Вызначылі лепшых юіраўцаў

- 11:31Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам падвялі вынікі 42-га абласнога злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне ДАІ УУС і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама пры падтрымцы абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

У сярэдняй школе № 11 Брэста сабраліся 9 лепшых каманд з ліку вучняў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. Яны выяўлялі наймацнейшых у конкурсах, накіраваных на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Так, юіраўцы здавалі тэарэтычны экзамен на веданне правіл дарожнага руху, удзельнічалі ў фігурным ваджэнні веласіпеда, аказвалі першую медыцынскую дапамогу, рыхтавалі агітацыйна-мастацкія паказы, стваралі газету на тэму “85 гадоў ДАІ”. Выпрабаванні пакінулі шмат яркіх эмоцый, падарылі каштоўны вопыт.

Пераможцай злёту-конкурсу стала каманда Вялікаматыкальскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна. На 2-м месцы — прадстаўнікі сярэдняй школы № 28 Брэста, на 3-м — сярэдняй школы № 3 Ганцавіч. Акрамя кубкаў і медалёў, каманды-пераможцы атрымалі веласіпеды і памятныя падарункі.

На рэспубліканскім этапе злёту-конкурсу, які пройдзе напрыканцы мая на Віцебшчыне, Брэстчыну прадставіць каманда Вялікаматыкальскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.