WorldSkills — каштоўныя інвестыцыі ў будучыню

У год 75-годдзя айчыннай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, бясспрэчна, самым значным крокам у яе дынамічным развіцці з’яўляецца ўступленне Рэспублікі Беларусь у сусветную арганізацыю WorldSkills International і ўдзел беларускай каманды ў спаборніцтвах WorldSkills. Аб гэтай падзеі расказвае першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі афіцыйны дэлегат WorldSkills Эдуард Мечыслававіч КАЛІЦКІ.

— У час цырымоніі адкрыцця сусветнага чэмпіянату ў Сан-Паўлу старшыня Міжнароднай арганізацыі WorldSkills Сайман Бартлі адзначыў, што гэтае спаборніцтва — свята, якое аб’ядноўвае свет. І ён не перабольшыў. У час гэтага маштабнага працоўнага форуму панаваў байцоўскі дух і адначасова дух еднасці народаў, краін і кантынентаў. Яго цяжка было не заўважыць у атмасферы ўсёабдымнага трыумфавання. Ці настолькі вялікі сёння аўтарытэт WorldSkills?
— Гэта, безумоўна, так. WorldSkills International — арганізацыя трывалая, добранадзейная, якая ўжо замацавала свой аўтарытэт ва ўсім свеце. У ёй адсутнічае дыскрымінацыя, палітычныя аспекты, гэты рух збліжае, аб’ядноўвае краіны ўсіх кантынентаў, нашу моладзь. Гэтая арганізацыя як алімпійскі рух, які ідзе толькі на карысць кожнаму ўдзельніку і ўвогуле краінам.Па сутнасці, сёння ідзе глабалізацыя прафесійнай адукацыі, што, безумоўна, мае станоўчы эфект для сусветнай эканомікі і для кожнай з краін-удзельніц паасобку. З улікам гэтых тэндэнцый рух WorldSkills з кожным годам пашыраецца і набывае ўсё новыя рысы. Калі ён толькі-толькі распачынаўся, а гэта быў далёкі 1946 год, у WorldSkills Іnternational уваходзілі толькі дзве краіны — Партугалія і Іспанія. З часам колькасць краін узрастала і ў 2015 годзе дасягнула 74, што ахоплівае каля 80 працэнтаў насельніцтва ўсяго зямнога шара. Як бачна, значэнне руху WorldSkills ужо пацверджана часам і не падвяргаецца сумненням ці нейкаму недаверу як з боку перадавых краін, так і тых, што развіваюцца. Трэба сказаць, што побач з такімі магутнымі дзяржавамі свету, як Японія, Карэя, Францыя, Германія, у гэтай арганізацыі знаходзяцца краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Безумоўна, знамянальнай падзеяй з’яўляецца ўваходжанне ў WorldSkills у 2014 годзе Рэспублікі Беларусь.

— Вядома, што ў час правядзення спаборніцтваў у бразільскім горадзе Сан-Паўлу адбылося пасяджэнне кангрэса WorldSkills. Якая тэма размовы была асноўнай?
— Гэты кангрэс з’яўляецца кіруючым органам руху WorldSkills, збірае прадстаўнікоў усіх краін, іх афіцыйных дэлегатаў і традыцыйна праводзіцца ў час конкурсу. Звычайна на пасяджэннях кангрэса вызначаецца палітыка руху, абмяркоўваюцца злабадзённыя пытанні арганізацыі і правядзення сусветных спаборніцтваў, вырашаюцца задачы на перспектыву. На гэты раз абмяркоўваліся і некаторыя праблемы. Сёння відавочна, што арганізаваць такое маштабнае спаборніцтва, як WorldSkills, з кожным годам становіцца ўсё цяжэй з-за колькасці краін-удзельніц і ўзрастаючай колькасці прадстаўленых кампетэнцый, што вядзе да істотнага павелічэння колькасці канкурсантаў. На сёлетнім спаборніцтве ў Сан-Паўлу было 50 кампетэнцый, але праз два гады іх, магчыма, стане яшчэ больш. Цяжка арганізаваць на якасным узроўні спаборніцтвы такога маштабу, таму на гэтым кангрэсе вялася размова аб тым, як будзе развівацца рух у найбліжэйшы час і на перспектыву да 2025 года. Як вядома, разам з рухам WorldSkills сёння таксама імкліва развіваецца рух ЕuroSkills, які, мяркуючы па назве, праводзіцца для краін Еўропы. WorldSkills праводзіцца адзін раз у два гады, і паміж гэтымі сусветнымі спаборніцтвамі праводзіцца ЕuroSkills. Такім чынам, атрымліваецца, што конкурсы такога кшталту праводзяцца штогод.
Цяпер гэтыя два рухі ідуць амаль паралельна адзін аднаму, і яны амаль што не перасякаюцца. Мы прывыклі менавіта да ступеньчатай арганізацыі спаборніцтваў, калі пераможцы рэгіянальнага конкурсу потым спаборнічаюць на рэспубліканскім узроўні. У руху WorldSkills, на жаль, такой градацыі няма, і кожны з такіх конкурсаў праходзіць амаль сам па сабе. Таму было б лагічна, каб пераможцы ЕuroSkills выступалі на сусветным спаборніцтве WorldSkills.
Узнікае пытанне, як суаднесці гэтыя два рухі, як зрабіць іх дапаўненнем адзін аднаго, як арганізаваць прамую сувязь паміж іх кіруючымі органамі. Магчыма, ёсць неабходнасць у будучыні рэарганізаваць гэтыя два конкурсы, праводзіць іх паэтапна, спачатку па рэгіёнах асобных кантынентаў і краін. Напэўна, трэба праводзіць адборачныя спаборніцтвы, а потым пераможцаў збіраць на сусветным чэмпіянаце WorldSkills. Як бачна, новы фармат гэтага спаборніцтва вельмі неабходны, і сёння актыўна вядзецца яго пошук.

