алег Іванавіч.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва студыі эстраднай песні.