Сярэдняя школа № 13 Оршы імя І.І.Якубоўскага, якая сёлета адзначае 60-гадовы юбілей, ганарыцца сваімі выпускнікамі і шматлікімі пераможцамі алімпіяд і конкурсаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У ліку нашых вядомых выпускнікоў дырэктар РІКВ Юрый Міксюк, матывацыйны спікер і грамадскі дзеяч Аляксей Талай, а таксама першая ў гісторыі школы пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове пісьменніца і перакладчыца Юлія Алейчанка, — расказала дырэктар установы адукацыі Аксана Іванаўна Белазорава. — 14 нашых педагогаў таксама выйшлі са сцен гэтай школы. У нас вучыўся і Аляксей Віктаравіч Вітко, адмірал, які да выхаду ў адстаўку займаў пасаду камандуючага Чарнаморскім флотам Расіі.
Ва ўстанове асабліва ганарацца вынікамі работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.
— Штогод наша школа выходзіць у лідары ў Аршанскім раёне па выніках удзелу ў трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Эла Паўлаўна Глімакова. — За 17 гадоў мы падрыхтавалі больш за 50 пераможцаў абласнога этапу. І ў гэтым вялікая заслуга нашых педагогаў, улюбёных у сваю справу, якія могуць захапіць сваім прадметам любога вучня і гатовы займацца з кожным, не шкадуючы часу і сіл. Такіх настаўнікаў мы падтрымліваем, адзначаем граматамі, выплачваем грашовыя прэміі, а дзяцей, якія даходзяць да ўзроўню рэспублікі, вызваляем ад платы за дадатковыя адукацыйныя паслугі на ўвесь навучальны год.
Выяўленне адораных дзяцей адбываецца з 1 класа на аснове назіранняў, вывучэння іх псіхалагічных асаблівасцей, мыслення. Другім этапам з’яўляецца распрацоўка індывідуальных планаў работы з вучнямі па падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў. Далей работа вядзецца на ўроках (дыферэнцыраваны падыход) і па-за ўрокамі (прадметныя тыдні, факультатывы). Заняткі часта праходзяць у форме сеткавага ўзаемадзеяння, калі лепшыя навучэнцы з розных школ раёна разам рыхтуюцца да спаборніцтваў. Карпатлівая работа не спыняецца нават на канікулах — арганізоўваюцца профільныя лагеры для адораных дзяцей. У школе функцыянуе профільны раённы лагер па рускай мове і літаратуры і працоўным навучанні.
Стабільнымі вынікамі могуць пахваліцца настаўнікі працоўнага навучання Леанід Барысавіч Фінкін і Інга Уладзіміраўна Філіпчанка. Іх вучні Савелій Канавалаў, Лізавета Шыркевіч, Максім Ластоўскі, Настасся Гелахава, Арцём Рыбакоў сталі пераможцамі заключнага этапу алімпіяды ў розныя гады (Н.Гелахава — тройчы, М.Ластоўскі — двойчы). На абласным узроўні выхаванцы названых педагогаў атрымалі 33 дыпломы. Падрыхтоўка да алімпіяды па працоўным навучанні пачынаецца ў 5—6 класах. Настаўнікам дапамагаюць вучні, якія ўжо атрымалі першыя перамогі, яны перадаюць свае веды і навыкі малодшым.
Не раз пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове станавіліся Вікторыя Пугач, Кірыл Турок, Аліна Лухцеева, Марыя Мядвецкая. Іх падрыхтавалі Галіна Васільеўна Шалашэнь, якая на занятках выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход (распрацоўвае рабочыя лісты, дзе для самых здольных прадугледжаны заданні алімпіяднага ўзроўню), і Таццяна Вячаславаўна Грышчанок, якая вядзе міжшкольны факультатыў па рускай мове для вучняў з усяго горада.
Алімпіядны рух па фізкультуры пачаў свой адлік у школе больш як пяць гадоў назад пад кіраўніцтвам настаўнікаў Пятра Аляксандравіча Марчанкі, майстра спорту па вольнай барацьбе, і Ліліі Сяргееўны Саенка. У электронную базу даных педагогі ўносяць звесткі пра вучняў 2—4 класаў з асноўнай медыцынскай групай здароўя. Гэта ажыццяўляецца ў рамках рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Алімпійскі талент”, у якім удзельнічае школа, па адборы адораных дзяцей для заняткаў спортам. Планавая падрыхтоўка пачынаецца ў верасні. Штомесяц ладзяцца дні здароўя, дзе дзяцей адбіраюць для ўдзелу ў круглагадовай спартакіядзе школьнікаў, функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах па валейболе і футболе. Узімку праходзіць рэспубліканскае лёгкаатлетычнае спартыўна-масавае мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”, дзе выяўляюцца перспектыўныя дзеці для заняткаў лёгкай атлетыкай. Каб праверыць свае сілы пры падрыхтоўцы да алімпіяды па фізкультуры, вучні таксама ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах.
— Для паспяховага выступлення важна, каб навучэнец наведваў спартыўную секцыю і рэгулярна ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Падрыхтоўка павінна весціся круглы год і нават пасля завяршэння ўсіх этапаў алімпіяды, — упэўнены Пётр Аляксандравіч. — У школе функцыянуе спартыўны клас, дзе ёсць групы вучняў, якія займаюцца самба і плаваннем. Мы супрацоўнічаем са спецыялізаванымі СДЮШАР. Для вучняў 4-х класаў на базе ФСК “Легмаш” у басейне арганізаваны плавальны ўсенавуч 2 разы на тыдзень. У 2023/2024 навучальным годзе васьмікласніца Валерыя Садоўнікава на абласным этапе алімпіяды па плаванні заняла 1-е месца. Нашы вучні добра выступаюць на абласным этапе летняга мнагаборства “Здароўе”, на спаборніцтвах па валейболе сярод юнакоў у рамках абласной спартакіяды школьнікаў. У 2024/2025 навучальным годзе заваявана 1-е месца ў спаборніцтвах па валейболе сярод дзяўчат у рамках XXXVII абласной спартакіяды школьнікаў.
У 13-й школе Оршы праводзяцца матывацыйныя сустрэчы з героямі спорту, напрыклад, з аршанцам Станіславам Грыбавым, шасціразовым чэмпіёнам Беларусі па паўэрліфтынгу сярод паралімпійцаў. Зарад пазітыву дзеці атрымліваюць ад сустрэч з выпускніком Аляксеем Талаем — майстрам спорту па плаванні, шматразовым рэкардсменам свету і Еўропы, членам Нацыянальнай паралімпійскай зборнай Беларусі.
Для навучэнцаў 13-й школы арганізоўваюцца творчыя факультатыўныя заняткі па харавым класе і вакальным ансамблі. Удзельнікі дзіцячай вакальнай студыі “Асоль” пад кіраўніцтвам настаўніцы музыкі Ірыны Васільеўны Каваленка становяцца пераможцамі конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў: ІІІ адкрытага рэспубліканскага разнажанравага конкурсу “Жарынка-2025”, ІІІ Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Марозка”, ІІ Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Дыханне зімы”, рэспубліканскага фестывалю мастацтваў “Снежная фантазія”, ІІІ Міжнароднага конкурсу-прэміі мастацтваў “Увасабленне майстэрства” і інш.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