— Якую фінансавую падтрымку мае сёння рух WorldSkills? Ці ёсць у яго спонсары?
— Хачу сказаць, што гэтае мерапрыемства вельмі дарагое. Магчыма, яно сябе акупляе, калі весці разлікі на перспектыву. Сапраўды, гэтае спаборніцтва пазіцыянуе развіццё працоўных рэсурсаў, матывуе моладзь на атрыманне рабочай прафесіі, павышае імідж прафесійнай адукацыі як асновы падрыхтоўкі кадраў для эканомікі. Гэта сапраўды каштоўнае ўкладанне інвестыцый у нашу будучыню. Але калі гаварыць непасрэдна пра само правядзенне конкурсу, то для гэтага, безумоўна, неабходны вялікія сродкі. Толькі некалькі працэнтаў у бюджэт спаборніцтва прыўносяць краіны-ўдзельніцы у выглядзе ўзносаў, а гэта зусім малая сума. Таму нельга абысціся без магутных сусветных спонсараў. На гэты раз у Сан-Паўлу львіную частку затрат узяла на сябе кампанія Samsung, якая ў значнай меры спансіравала правядзенне гэтага мерапрыемства, падрыхтавала падарункі ўсім удзельнікам конкурсу. Афіцыйным дэлегатам чэмпіянату, кіраўнікам дэлегацый былі падараваны iPad з начынкай аб прафесійных стандартах WorldSkills. Трэба сказаць, што такіх спонсараў, як Samsung, якія ўлічваюць глабалізацыю эканомікі і бачаць эканамічны сэнс у падтрымцы руху WorldSkills, даволі шмат.

— Ці стане наяўнасць прафесійных стандартаў WorldSkills дзейсным матывам для распрацоўкі прафесійных стандартаў у нашай сістэме прафесійнай адукацыі?
— Наяўнасць прафесійных стандартаў WorldSkills паслужыла для нашай сістэмы прафесійнай адукацыі першай спробай па кожнай з 50 кампетэнцый, прадстаўленых на міжнародным спаборніцтве, распрацаваць прафесійныя стандарты, вызначыць кваліфікацыйныя патрабаванні і
функцыі па кожнай прафесіі. Гэта сапраўды вельмі дарагі падарунак для нас. На сённяшні дзень з’явілася рэальная магчымасць дакрануцца да міжнароднага вопыту на практыцы.Трэба прызнаць, што раней такой магчымасці не было. Мы маглі паехаць у канкрэтную краіну, наведаць канкрэтную навучальную ўстанову, але гэта быў не сусветны абагульнены вопыт. Здабыць яго мы можам сёння за кошт удзелу ў руху WorldSkills. Менавіта на ім збіраюцца лепшыя кадры з усяго свету па той ці іншай прафесіі, рэальна дэманструюцца найноўшыя тэхналогіі, методыкі падрыхтоўкі, сучаснае аснашчэнне рабочых месцаў. Гэта бясцэнны вопыт, які мы павінны выкарыстоўваць у нашай сістэме прафесійнай адукацыі. Вельмі прыемна, што на ўзроўні кіраўніцтва краіны, нашага ўрада мы атрымалі станоўчы водзыў, і сёння рыхтуецца пастанова аб пераглядзе прафесійных стандартаў і кваліфікацыйных характарыстык на аснове прафесійных стандартаў WorldSkills. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны створаны структура прафесійнага стандарту і механізмы для яго распрацоўкі. Калі яны будуць адобраны, то на іх аснове мы будзем распрацоўваць прафесійныя стандарты.

