Вызначыць дату дзяржаўнага свята — значная для грамадства справа

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Беларусам неабходна прыняць актыўны ўдзел у апытанні па вызначэнні даты Дня народнага адзінства. Аб гэтым сказаў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч.

“Дзень народнага адзінства, на мой погляд, трэба звязаць з падзеямі восені 1939 года, калі 17 верасня пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Гэта паклала пачатак ліквідацыі гістарычнай несправядлівасці ў адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў, звязанай з Рыжскім мірным дагаворам, які фактычна падзяліў нашу краіну і народ на дзве часткі. Падзеі восені 1939 года маюць вялікае значэнне для гісторыі Беларусі, і асабліва для гісторыі беларускай дзяржаўнасці. 14 лістапада 1939 года працэс уз’яднання беларускага народа завяршыўся. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб далучэнні да рэспублікі Заходняй Беларусі. І з гэтага моманту беларусы сталі жыць у адной дзяржаве — Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы”, — расказаў Вячаслаў Даніловіч.

Паводле яго слоў, гэта самае сапраўднае яднанне, уз’яднанне беларускага народа. “Гэтыя падзеі найбольш падыходзяць для ўстанаўлення Дня народнага адзінства, — лічыць рэктар. — Гэта адыграе вельмі важную ролю, таму што мы прадэманструем, наколькі важны гэтыя па­дзеі для гісторыі беларускага народа і дзяржаўнасці. У той час беларусы Усходняй і Заходняй Беларусі выступалі за гэтае ўз’яднанне, віталі яго. І такое рашэнне прыняў Усебеларускі сход Заходняй Беларусі, які адбыўся 28—30 кастрычніка ў Беластоку і на які былі выбраны прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў, груп насельніцтва Заходняй Беларусі. Пераважная большасць гэтых прадстаўнікоў выказалася за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэта было волевыяўленне народа”.

Вячаслаў Даніловіч упэўнены: беларусам неабходна прыняць актыўны ўдзел у вызначэнні даты Дня народнага адзінства. “Гэта вельмі важна, таму што гэты дзень закранае ўсіх грамадзян. Устанаўленне такога дня пасадзейнічае, з аднаго боку, захаванню аб’ектыўнай гістарычнай памяці аб знакавых падзеях у жыцці нашага народа і дзяржавы. З іншага боку, гэта неабходна ў сучасных умовах інфармацыйнай гібрыднай вайны, калі спрабуюць фальсіфікаваць і сказіць гістарычныя падзеі. І ў першую чаргу пад спробы фальсіфікацыі падпадаюць якраз падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, якія мелі вялікае значэнне для беларускага народа. Я лічу, што ў нас ёсць усе неабходныя гістарычныя, навуковыя абгрунтаванні для таго, каб устанавіць Дзень народнага адзінства ў нашай краіне”, — сказаў ён на заканчэнне.
Прагаласаваць за выбар даты дзяржаўнага свята Дзень народнага адзінства можна на сайце Усебеларускага народнага сходу https:// vsebel. by/.