Welcome, Miss Кніга!

Заўтра пачне працаваць ХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”. Адразу хочацца папярэдзіць чытача: забудзьце мінулы адрас! Гісторыя правядзення галоўнага кніжнага форуму краіны ў выставачным комплексе па вуліцы Янкі Купалы скончылася ў мінулым годзе. Сёлета ён пройдзе ў больш прасторным і значна прыгажэйшым будынку па адрасе праспект Пераможцаў, 14. Даём і народны “арыенцір” — кіруйцеся на “Капялюш”!

Сёлета ў ММКВК “Кнігі Беларусі” прымуць удзел экспаненты з 28 краін — рэкордная колькасць за ўсю гісторыю. Упершыню ўдзельнікам форуму стане Бразілія. А Кітайская Народная Рэспубліка, якая, трэба заўважыць, і раней не “тулілася ў кутку” на кніжнай выставе ў беларускай сталіцы, сёлета разгорнецца напоўніцу. Менавіта Кітай будзе ў гэтым годзе ганаровым госцем ММКВК “Кнігі Беларусі”. На стэндзе плошчай амаль 400 квадратных метраў экспазіцыя гэтай краіны прадставіць прыблізна 5 тысяч выданняў — класічную і сучасную кітайскую літаратуру, мастацкія альбомы, календары, даведнікі. На выставачныя дні запланавана мноства мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел пісьменнікі з Паднябеснай. Важнай падзеяй стане падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб перакладзе і выданні класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі ў 2015—2020 гадах.
Зрэшты, наша краіна намаганнямі Выдавецкага дома “Звязда” ўжо даўно можа пахваліцца беларуска-кітайскім творчым супрацоўніцтвам. Так, першай ластаўкай у гэтым сэнсе была кніга “Пад крыламі дракона”, у якой наш слынны паэт Мікола Мятліцкі перастварыў па-беларуску творы 100 паэтаў Кітая. Пад беларускім патранажам у Пекіне нядаўна пабачыла свет кніга “Беларусь вачамі кітайцаў” — адмысловы творчы праект, у якім сабраны ўражанні кітайскіх палітолагаў, вучоных, журналістаў, якія прыязджалі ў Беларусь у розныя гады. Кніга перакладзена на беларускую мову беларускімі перакладчыкамі, што сведчыць аб узроўні кітаязнаўчай школы ў Беларусі. Рупіцца “Звязда” і пра тое, каб знаёміць айчынных чытачоў з сучаснай кітайскай літаратурай. Ужо выйшлі два зборнікі паэтычнай серыі “Светлыя знакі” (дарэчы, “светлымі знакамі”, паводле сваёй этымалогіі, і з’яўляюцца іерогліфы), вось-вось выйдуць яшчэ два.
Галоўнымі тэмамі сёлетняй ММКВК, безумоўна, стануць 70-годдзе Вялікай Перамогі і Год моладзі, якім абвешчаны ў Беларусі 2015 год. Адзін з самых цікавых праектаў, які паяднаў гэтыя дзве тэмы, здзейсніла Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, якая правяла конкурс маладзёжнага патрыятычнага плаката, прысвечаны юбілею Вялікай Перамогі. У конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі сямі краін. Лепшыя творы можна будзе ўбачыць на кніжнай выставе-кірмашы.
Цэнтральным мерапрыемствам выставы стане міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час”, удзельнікі якога, прадстаўнікі 16 краін, абмяркуюць такія тэмы, як роля творчай інтэлігенцыі ў глабальным свеце, важнасць слова пісьменніка-сучасніка для захавання духоўна-маральных асноў развіцця грамадства, высокая місія пісьменніка ў рабоце з моладдзю.
Наогул жа, з 11 па 15 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” айчынных кнігаманаў чакае сапраўднае свята — з бясконцымі прэзентацыямі, дыспутамі, выставамі. Па традыцыі свае адметныя праграмы прадставяць такія вялікія краіны, як Расія, ЗША, Германія, Францыя, Італія.
Аўтар гэтых радкоў невыпадкова звярнуўся ў загалоўку да кнігі як да “міс”. Хочацца верыць, што кнігі, прадстаўленыя на ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, ператворацца ў зычлівых руках чытачоў у “місіс”.

Мікола ЧЭМЕР.