— Вельмі прыемна, што дзве нашы ўдзельніцы, цырульніца Алеся Назарава і закройшчыца Вольга Закрэўская, атрымалі медалі за высокія вынікі ў Міжнародным спаборніцтве WorldSkills у Сан-Паўлу, станоўчыя вынікі паказалі і іншыя нашы канкурсанты. Гэта, безумоўна, уздымае імідж і канкрэтнай установы, дзе вучацца ўдзельнікі WorldSkills, і ў цэлым прафесійнай адукацыі нашай краіны. Як будзе выкарыстоўвацца ў далейшым іх вопыт?
— Безумоўна, мы збіраемся выкарыстаць вопыт нашых удзельнікаў WorldSkills, іх высокія вынікі ў маштабе ўсёй прафесійнай адукацыі нашай краіны. Згодна з правіламі WorldSkills Іnternational і як адзначыў яе старшыня Сайман Бартлі, канкурсант можа толькі адзін раз удзельнічаць у спаборніцтве WorldSkills, а эксперты і трэнеры — да 10 разоў. Значыць, мы можам выгадаваць з былых удзельнікаў спаборніцтва новых экспертаў і трэнераў для далейшых сусветных спаборніцтваў. Таму важна іх не выпусціць з поля зроку, задзейнічаць іх у гэтым руху. Большасць удзельнікаў, якія ўжо не могуць выступаць у далейшых конкурсах, гатовы ўдасканальваць свае веды і ўменні, узбагачаць свой вопыт і выкарыстоўваць яго на новых спаборніцтвах, дзе яны могуць выступіць у ролі трэнераў. Акрамя таго, удзельнікаў спаборніцтваў WorldSkills мы будзем далучаць да работы ў якасці лектараў на факультэце павышэння кваліфікацыі ў РІПА, яны могуць праводзіць майстар-класы як на факультэце для слухачоў, так і ў навучальных установах. Іх асабісты аўтарытэт заслужаны, дастаткова высокі і можа паўплываць на ўзняцце іміджу самой навучальнай установы і ў цэлым прафесійнай адукацыі. І гэтаму ўжо ёсць рэальнае пацвярджэнне. Напрыклад, у час уступнай кампаніі навіна аб тым, што навучэнец Мінскага каледжа кулінарыі ўдзельнічаў у спаборніцтве WorldSkills у Бразіліі, паўплывала на выбар прафесій рэстараннага сэрвісу многімі абітурыентамі, і план прыёму ў каледж быў паспяхова выкананы.

— Як паўплывае вопыт удзельнікаў WorldSkills на фарміраванне экспертнай супольнасці?
— Да нядаўняй пары фарміраванне экспертнай супольнасці было слабым месцам як у колькасных, так і ў якасных адносінах. На жаль, у экспертную супольнасць уваходзяць пакуль толькі адзінкавыя асобы з ліку выкладчыкаў устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, малога і сярэдняга бізнесу. Яны, безумоўна, добра падрыхтаваны, але адзінае, чаго ім не хапае, гэта міжнароднага вопыту, непасрэдна кантактаў з калегамі з іншых краін. Таму, адназначна, усіх канкурсантаў, трэнераў, экспертаў, якія пабывалі на спаборніцтвах WorldSkills-2015, мы задзейнічаем у фарміраванні экспертнай супольнасці. Усе нашы ўдзельнікі сёлетняга WorldSkills наладзілі цесныя стасункі з іншымі краінамі, і мы мяркуем, што гэта стане падставай для больш канструктыўных зносін нашых экспертаў з замежнымі. Плануем таксама падключаць у большай меры нашых работадаўцаў, якія маглі б у галіновых саветах уплываць на развіццё прафесійнай адукацыі нашай краіны як у цэлым, так і ўдзельнічаць у стварэнні прафесійных стандартаў для розных кваліфікацый на аснове міжнароднага вопыту, і ў першую чаргу WorldSkills. Такім чынам, мы будзем фарміраваць экспертную супольнасць з ліку тых экспертаў, якія маюць айчынны і міжнародны вопыт па развіцці прафесійнай адукацыі. Карысным тут будзе таксама стварэнне групы экспертаў на ўзроўні СНД. Плануецца арганізаваць экспертны клуб у кожнай краіне Садружнасці.

