Вызначыліся з прафесійнай будучыняй: расказваем пра вынікі фестывалю педагагічных класаў «Вектар поспеху»

- 13:08Образование

Пяты фестываль педагагічных класаў «Вектар поспеху» аб’яднаў 16 устаноў адукацыі сталіцы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Удзельнікі прадставілі на сцэне свой педагагічны клас (групу), прадэманстравалі яго ўнікальны стыль і імідж. Потым яны прайшлі шэраг конкурсных выпрабаванняў: «Першыя крокі да педагагічнай прафесіі» (навучэнцам дыстанцыйна прапаноўваліся тэставыя заданні, якія ўтрымлівалі пытанні праграмы факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію») і «Педагагічныя пробы» (неабходна было прадставіць відэазапіс фрагмента вучэбных заняткаў або выхаваўчага мерапрыемства), якія праводзіліся ў межах турніру знатакоў Prof.by, «Лепшае партфоліа будучага педагога», дзе ацэньваліся лагічнасць і паслядоўнасць выкладання, нестандартны падыход да зместу і афармлення, удзел у навукова-даследчых, выхаваўчых мерапрыемствах і г.д., а таксама конкурс эсэ «Мая прафесійная будучыня».

У рамках фестывалю для настаўнікаў адбыўся семінар-практыкум «Метадычныя падыходы да арганізацыі работы профільных класаў педагагічнай накіраванасці». На ім быў прадстаўлены эфектыўны вопыт у адукацыйнай практыцы ўстаноў адукацыі.

Па выніках усіх выпрабаванняў дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Ганна Мурашка з сярэдняй школы № 165 (конкурс «Першыя крокі да педагагічнай прафесіі»), Марыя Бабіч з сярэдняй школы № 155 (конкурс «Лепшае партфоліа будучага педагога») і Юлія Кузняцова з сярэдняй школы № 68 (конкурс эсэ «Мая прафесійная будучыня»).

Мэта фестывалю – падтрымка і прыцягненне ўвагі навучэнцаў да педагагічнай прафесіі, садзейнічанне іх усвядомленаму выбару і ўзняцце прэстыжу прафесіі настаўніка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена МГІРА