Вызначаюць шлях да адкрыццяў

- 12:19Навіны рэгіёнаў

Шлях навуковага адкрыцця — гэта неверагоднае падарожжа па сакрэтах сусвету. Чаго толькі не дасягнулі вучоныя на гэтым шляху! Яны даведаліся, што адбывалася тысячы гадоў назад на нашай планеце і што адбываецца зараз на зорцы, якая знаходзіцца на адлегласці ў тысячы светлавых гадоў ад нас, яны пачалі расшыфроўваць ДНК чалавека і перамагалі смяротныя захворванні. Аднак чым больш яны даведваюцца, тым больш новых пытанняў і выклікаў паўстае перад вучонымі. І шукаць адказы на іх будуць новыя пакаленні. Сёння свае першыя крокі ў навуку яны робяць ужо ў школе, выконваючы першыя даследаванні. У сістэме адукацыі Мінскай вобласці рабоце з юнымі даследчыкамі і навукоўцамі ўдзяляецца значная ўвага. Аб сур’ёзнасці работы ў гэтым кірунку сведчаць перамогі прадстаўнікоў устаноў адукацыі вобласці на прэстыжных міжнародных канферэнцыях і конкурсах. З нядаўняга часу актывізавана работа з навуковымі таварыствамі навучэнцаў (НТН). Адно з значных мерапрыемстваў у гэтым кірунку — установачная сесія НТН “Я намячаю шлях да адкрыццяў”, якая прайшла ў Мінску.

Удзельнікаў сесіі вітае А.У. Кільчэўскі, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі.

Cёння на Міншчыне дзейнічае 138 навуковых таварыстваў навучэнцаў, яны ёсць у трэці ўсіх школ і гімназій вобласці і аб’ядноўваюць больш за 4 тысячы чалавек. Аднак працуюць НТН адасоблена і не заўсёды маюць дастаткова рэсурсаў, вопыту, інфармацыі для эфектыўнай дзейнасці. Пры гэтым нейкай грунтоўнай падтрымкі для іх няма, як няма і нейкага апарату, які б мог каардынаваць дзей­насць такіх аб’яднанняў. На гэта звярнулі ўвагу ў Мін­скім абласным ІРА і вырашылі такую падтрымку тавары­ствам аказаць. Па су­тнасці, МАІРА ў гэтым — першапраходзец. Былі пастаўлены дзве задачы: арганізаваць сеткавае ўзаемадзеянне таварыстваў і актывізаваць іх дзейнасць праз метадычную і інфармацыйную дапамогу. Першая задача ўжо вырашана — у сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” створана суполка, дзе кіраўнікі і ўдзель­нікі НТН могуць абменьвацца вопытам, дзяліцца праблемамі і разам знахо­дзіць іх рашэнне. Пакуль удзель­нікамі суполкі сталі не ўсе, хто мае дачыненне да таварыстваў, але аб’яднанне паступова расце.

Для падтрымкі і развіцця НТН право­дзяцца разнастайныя мерапрыемствы. На адным з іх кіраўнікі таварыстваў пабывалі ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, дзе пазнаёміліся з вельмі паспяховым вопытам работы таварыства “Праметэй”, якое ў 2008 годзе было адзначана грантам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У пачатку навучальнага года педагогі — кіраўнікі таварыстваў былі запрошаны на семінар у МАІРА, дзе абмяркоўвалі формы работы з юнымі навукоўцамі, асаблівасці выбару тэмы і структуру выканання даследчых работ.

Установачная сесія навуковых таварыстваў навучэнцаў стала яшчэ адной важнай, значнай і маштабнай падзеяй. Гэта сумеснае мерапрыемства Мінскага абласнога ІРА і Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прайшло яно ўпершыню. Узялі ўдзел у ім кіраўнікі НТН — педагогі і навучэнцы, па два прадстаўнікі ад кожнага раёна вобласці, якія потым будуць трансліраваць набытыя на мерапрыемстве веды і вопыт у сваім раёне.

Работа была распланавана на два дні. Першы дзень удзельнікі ўстановачнай сесіі правялі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут ўдзельнікаў вітаў Аляксандр Уладзіміравіч Кільчэўскі, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, які выказаў шчырую радасць, што расце новая змена сучасных навукоўцаў, і пераканаў, што кожнаму, хто вырашыць звязаць сваё жыццё з навукай, у акадэміі будуць рады.

