Выязныя заняткі на сацыяльна значным аб’екце

- 11:51Навіны рэгіёнаў

На будаўнічай пляцоўцы новага корпуса бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гомелі для навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа імя Ленінскага камсамола Беларусі правялі адкрыты ўрок.

На будаўнічай пляцоўцы — 20 навучэнцаў. Такія заняткі, упэўнены спецыялісты, спрыяюць умацаванню тэарэтычных ведаў і павышэнню якасці адукацыі.

— Вядома, практыка для нас мае вялікае значэнне, — гаворыць другакурснік навучэнец каледжа па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” Яўген Сняжкоў. — Перш чым трапіць на аб’ект, мы прайшлі інструктаж, атрымалі каскі, з усім азнаёміліся. Лічу, што гэта выдатная пляцоўка для навучання.

Цяпер на ўзвядзенні сацыяльна значнага аб’екта работы вядуцца ў кругласутачным рэжыме. Зараз гатовы нулявы паверх, працягваецца пракладка інжынерных сетак. Навучэнцы не проста назіралі за работай прафесіяналаў — яны засвойвалі практыку бетаніравання, вязкі арматуры і ўсталёўкі апалубкі.

— Такі фармат работы з навучэнцамі будаўнічай галіны стаў для нас традыцыйным, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Будаўнічы трэст № 14” Дзмітрый Мурашка. — Раней выязныя заняткі праводзілі раз на тры тыдні. Летась з-за пандэміі гэтую практыку прыпынілі, але цяпер аднаўляем. Наогул прадпрыемства імкнецца ўвесь час праводзіць практыка-арыентаваную работу з навучэнцамі ўстаноў адукацыі, якія рыхтуюць будучых будаўнікоў.

Да таго ж усіх навучэнцаў каледжа запрасілі прыйсці на вытворчую практыку, а пасля заканчэння ўстановы пайсці працаваць у ААТ “Будаўнічы трэст № 14”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.