Выяўленчае мастацтва як сродак карэкцыі

- 10:54Спецыяльная адукацыя

Пад тэрмінам “дробная маторыка” разумеюць тонкія і дакладныя рухі кісцей і пальцаў рук. Дробная маторыка — аснова развіцця, “лакаматыў” усіх псіхічных працэсаў (успрыманне, увага, памяць, мысленне, маўленне). Фарміраванне рухаў у кісці цесна звязана з выспяваннем рухальнага аналізатара, развіццём зрокавага і слыхавога аналізатара, а таксама з каардынацыяй рухаў, прасторавай арыенціроўкай. У дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю з дзіцячага ўзросту назіраецца запаволенае развіццё рухальнай сферы, у тым ліку і дробнай маторыкі.

Рухі рукі ў дзіцяці, якое нармальна развіваецца, да 3—4 гадоў у значнай ступені сфарміраваны, хаця яшчэ недастаткова скаардынаваны. Дзеянні, якія дзіця здзяйсняе, як правіла, няўпэўненыя, скаваныя, недакладныя. З узростам адбываецца рэзкае паскарэнне тэмпаў развіцця складаных рухальных навыкаў. У дзяцей 6—7 гадоў гэты працэс адбываецца ў 4,5 разу хутчэй, чым у дзяцей 3—4 гадоў. Дзіця, якое мае даволі развітыя дыферэнцыраваныя рухі пальцаў рук, умеюць лагічна разважаць, у яго адзначаецца ўстойлівая ўвага, добрая памяць і звязнае маўленне.Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю значна пазней за сваіх равеснікаў пачынаюць цягнуцца да цацкі, якая вісіць перад ім, сядзець, стаяць, перамяшчацца ў прасторы. Рухі іх часта нязграбныя, дрэнна скаардынаваныя, празмерна запаволеныя або, наадварот, імпульсіўныя. Яны не ўмеюць рабіць дакладныя, узгодненыя рухі, кантраляваць і рэгуляваць іх сілу, хуткасць, рытм. У іх парушаны тонкія, дыферэнцыраваныя рухі пальцаў і кісцей рук. Гэта асабліва відаць у такіх відах дзейнасці, як ручная праца, маляванне, лепка, работа з дробнымі дэталямі (мазаікай, канструктарам, пазламі), а таксама пры выкананні бытавых маніпулятарных дзеянняў: шнуроўка, зашпільванне і расшпільванне гузікаў, завязванне бантаў, пляценне косак, зашпільванне запанак, аплікоў і інш., г.зн. навыкаў самаабслугоўвання.
У малодшых школьнікаў, акрамя таго, недасканаласць тонкай дробнай каардынацыі кісцей і пальцаў рук стрымлівае развіццё некаторых відаў гульнявой дзейнасці, ускладняе авалодванне пісьмом і шэрагам іншых вучэбных і працоўных навыкаў, а ў далейшым можа стаць перашкодай у авалоданні жаданай прафесіяй. Усё гэта абумоўлівае неабходнасць мэтанакіраванай работы па карэкцыі і развіцці тонкіх каардынаваных рухаў рук і ручной спрытнасці ў цэлым у дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.
Адной з эфектыўных форм развіцця дробнай маторыкі рук у навучэнцаў пачатковых класаў з’яўляюцца ўрокі па выяўленчай дзейнасці. Маляванне ў гэтым выпадку разглядаецца і як сродак педагагічнага ўздзеяння, і як сродак псіхолага-педагагічнага вывучэння дзіцяці, і як сродак вызначэння ступені інтэлектуальнай недастатковасці.
Для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю на ўроках выяўленчай дзейнасці характэрны наступныя асаблівасці, звязаныя з недаразвіццём дробнай маторыкі:
* Навучэнцы доўга не могуць засяродзіцца на паслядоўнасці выканання аперацый, іх рухі нязграбныя, мітуслівыя, хаатычныя, пальцы рук непаслухмяныя. Правая рука, як правіла, апярэджвае дзеянні левай, што вядзе да няўзгодненасці рухаў.
* Вялікія цяжкасці выяўляюцца ў навучэнцаў пры рабоце з нажніцамі. Яны не ведаюць і не прытрымліваюцца асноўных правіл гэтай работы, у большасці назіраецца няправільная хватка нажніц, дзеці не ўмеюць правільна рэзаць паперу па намечаных лініях разметкі, часта мінаюць яе, закрываць лязо нажніц у працэсе рэзання, не выконваючы правілы бяспекі работы.
