Вызначылі лепшых муляраў

- 15:27Адукацыйная прастора

На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі муляра. У спаборніцтве, якое праходзіла на базе Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, удзельнічалі 14 чалавек з 7 устаноў прафесійнай адукацыі горада над Бугам, Кобрына, Баранавіч, Бярозы, Пінска і Лунінца.

Конкурс праходзіў па высокіх стандартах міжнародных чэмпіянатаў прафесійнага майстэрства WorldSkills. Удзельнікам патрабавалася выкласці ўчастак цаглянай сцяны вышынёй амаль паўтара метра з узорам у выглядзе лічбы 80, якая сімвалізуе ўзрост сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. Заданне выконвалася ў два этапы: сухая ўкладка цэглы і разметка малюнка; кладка канструкцыі.

Канкурсанты паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, добрыя веды і трывалыя навыкі. Лепшым мулярам сярод навучэнцаў стаў Валянцін Крусь з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Юнаку падабаецца выбраная прафесія. У каледжы ён атрымлівае адразу некалькі рабочых спецыяльнасцей (муляра, цесляра-бетоншчыка і арматуршчыка), запатрабаваных на сучасным рынку працы. Асаблівыя цяжкасці выклікала кладка цэглы ў выглядзе лічбы 80. На ўсю канструкцыю юнак затраціў 6 гадзін і ў цэлым задаволены выкананай работай.

— Без захопленасці і настойлівасці ў будаўнічай прафесіі рабіць няма чаго, — лічыць Валянцін.

Майстры вытворчага навучання выконвалі аднаметровую цагляную калодзежную кладку з 10 радоў. Лепш за ўсіх з работай справіўся Сяргей Аляксандравіч Клебановіч з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

— Складанасць задання заключалася ў тым, што патрабавалася кантраляваць адразу 4 вуглы, — расказаў пераможца. — Дасягнуць высокага выніку без уважлівасці, сабранасці і сканцэнтраванасці было немагчыма.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.