— Якія задачы на найбліжэйшы час ставіць перад сабой Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі?
— У РІПА распачалася работа па падборы навучальных устаноў, якія стануць вядучымі ў развіцці і ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі па той ці іншай прафесіі і на базе якіх можна будзе павышаць майстэрства нашых навучэнцаў. Далучаць усе аднапрофільныя ўстановы да гэтага працэсу нерацыянальна, і не хопіць рэсурсаў, а стварыць адзін рэсурсны цэнтр было б мэтазгодна — такім чынам можна стварыць кропкі росту па кожнай канкрэтнай прафесіі. На рабочай нарадзе, якую плануем правесці ў найбліжэйшы час, мы будзем абмяркоўваць гэтую тэму, выслухаем меркаванні ўдзельнікаў спаборніцтва, экспертаў, трэнераў, і на аснове атрыманых высноў распрацуем праграму далейшых дзеянняў па падрыхтоўцы нашай каманды да наступнага конкурсу WorldSkills, па развіцці сістэмы прафесійнай адукацыі на аснове ўдзелу нашай краіны ў спаборніцтвах WorldSkills. Важна, каб гэты працэс быў незваротны і забяспечваў устойлівае развіццё краіны.
Згодна з праграмай будзе распрацаваны план работы РІПА і Міністэрства адукацыі, дзе будзе перагледжана абнаўленне зместу падрыхтоўкі кадраў па той ці іншай прафесіі, навучання майстроў вытворчага навучання і падрыхтоўкі выкладчыкаў для ўстаноў прафесійнай адукацыі, праведзена ацэнка вучэбна-матэрыяльнай базы навучальных устаноў, вучэбнай і дапаможнай літаратуры. Безумоўна, у далейшым неабходна ажыццяўляць пераход на модульнае навучанне, што дазволіць пад асобны модуль адпрацоўваць кожную функцыю. Пры гэтым важна будзе не тое, што навучэнец атрымаў дыплом, а якую ён атрымаў кваліфікацыю.
Мяркуецца стварыць 20 рэсурсных цэнтраў, аснашчаных па апошнім слове тэхнікі. Яны стануць своеасаблівымі маякамі, рэпернымі кропкамі, на якія будуць арыентавацца іншыя навучальныя ўстановы і накіроўваць у рэсурсныя цэнтры для навучання сваіх педагогаў і навучэнцаў. Спадзяёмся, што нам удасца гэта ажыццявіць пры падтрымцы дзяржавы, іншых інвестараў, якія ўсведамляюць значнасць развіцця прафесійнай адукацыі для інавацыйнай эканомікі і вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі.

— Напэўна, сёння неабходна вызначыць тыя важныя для эканомікі нашай краіны прафесіі, якія трэба развіваць і ўдасканальваць у далейшым.
— Сёння ў рэчышчы міжнародных тэндэнцый мы падыходзім да развіцця прафесійнай адукацыі не агулам, а кропкава, мяркуем браць яе не ў цэлым, а толькі асобную прафесію і рухаць, удасканальваць яе згодна з міжнароднымі патрабаваннямі. Выбар прафесій павінен зыходзіць з унутраных інтарэсаў і патрэб эканомікі, каб быў сэнс укладваць рэсурсы. І неабавязкова, каб гэты выбар быў заснаваны на тых прафесіях, якія прадстаўляе сёння WorldSkills. Пры гэтым мы будзем абавязкова павялічваць колькасць прафесій, па якіх нашы канкурсанты будуць выступаць на наступных спаборніцтвах WorldSkills. Перад Міжнародным конкурсам WorldSkills-2017 у 2016 годзе ў Мінску будзе праводзіцца ІІ Нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства. Мы мяркуем, што пры павелічэнні колькасці прафесій і, адпаведна, удзельнікаў наша спаборніцтва будзе займаць ужо не палову футбольнага манежа, як было на першым чэмпіянаце, а ўсю яго плошчу. Мы будзем вызначаць узровень прафесійнай падрыхтоўкі нашых навучэнцаў з дапамогай як айчынных суддзяў і экспертаў, так і міжнародных, якіх мы плануем запрасіць, каб можна было, як кажуць, іншымі вачамі паглядзець, як падрыхтаваны наш канкурсант, як у цэлым вядзецца падрыхтоўка па той ці іншай прафесіі, ці правільным кірункам мы ідзём. WorldSkills з’яўляецца рухальнай сілай развіцця прафесійнай адукацыі. Сёння гэта не толькі рухальная, але і вымяральная сіла, якая паказвае, што і як мы робім у сістэме прафесійнай адукацыі з міжнароднага пункту гледжання і ці сугучныя нашы крокі з міжнароднымі.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.