Workout. Вуліца. Свабода

Што такое workout? Гэта вуліца і свабода. Прыкладна гэтымі двума словамі можна ахарактарызаваць маладзёжны рух, у аснове якога ляжыць усвядомленая фізічная актыўнасць і здаровы лад жыцця. Ён усё больш прыцягвае людзей тым, што не патрабуе ніякіх фінансавых затрат: дастаткова выйсці на вуліцу і прыдумаць, як прама тут, на спартыўнай пляцоўцы, або нават на тым месцы, дзе стаіш, можна трэніравацца. Калі ёсць мэта ўдасканаліць сваё цела і дух, то пачынаць можна з чаго заўгодна. Workout — гэта адрэналін, прыгажосць і яшчэ адзін доказ таго, што чалавек здольны амаль на неверагоднае.

Як кажуць, усё новае — гэта добра забытае старое. І ў дачыненні да такой з’явы, як workout, гэты выраз таксама прымянімы. Аднак сёння вядомы ўсім від фізічнай актыўнасці напаўняецца новым сэнсам. “Тут няма месца ўласнай важнасці і неразумным недаацэнкам чалавека. Тут, на вуліцы, поўная свабода! Кожны знаходзіцца сярод такіх жа хлопцаў і дзяўчат, якія імкнуцца да самаўдасканалення. Тут усе лепшыя і ўсе роўныя. Тут людзі атрымліваюць глыток свежага паветра”, — так пазіцыяніруюць сябе беларускія аматары workout.
“Мы трэніруемся самастойна і прыходзім да рэзультату шляхам спроб і памылак, — расказвае адзін з прыхільнікаў руху студэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Іван Міхеткін. — Калі ты не навучышся пераадольваць сябе, не дасягнеш нічога ўвогуле. Я пачынаў трэніравацца ў падвале ўласнага дома. Падцягваўся на батарэі. І хоць да гэтага меў фізічную падрыхтоўку, займаўся ўсходнімі адзінаборствамі, прыйшлося нялёгка. Матыватарам паслужыў малодшы брат, які праз год трэніровак здзівіў мяне сваімі трукамі на турніку. Пасля таго, як не сорамна ўжо было выйсці на дваровую спартыўную пляцоўку, менавіта яна і стала месцам маіх трэніровак. Пазней працаваў важатым у летніку, і да нас прыехалі з выступленнем хлопцы. Падумаў, я ж таксама нешта магу, і папрасіўся выступіць разам з імі. Так я трапіў у каманду”.
“Гэта своеасаблівая маладзёжная субкультура, — адзначае Сяргей Жалейка, які таксама займаецца “вулічным фітнесам”. — Мне асабіста яна дае магчымасць не толькі трэніравацца, але і знаёміцца з новымі людзьмі, сябраваць, падарожнічаць па розных гарадах, выступаць на спаборніцтвах”.

Пятнічны вечар, 6 гадзін. Члены каманды выпраўляюцца на workout-трэніроўку. Звычайна ў цёплы перыяд яна збірае каля 20 — 30 чалавек, сярод іх некалькі дзяўчат. Гледзячы на тое, што некаторыя з іх вырабляюць на пляцоўцы, пачынаеш разумець, колькі часу і поту ўкладзена ў кожны элемент.
“Для таго, каб выконваць самыя складаныя элементы, трэба здаць нешта накшталт базавага нарматыву, — кажа Сяргей, — такое правіла ў нашай камандзе. Мы сур’ёзна падыходзім да ўмацавання мышцаў і суставаў, і гэта дапамагае пазбегнуць многіх праблемных момантаў.
У workout ёсць некалькі кірункаў, адзін з іх gimbarr (хаця паводле некаторых крыніц gimbarr з’яўляецца самастойным відам). Паходзіць ён з Калумбіі і з’яўляецца для калумбійцаў нацыянальным відам спорту. Элементы са стылю gimbarr выконваюцца на турніку і патрабуюць сілы і гнуткасці адначасова. Гэта вельмі складаныя і траўманебяспечныя трукі. Мне даводзілася назіраць траўмы, ведаю, што бываюць і пераломы. Аднак мы ўважлівыя да гэтага”.
Сёння набывае папулярнасць і такі кірунак, як handstand, у якім трэніруюцца стойкі і хадзьба на руках, адцісканні ў стойцы на руках, выхады ў стойку.
Хлопцы расказваюць, што нярэдка яны трэніруюцца разам са святарамі з мінскага храма “Усіх смуткуючых Радасць”. Дарэчы, менавіта святары дапамаглі моладзі знайсці для заняткаў у асабліва халодны час спартыўную залу, дзе можна адпрацоўваць асобныя элементы выступленняў.
Дзяўчат, якія з’яўляюцца прыхільніцамі руху workout, пакуль што ў Беларусі не вельмі многа. У адрозненне ад хлапечых каманд, якія існуюць у розных гарадах краіны, а ў сталіцы — бадай, у кожным мікрараёне. Маша Глінская і Дзіяна Кокцева — будучыя мастакі-мадэльеры, вучацца ў Мінскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы і ўжо больш як паўгода практыкуюць трэніроўкі на вуліцах сталіцы. Іх знаёмства з workout, як і ў многіх іншых, адбылося праз сацыяльныя сеткі, дзе ўсе яны ўваходзяць у згуртаванні, звязаныя са здаровым ладам жыцця.
“Мы і да гэтага займаліся фізічнай культурай, пераважна бегам, — расказвае Маша Глінская. — Але калі трэніруешся разам з людзьмі, якія, як і ты, накіраваны на ўдасканаленне, гэта натхняе. Больш вопытныя сябры падказваюць нам, як пазбегнуць памылак і дасягнуць мэты. У мяне ёсць уласны поспех, цяпер я магу сесці на шпагат, хаця да гэтага не было амаль што ніякай расцяжкі. Кожны раз устаўляю навушнікі ў вушы і пераадольваю сябе, музыка дапамагае мне не канцэнтравацца на цяжкасцях, з ёй лягчэй вытрымаць нагрузку”.

