WorldSkills Kazan — 2019: старт у будучыню

- 11:16World Skills

22 па 27 жніўня ў Казані (Расія) адбудзецца 45-ы Міжнародны чэмпіянат WorldSkills Kazan — 2019. Беларусь далучылася да арганізацыі WorldSkills International (WSI) у 2014 годзе і ўжо прыняла ўдзел у двух сусветных чэмпіянатах WSI — у Сан-Паўлу (Бразілія, 2015) і Абу-Дабі (ААЭ, 2017) — і шэрагу рэгіянальных конкурсаў. Напярэдадні чарговых спаборніцтваў у прэс-цэнтры БелТА прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная развіццю прафесійнай адукацыі і руху WorldSkills у Беларусі, а таксама падрыхтоўцы кадраў для інавацыйнай эканомікі.

WorldSkills — гэта міжнародны некамерцыйны рух, мэтай якога з’яўляецца павышэнне прэстыжу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі, далучэнне моладзі да вытворчага сектара эканомікі, папулярызацыя рабочых прафесій і спецыяльнасцей.

“Рух WorldSkills — своеасаблівыя алімпійскія гульні для маладых прафесіяналаў ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў, якія імкнуцца стаць спецыялістамі высокага ўзроўню. Удзельнікі чэмпіянату — гэта, як правіла, навучэнцы або выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўніверсітэтаў, — ­адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Антонавіч Каспяровіч. — Падчас спаборніцтваў выяўляюцца лепшыя, наладжваецца ўзаемадзеянне і абмен вопытам і напрацоўкамі ў сістэме прафесійнай адукацыі паміж рознымі краінамі, фарміруюцца эфектыўныя ўзаема­сувязі паміж установамі адукацыі і работадаўцамі. ­Удзел у чэмпіянатах дапамагае вызначыць перспектыўныя кірункі развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі ў сваёй краіне, якія вынікаюць з патрэб і асаблівасцей развіцця эканомікі. Становіцца зразумела, якім запатрабаваным сёння ведам і кампетэнцыям неабходна вучыць маладых людзей ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”.

Спаборніцтвы WorldSkills уключаюць ключавыя кірункі, якія адлюстроўваюць структуру сусветнай эканомікі: транспарт і лагістыку, тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, тэхналогіі машынабудавання, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і моду, сацыяльныя і персанальныя паслугі.

WorldSkills International быў створаны больш за 70 гадоў назад. Сёння гэты рух прадстаўлены больш як у 70 краінах. Беларусь мае невялікі, але паспяховы вопыт удзелу ў ім, пачатак якога быў ­пакладзены ў 2014 годзе, калі ў нашай краіне прайшоў першы рэспубліканскі чэмпіянат па 20 конкурсных кампетэнцы­ях. Сёлета на чэмпіянаце ў Казані беларуская каманда будзе ўдзельнічаць у выпрабаваннях па 33 кампетэнцыях, у тым ліку па трох новых кампетэнцыях у кірунку Future Skills. Аб значнасці руху WorldSkills для Беларусі сведчыць той факт, што прэзідэнт нашай краіны сустракаўся з кіраўніком гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Сайманам Бартлі.

Акрэсліваючы маштабнасць міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Мікалаевіч Галубоўскі заўважыў, што пляцоўка WorldSkills прыдатная для пошуку партнёраў сярод прадстаўнікоў бізнесу і дзяржаўных прадпрыемстваў. Разам з тым удзел у руху са­дзейнічае абнаўленню зместу адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з улікам міжнародных стандартаў WorldSkills. Так, у 2018 го­дзе ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” была ўведзена спе­цыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Візуальны мерчандайзінг”, змест якой распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных стандартаў WorldSkills. Падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці пачалася з 1 верасня 2018 года ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі. На Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2018 былі праведзены першыя спаборніцтвы па кампетэнцыях “Візуальны мерчандайзінг” і “Дашкольная адукацыя”.

WorldSkills садзейнічае таму, што ў сістэму прафесійнай адукацыі прыходзяць удзельнікі конкурсаў мінулых гадоў. У якасці педагогаў і майстроў яны актыўна далучаюцца да падрыхтоўкі маладых прафесіяналаў да спаборніцтваў. Дарэчы, удзельнік WorldSkills Kazan — 2019 у кампетэнцыі “Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем” Мікіта Ключнік з’яўляецца выпускніком і маладым выкладчыкам ­каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і ­аўтасэрвісе РІПА.


У 45-м Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Kazan — 2019 прымуць удзел больш 1500 маладых людзей з 63 краін. Экспертамі чэмпіянату стануць каля 2 тысяч спецыялістаў. У мерапрыемстве будзе задзейнічана больш за 2,5 тысячы валанцёраў. Увогуле, конкурсную пляцоўку ў Казані змогуць наведаць больш за 250 тысяч людзей.

Склад зборнай каманды Рэспублікі Беларусь фармі­раваўся па выніках правядзення ІІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018. На працягу года канкурсанты сумесна з экспертамі рыхтаваліся да сусветнага першынства, праходзілі інтэнсіўнае навучанне і стажыроўкі, у тым ліку за мяжой. Агульны склад каманды, уключаючы непасрэдных удзельнікаў чэмпіянату, якіх 36, экспертаў, перакладчыкаў, team-лідараў, афіцыйных асоб, — 83 чалавекі.

Адзін з экспертаў WorldSkills Kazan — 2019 у кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынковачныя работы” — Аляксандр Сяргеевіч Іўчанка — з’яўляецца прадстаўніком ТАА “Кнаўф Маркетынг”. Кампанія мае вопыт укаранення рабочай прафесіі мантажніка каркасна-абшывачных канструкцый у прафесійна-тэхнічных навучальных установах на постсавецкай прасторы. У верасні 2018 года названая спецыяльнасць была ўведзена ў трох навучальных установах, а з 1 верасня бягучага года — яшчэ ў дзвюх установах нашай краіны. На базе свайго вучэбнага цэнтра кампанія “Кнаўф” ажыццяўляе падрыхтоўку маладых людзей да чэмпіянату WorldSkills.

Праграма чэмпіянату ўключае сёлета спаборніцтвы па 56 конкурсных кампетэнцыях WorldSkills International, чэмпіянат юніёраў WorldSkills Juniors  па 13 конкурсных кампетэнцыях (для маладых лю­дзей 14—17 гадоў). Упершыню пройдуць спабор­ніцтвы па 24 перспектыўных прафесіях Future Skills. Так, беларуская каманда паспрабуе свае сілы ў кірунку квантавых тэхналогій, прамысловага дызайну, тэхналогій інфармацыйнага мадэлявання Bim (лічбавага мадэ­лявання ў будаўніцтве). Акрамя таго, сярод кампетэнцый будучыні прадстаўлены тэхналогіі кампазітаў, 3D-прататыпаванне, індустрыя 4.0 (лічбавыя заводы, аўтаматызацыя вытворчых працэсаў), інжынерыя ­касмічных сістэм, інтэрнэт рэчаў, распрацоўка віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, робатызаваная ­зварка, лічбавы мадэль­ер і г.д. У рамках чэмпіянату ­адбудзецца Міжнародная канферэнцыя Skills for Change: Building Blocks for Impact — “Навыкі для перамен: будаўнічыя блокі для дзеянняў”, выстава WorldSkills Kazan — 2019, саміт міністраў адукацыі краін — удзельніц руху WorldSkills. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.