Новы навучальны год у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адзначыўся некалькімі падзеямі. У апошні дзень жніўня першакурснікам дзённай формы навучання, якія паказалі лепшыя вынікі на ўступных іспытах, уручылі студэнцкія білеты.
Сімвалічны студэнцкі білет і ключ ведаў першакурснікам Алісе Бадранковай і Міхаілу Гаманчуку ўручылі прызёр Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года” курсант ваеннага факультэта Аляксей Кутафін і пераможца конкурсу “Міс універсітэт-2015” студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандра Дораш. У гэтым годзе студэнтамі ўніверсітэта сталі 2756 чалавек: 1607 будуць вучыцца на дзённай форме навучання, 1087 — на завочнай, 62 чалавекі — на вячэрняй форме навучання. Як падкрэсліў на савеце ўніверсітэта, прысвечаным новаму навучальнаму году і Дню ведаў, рэктар ГрДУ Андрэй Кароль, парадавалі не толькі гэтыя лічбы, але і якасць набору: вынікі звыш 300 балаў паказалі 134 чалавекі. Самы высокі прахадны бал — 329. Сярод першакурснікаў — 82 медалісты.
“Універсітэт сёння: місія і інавацыі” — так акрэсліў тэму свайго выступлення на савеце А.Д.Кароль і засяродзіў увагу на прыярытэтах развіцця навучальнай установы. Як станоўчае рэктар адзначыў тое, што дала вынікі рэйтынгавая сістэма ацэнкі работы прафесарска-выкладчыцкага складу і кафедраў, вясной пачала працаваць школа маладога кіраўніка, аказваюцца новыя віды платных паслуг, пашыраецца міжнароднае супрацоўніцтва. Адным з галоўных момантаў выступлення было прадстаўленне калектыву новай місіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: “Выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу”.
Як адзін з кірункаў павышэння якасці адукацыі бачаць ва ўніверсітэце і стварэнне каардынацыйных саветаў, у рабоце якіх будуць удзельнічаць заказчыкі кадраў. Матэрыяльнае забеспячэнне таксама адзін са складнікаў якаснай падрыхтоўкі студэнтаў. Так, у галоўным корпусе створаны адукацыйны медыякомплекс, які ўключае і камп’ютарны цэнтр, які дазволіць значна пашырыць магчымасці дыстанцыйнай адукацыі. Атрымаў новыя памяшканні студэнцкі медыяцэнтр.
Віталі на савеце і 14 супрацоўнікаў, якія ў мінулым навучальным годзе абаранілі доктарскую і кандыдацкія дысертацыі, а таксама 11 маладых выкладчыкаў, якія пачынаюць сваю працоўную біяграфію ў ГрДУ. Падзячныя лісты рэктара за высокія спартыўныя дасягненні атрымалі студэнты ўніверсітэта.
Усе ўрачыстыя мерапрыемствы калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1 верасня 2015 года будзе адзначаць на плошчы ўніверсітэцкага сцяга (у цэнтры плошчы выкладзены лагатып універсітэта). Менавіта такую назву атрымала добраўпарадкаваная тэрыторыя ў двары галоўнага корпуса. Знакава, што такая падзея адбылася ў юбілейны для ўніверсітэта год — 75-годдзя з дня заснавання. Гэтая падзея — ажыццяўленне адной са студэнцкіх ініцыятыў, што вельмі сімвалічна ў Год моладзі. У гэты ж дзень таксама была закладзена алея Факультэтаў, якая стане сімвалам яднання ўніверсітэцкай супольнасці.
Менавіта 1 верасня тут урачыста былі ўзняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг універістэта. На ўрачыстасці прысутнічалі студэнты і выкладчыкі, а гонар вынесці і падняць сцяг даверылі лепшым студэнтам універсітэта.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.