Вызначылі лепшых трактарыстаў-машыністаў

- 11:11Навіны рэгіёнаў

На базе Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына прайшоў VІ адкрыты конкурс прафесійнага майстэрства сярод трактарыстаў-машыністаў. У спаборніцтве ўдзельнічалі 13 каманд з устаноў прафесійнай адукацыі аграрнага напрамку Брэстчыны, Гомельшчыны і Гродзеншчыны.

Вітаючы канкурсантаў, дырэктар Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Д.У.Шкілюк адзначыў, што прафесія механізатара сёння надзвычай запатрабаваная і неабходная. Аграрная галіна развіваецца хуткімі тэмпамі, з’яўляецца новая тэхніка. Гэта патрабуе высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. У першы дзень навучэнцы і майстры вытворчага навучання паказвалі тэарэтычныя веды, а ў другі і трэці дзень — навыкі і ўменні ў фігурным ваджэнні трактара і ўзворванні поля. Практычны тур ацэньваўся вельмі строга. Так, удзельнікі ўзворвалі поле на пэўную глыбіню з абавязковай наяўнасцю грэбняў. Гэта патрабавала асаблівага майстэрства.

Лепшым сярод навучэнцаў стаў Аляксей Зіновіч з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына. На 2-м месцы апынуўся Павел Цынгель з Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК, на 3-м — Максім Люкевіч з Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

— Аляксей Зіновіч вельмі доўга і сур’ёзна рыхтаваўся да конкурсу, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына І.Ф.Мацук. — Упэўнена адчуваць сябе за рулём трактара юнаку дапамагла летняя практыка, якую ён праходзіў у мясцовым сельскагаспадарчым кааператыве “Бездзеж-Агра”.

Сярод майстроў вытворчага навучання лепшым прызнаны Аляксандр Валер’евіч Рылюк з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына. 2-е месца заняў Эдуард Віктаравіч Раковіч з Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК, 3-е — Васіль Міхайлавіч Казун з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці.

У камандным заліку перамогу святкавалі прадстаўнікі Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК і Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.