Выстава “Навука — вытворчасці”.

А.І.Іванец, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, расказаў дзецям і педагогам аб савеце. Гэтая арганізацыя актыўна супрацоўнічае з установамі адукацыі, і Андрэй Іванавіч падкрэсліў важнасць і перспектыўнасць такой работы:

 — Мы — вучоныя і ўстановы адукацыі — павінны чуць адно аднаго. Вучоным неабходна ведаць, што адбываецца ў адукацыйнай сферы, як развіваецца навуковая дзейнасць навучэнцаў, трэба разумець, што мы можам прапанаваць, каб зрабіць гэты працэс яшчэ больш эфектыўным. Са свайго боку мы  можам падзяліцца ведамі, вопытам, напрацоўкамі — і педагогам, і навучэнцам гэта будзе карысна і цікава. Узаемаўзбагачэнне — самая галоўная мэта падобных мерапрыемстваў.

Госці НАН бліжэй пазнаёміліся з установай, наведаўшы выставачныя экспазіцыі Музея гісторыі Нацыя­нальнай акадэміі навук Беларусі, пастаянна дзеючую выставу “Навука — вытворчасці”. Далей, раздзяліўшыся на групы, юныя навукоўцы пабывалі ў навуковых і навукова-практычных цэнтрах, лабараторыях інстытутаў НАН. Яны адправіліся ў інстытуты біяфізікі і клетачнай інжынерыі, генетыкі і цыталогіі, гісторыі, эканомікі, фізікі, праблем інфарматыкі і інш.

І гэта было не проста знаёмства з лабараторыямі і інстытутамі, тут пачалася актыўная работа ўдзельнікаў сесіі. Ім была пастаўлена задача: пры азнаямленні з дзейнасцю навукоўцаў, вызначыць для сябе новыя праблемы, актуальныя пытанні, якія можна было б даследаваць. Гэтая інфармацыя стала асновай для работы ў другі дзень. Сабраўшыся ў МАІРА, удзельнікі мерапрыемства аб’ядналіся ў тры групы і правялі мазгавы штурм “Выбар тэмы даследавання”. Яны падзяліліся ведамі, атрыманымі ад спецыялістаў акадэміі, і сваімі думкамі на гэты конт. Кожная група прапанавала не менш за сем тэм для даследаванняў у розных галінах навукі, а спецыялісты МАІРА навучылі вызначаць актуальнасць і перспектыўнасць даследавання і дакладна фармуляваць тэмы. Таксама для ўдзель­нікаў карыснымі былі адкрытая лекцыя “Структура і арганізацыя работы навуковага таварыства навучэнцаў” і круглы стол “Фарміраванне матывацыі да вучэбна-даследчай дзейнасці”.

Педагогі, якія бралі ўдзел у сесіі, адназначна выказваюцца “за” правядзенне такіх мерапрыемстваў, якія, безумоўна, бу­дуць спрыяць развіццю навуковых таварыстваў навучэнцаў. Напрыклад, у гімназіі № 1 Жо­дзіна ўжо 12 гадоў існуе НТН “Рытм”. У склад таварыства ўваходзяць пяць кафедр, у кожнай з іх — ад 15 да 30 навучэнцаў усіх узростаў. Удзельнікі “Рытму” — пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Аднак нават такім магутным і паспяховым таварыствам неабходны падобныя сустрэчы, сесіі, семінары.

 — Такія мерапрыемствы нас вельмі радуюць, стымулююць далейшую работу, — расказвае настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна Ірына Пічугіна. — Па-першае, знаёмства з дасягненнямі сучаснай навукі дапамагае “трымаць руку на пульсе”, разумець новыя кірункі і павевы ў навуцы, каб рухацца ў сучасным кірунку, карэкціраваць сваю работу ў адпаведнасці з актуальнымі тэндэнцыямі. Па-другое, гэта магчымасць сустрэцца з калегамі-аднадумцамі з іншых раёнаў і абмеркаваць агульныя пытанні, падзяліцца вопытам. І па-трэцяе, для дзяцей вельмі важныя зносіны з равеснікамі, захопленымі адной з імі справай, якія крочаць па падобнай сцяжынцы. З такога ўзаемадзеяння нараджаюцца новыя ідэі.     

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.