Вызначыць канкрэтныя праекты для рэалізацыі

Беларусь — Манголія

Беларусь і Манголія зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва. Гэта пацвердзілі на сустрэчы ва Уфе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. На яго думку, краіны не могуць быць задаволены існуючым узроўнем узаемадзеяння. “У нас вельмі падобныя людзі, вельмі працавітыя, добрыя. У нас ёсць чым гандляваць. Думаю, нам трэба было б арганізаваць на ўзроўні ўрадаў значныя групы, якія вывучылі б і прадставілі нам некалькі напрамкаў супрацоўніцтва, аж да канкрэтных праектаў”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пастаўкі ў Манголію беларускіх велікагрузных аўтамабіляў. “Гэта добры праект, мы гатовы яго развіваць, — сказаў беларускі лідар. — Але гэтага мала, трэба ісці далей”.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў ажыццявіць узаемныя візіты спецыялістаў дзвюх краін, а затым на вышэйшым узроўні, каб намеціць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Ён дадаў, што беларускі бок зацікаўлены ў гэтым.
У сваю чаргу Прэзідэнт Манголіі лічыць, што ў дзвюх дзяржаў ёсць шмат магчымасцей для актывізацыі супрацоўніцтва. “Мы добра ведаем беларускія трактары, самазвалы, аўтамабілі БелАЗ. Раней у кожнай сям’і быў халадзільнік “Мінск”, а жывёлаводы шырока выкарыстоўвалі матацыклы “Мінск”, — сказаў Прэзідэнт Манголіі. Ён падкрэсліў, што Манголія — адна з тых азіяцкіх краін, дзе добра ведаюць беларускую прадукцыю, і прапанаваў беларускаму боку разгледзець пяць канкрэтных напрамкаў, па якіх краіны могуць развіваць далейшае супрацоўніцтва.
Цахіягійн Элбэгдорж звярнуў увагу на падабенства Беларусі і Манголіі: “Мы — краіны, якія не маюць выхаду да мора, не валодаем ядзернай зброяй, мы амаль адначасова перайшлі да рыначнай эканомікі, знаходзімся паміж буйнымі дзяржавамі”. Беларусь і Манголія з’яўляюцца раўнапраўнымі партнёрамі. Ён з задавальненнем адзначыў той факт, што ў 2014 годзе Беларусь адкрыла Пасольства ў Манголіі, сумесная беларуска-мангольская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве правяла тры пасяджэнні.
Традыцыйна беларускі экспарт у Манголію складае аснову тавараабароту і характарызуецца дастатковай ступенню дыверсіфікацыі. Аснову беларускага экспарту складаюць кар’ерныя самазвалы, ліфты, чыгуначныя вагоны, прадукты харчавання, нафтапрадукты, часткі і прылады да аўтамабіляў і трактароў.