Вызначаны тэрміны пераходнага перыяду пасля Brexit

- 12:49Інфармацыйная гадзіна

Еўрасаюз і Вялікабрытанія дасягнулі агульнай дамоўленасці, што пераходны перыяд пасля выхаду Злучанага Каралеўства з ЕС (Brexit) складзе 21 месяц, паведамляе ТАСС.

“Мы дамовіліся, што транзітны перыяд будзе абмежаваны па часе і складзе 21 месяц з 30 сакавіка 2019 года, калі Вялікабрытанія пакіне ЕС. У гэты перыяд Вялікабрытанія зможа карыстацца ўсімі правамі члена ЕС, застаючыся членам адзінага рынку, але не зможа прымаць удзел у працэсе прыняцця рашэнняў у Еўрасаюзе”, — сказаў галоўны перагаворшчык Еўракамісіі па Brexit Мішэль Барнье.

У сваю чаргу міністр Вялікабрытаніі па пытаннях Brexit Дэвід Дэвіс заявіў, што бакі зрабілі значны крок наперад. “У снежні мы дабіліся важнага дасягнення, прыйшоўшы да пагаднення па першай стадыі перагавораў. Сёння мы зрабілі другі значны крок, дасягнуўшы пагаднення па наступнай стадыі (перагавораў), якая, упэўнены я, будзе адобрана Еўрапейскім саветам”, — сказаў брытанскі перагаворшчык.

Гэта навіна была пазітыўна ўспрынята бізнесам, які атрымаў яснасць наконт таго, якой стратэгіі развіцця прытрымлівацца аж да снежня 2020 года, калі павінен завяршыцца названы пераходны перыяд. З вялікім натхненнем успрынялі гэтыя навіны рынкі. На гэты момант курс брытанскага фунта стэрлінгаў дэманструе актыўны рост адносна долара. Ён перасягнуў адзнаку $1,40 за фунт, дасягнуўшы самага высокага ўзроўню за апошнія тры тыдні.

Урэшце, неўрэгуляваныя пытанні паміж бакамі пакуль застаюцца, і менавіта таму апублікаваны тэкст пагаднення надрукаваны розным па колеры шрыфтам — у залежнасці ад ступені ўзгодненасці тэм. Каменем спатыкнення застаецца пытанне мяжы на востраве Ірландыя. Мішэль Барнье тым часам заклікаў не вельмі паддавацца эйфарыі, звярнуўшы ўвагу на тое, што Еўрасаюз і Вялікабрытанія да саміту ЕС змаглі ўзгадніць большую частку тэксту пагаднення аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС, але яшчэ застаецца дасягнуць канчатковай дамоўленасці аб рэжыме мяжы з Ірландыяй.