Здаецца, менавіта цяпер павінны стаць запатрабаванымі дваровыя спартыўныя пляцоўкі, на турніках урэшце перастануць сушыць бялізну і выбіваць дываны. Аднак, як аказалася, далёка не кожная пляцоўка падыдзе для трэніровак і найперш па той прычыне, што падфарбаваныя турнікі і брусы яшчэ савецкага часу не вельмі трывалыя.
“Без сумненняў, калі на іх не трэніравацца, яны прастаяць у такім жа акуратным выглядзе яшчэ з дзясятак гадоў, — усмі-хаецца Іван Міхеткін. — Нядаўна я трапіў у цікавую сітуацыю: ідучы праз двары, вырашыў паспрабаваць турнік, які быў якраз на шляху. Патрэбна было агледзець яго, але я не зрабіў гэтага, і пасля двух-трох падцягванняў перакладзіна разламалася ў маіх руках. На шчасце, у горадзе ёсць і неблагія пляцоўкі, а не так даўно адкрылася новая пляцоўка на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Канечне, калі параўноўваць яе з падобнымі пляцоўкамі ў Кіеве, то ўкраінскія выглядаюць значна лепш, але для першага разу гэта вельмі нядрэнна”.
“Ёсць спецыялізаваныя пляцоўкі для workout, аднак яны нятанныя, — падтрымлівае сябра Сяргей. — Вельмі дорага каштуе пакрыццё. Пляцоўка ж БНТУ камфортная тым, што там ёсць розныя віды турнікоў, перакладзін, лесвіц. Праграму трэніровак можна скласці з самых розных практыкаванняў. Напрыклад, розніца паміж той жа змейкай на пляцоўцы сучаснай і старой дваровай вельмі значная”.
Ці ёсць прыхільнікі руху workout сярод сельскай моладзі або ён з’яўляецца часткай пераважна гарадской субкультуры? Мае суразмоўцы не па чутках ведаюць, што ад месца жыхарства жаданне займацца не залежыць. Трэніравацца ў сталіцу прыязджаюць нават з суседніх гарадоў, прычынай таму камандны дух, сяброўская атмасфера. Аднак і пытанне адсутнасці спартыўных пляцовак, думаецца, таксама іграе сваю ролю.
“Я вельмі часты госць у вёсцы сваёй бабулі, — адзначае Сяргей Жалейка, — і выдатна ведаю, што жаданне займацца ў сельскай моладзі ёсць. Мы з мясцовымі хлопцамі нават хадзілі да дырэктара школы, прасілі кіраўніцтва, каб нам пасадзейнічалі ў аднаўленні спартыўнай пляцоўкі. Мы б самі ўсё падправілі, умацавалі, закапалі… Але адказ адзін: няма сродкаў. Спрабавалі рабіць турнікі сваімі рукамі, аднак без мінімальнай фінансавай падтрымкі зрабіць якасны турнік амаль немагчыма. Ёсць і іншы бок у гэтага медаля: усе мы ведаем, што школа зацікаўленая ў тым, каб яе навучэнцы выступалі на спаборніцтвах, заваёўвалі прызавыя месцы. Атрымліваецца замкнёнае кола, і такія супярэчнасці не даюць ні адным ні другім дасягнуць мэты.
Пачынаць займацца трэба з малымі. Нярэдка, калі я прыязджаю, яны збіраюцца вакол мяне. Вочы гараць. Ім цікава. Просяць паказаць розныя практыкаванні. У мяне ў вёсцы ёсць некалькі турнікоў, але яны занадта высокія для малых. Мне прыемна адчуваць сябе ў ролі трэнера, упэўнены, што ўжо гадоў з 10 хлопцаў патрэбна матываваць”.
Іван прызнаецца, што ён таксама з’яўляецца трэнерам для сына сваіх сяброў. Разам ім многае ўдаецца.

Аматараў спартыўных пляцовак нярэдка можна ўбачыць у майках і байках з надпісам workout. Яны супраць шкодных звычак, фаст-фуду і кока-колы. Яны адкрытыя і камунікабельныя.
“Не многія ведаюць, што workout бярэ пачатак з бедных амерыканскіх кварталаў, дзе моладзь займалася на вуліцах, — адзначае Іван. — Мы не ставім за мэту прапаганду гэтай культуры. Workout — па сутнасці новая назва даўно знаёмых нам рэчаў, мы развіваем яе, ствараем сваю аснову”.
У тым, што “вулічны фітнес” набірае абароты, сумнявацца не прыходзіцца. Магчыма, зусім хутка і ў вашым двары з’явяцца маладыя людзі, якія будуць здзіўляць навакольных лоўкасцю і сілай мышцаў і натхняць іншых на подзвігі. Чаму б і не вас?

 

Наталля АЛЁХІНА.