Вызначаны патрабаванні пры самаізаляцыі

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Урад устанавіў патрабаванні пры самаізаляцыі і каму ў ёй трэба знаходзіцца. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 8 красавіка 2020 года № 208 афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У самаізаляцыі неабходна знаходзіцца грамадзянам Беларусі і замежным грамадзянам, у якіх дыягнаставаны COVID-19, а таксама кантактам першага і другога ўзроўняў. Кантакты першага ўзроўню павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі 14 дзён з даты апошняга кантакту з хворым, другога ўзроўню (калі ёсць кашаль, боль у горле, задышка, павышэнне тэмпературы) — на час наяўнасці сімптомаў. Тэрміны самаізаляцыі могуць быць прадоўжаны па рашэнні ўрачоў.

Грамадзяніну, якому неабходна быць у самаізаляцыі, уручаецца патрабаванне аб выкананні правіл паводзін у самаізаляцыі. Хворым і кантактам першага і другога ўзроўняў выдаецца бальнічны на час знаходжання ў самаізаляцыі. Пры парушэнні патрабавання аб самаізаляцыі дапамога па часовай непрацаздольнасці назначаецца ў памеры 50 працэнтаў ад дапамогі, прадугледжанай заканадаўствам.

Грамадзяне, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, абавязаны не пакідаць месцы пражывання, у тым ліку не наведваць месцы работы і вучобы, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя мерапрыемствы, выставы і канцэрты, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знахо­джання людзей. Выключэнне складаюць выпадкі крайняй неабходнасці: наведванне найбліжэй­шых прадуктовага магазіна або аптэкі, вынас смецця. Пры выха­дзе з дома ў гэтых выпадках трэба выкарыстоўваць маску, не дапускаць кантактаў з іншымі людзьмі.

Грамадзяне таксама абавязаны паведаміць наймальніку аб прычыне адсутнасці на рабоце, не карыстацца паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрэбны для бяспекі жыццядзейнасці. Пры пагаршэнні стану здароўя (павышэнне тэмпературы да 37 градусаў і вышэй, з’яўленне кашлю, задышкі) трэба звярнуцца ў хуткую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіць SMS, паведаміўшы пры гэтым аб знаходжанні ў самаізаляцыі.

За парушэнне патрабаванняў самаізаляцыі прадугледжана адказнасць.

Міністэрству аховы здароўя даручана на працягу трох дзён прыняць меры па рэалізацыі пастановы.

Дакумент уступае ў сілу з 9 красавіка і дзейнічае да асобага рашэння ўрада.