* Недастатковасць ручных уменняў і навыкаў у навучэнцаў выяўляецца ў рабоце з фарбамі і пэндзлем. Вучні бяруць на пэндзаль шмат фарбы, наносяць фарбу вялікім слоем. Карыстанне пэндзлем няўмелае: дзеці не могуць маляваць канцом, усім пэндзлем, свабодна рухаць ім у розных напрамках, не могуць арыентавацца на лісце паперы. Назіраецца цяга да рытмічных, паўторных рухаў, невыкананне раўнамернасці ўзораў па велічыні форм, па адлегласці паміж імі.
* Лінейка мяняе сваё зыходнае становішча, часта не праходзіць праз намечаныя пункты, замест намечанай лініі, атрымліваецца “ступеньчатая”.
* Не адбываецца дакладнае супадзенне следу і згібу паперы з лініямі разметкі алоўкам. Многія дзеці няправільна трымаюць аловак, моцна націскаючы ім на паперу.
* Асаблівыя цяжкасці дзеці адчуваюць пры неабходнасці выкарыстоўваць самыя простыя прадметы-прылады. Большасць дзяцей дзейнічаюць адной рукой, а другая бездапаможная і не ўдзельнічае ў рабоце.
* Навучэнцам з інтэлектуальнай недастатковасцю цяжка выбіраць аптымальны тэмп рабочых рухаў. Адны пачынаюць работу ў паскораным тэмпе, што прыводзіць да зніжэння яе якасці, да замацавання няправільных рухаў, іншыя і пасля працяглай трэніроўкі працуюць павольна.
Нягледзячы на цяжкасці, карэкцыйную работу неабходна працягваць. Выяўленчая дзейнасць спрыяе развіццю сенсаматорыкі — узгодненасці ў рабоце вачэй і рук, удасканаленню каардынацыі рухаў, гнуткасці, дакладнасці ў выкананні дзеянняў, карэкцыі дробнай маторыкі пальцаў рук. У комплексе з іншымі вучэбнымі прадметамі гэтыя заняткі прынясуць вялікую карысць.
Віды выяўленчай дзейнасці школьніка вельмі разнастайныя — маляванне, лепка, аплікацыя, канструяванне. Асабліва любімым у малодшых школьнікаў з’яўляецца маляванне. Дзякуючы сваёй даступнасці, нагляднасці і канкрэтнасці выяўлення яна набліжаецца да гульні. У працэсе заняткаў па выяўленчым мастацтве неабходна на ўсіх этапах урока выкарыстоўваць практыкаванні, накіраваныя на развіццё дробнай маторыкі пальцаў і кісці рук, зрокава-рухальнай каардынацыі. Сістэматычныя практыкаванні не толькі аказваюць стымулюючы ўплыў на развіццё маўлення дзіцяці, але і з’яўляюцца магутным сродкам павышэння працаздольнасці кары галаўнога мозга.
У працэсе заняткаў маляваннем, напрыклад, можна прапанаваць дзецям выканаць спецыяльныя практыкаванні, якія развіваюць вакамер, прывучаюць руку да датыкальных і дакладных рухаў, якія надаюць ёй гібкасць і цвёрдасць. Зрокавыя, датыкальныя, кінестэтычныя адчуванні і ўспрыманні ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця навыкаў пісьма.
Кожныя заняткі павінны суправаджацца спецыяльнай пальчыкавай гімнастыкай, якая спалучае развіццё ўсіх пальцаў рукі і рухаў кісці рукі трох відаў: на сцісканне, расцягванне і расслабленне. Асноўная задача практыкаванняў па развіцці тонка каардынаваных рухаў заключаецца ў тым, каб зрабіць даступнымі і лёгкімі для выканання ўсе заданні, звязаныя з неабходнасцю выкарыстання дробнай маторыкі рук на ўроках выяўленчай дзейнасці. Дзякуючы сістэматычным і разнастайным практыкаванням рукі, дзеці паступова набываюць дакладнасць, сілу і дыферэнцыраванасць рухаў.
У заключэнне адзначу, што ўдасканаленне дробнай маторыкі не павінна ператварацца ў самамэту. Часта гэта неад’емная частка работы па фарміраванні навыкаў самаабслугоўвання, развіцці графічных і шэрагу іншых вучэбных і працоўных уменняў і навыкаў. Для таго каб выяўленчая дзейнасць стала сродкам карэкцыі, яна павінна быць арганізавана з улікам заканамернасці развіцця дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, своеасаблівасці іх дробнай маторыкі. Акрамя таго, сістэма карэкцыйнай дапамогі павінна быць сістэматычнай і накіраванай.

Таццяна ТАРАСАВА,
настаўнік-дэфектолаг
Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Слонімскага раёна.