Вызначаны рэйтынг лепшых еўрапейскіх гарадоў

- 11:28Інфармацыйная гадзіна

Мінск удастоены ўзнагарод у дзвюх намінацыях часопіса fDi Magazine — спецыялізаванага выдання брытанскай газеты Financial Times. Цырымонія ўручэння ўзнагарод гарадам, якія занялі лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгах выдання, прайшла 15 сакавіка ў Канах (Францыя) на 27-й Міжнароднай прафесійнай выставе камерцыйнай нерухомай маёмасці MIPIM, паведамілі ў Пасольстве Беларусі ў Францыі.

У гэтым годзе ў дзвюх намінацыях — “Топ-2 буйных еўрапейскіх гарадоў па эфектыўнасці затрат на вядзенне бізнесу” і “Топ-10 буйных гарадоў па лепшай стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый” — узнагародамі быў адзначаны Мінск. На цырымоніі ў Канах іх атрымаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Уручала ўзнагароды галоўны рэдактар часопіса fDi Magazine Кортні Фінгар.
У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прынялі 223 гарады. Пры складанні рэйтынга ўлічваліся 96 незалежных паказчыкаў. Падлікі праводзіліся згодна з аналізам і ацэнкамі вядучых экспертаў выдання fDi Magazine і ўключалі эканамічны патэнцыял, чалавечыя рэсурсы, узровень расходаў на вядзенне бізнесу, узровень жыцця, якасць інфраструктуры, лёгкасць вядзення бізнесу, стратэгію прыцягнення прамых замежных інвестыцый. Вызначаўся лепшы горад у агульным рэйтынгу ўсіх гарадоў, таксама кожны горад удзельнічаў у сваёй катэгорыі (па колькасці насельніцтва): буйныя, сярэднія, малыя, мікрагарады. Разам з беларускай сталіцай у 2016 годзе ўзнагароды атрымалі Лондан, Масква, Лісабон, Кіеў, Вільнюс, Кёльн, Дзюсельдорф, Заграб, Любляна і іншыя.
MIPIM традыцыйна збірае найбольш уплывовых гульцоў розных сектараў міжнароднага рынку нерухомай маёмасці: офісы, жыллё, гандаль, медыцына, спорт, лагістыка і прамысловасць. Выстава прапаноўвае ўдзельнікам унікальны доступ да вялікай колькасці будаўнічых праектаў і крыніц фінансавання ў асобе інвестыцыйных кампаній з вядучых краін. Акрамя таго, у ходзе форуму праходзяць прэзентацыі сталічных гарадоў і буйных агламерацый, якія праводзяцца iх мэрамі. У 2016 годзе на выставе прадстаўлена каля 2700 кампаній з амаль 90 дзяржаў.