Маладых майстроў з Беларусі, Расіі і Латвіі другі раз сабраў конкурс прафесійнага майстэрства. У яркім кулінарным батле, што на працягу двух дзён адбываўся ў Аршанскім дзяржаўным каледжы харчавання, сустрэліся каманды гаспадароў спаборніцтва, Тэхнікума тэхналогій харчовых вытворчасцей (Тула, Расія), Дзяржынскага тэхнікума бізнесу і тэхналогій (Дзяржынск, Расія) і Валміерскага тэхнікума (Валміера, Латвія).
Навучэнцы змагаліся за перамогу ў кампетэнцыях “Хлебапячэнне”, “Кулінарнае мастацтва” і “Выраб мастацкіх фігур з цукровай масцікі”. Праграма прадугледжвала індывідуальнае выкананне незалежных модуляў за пэўны час з наступнай прэзентацыяй. Работы і ўзровень іх выканання ацэньвала прафесійнае журы, у складзе якога працавалі сертыфікаваныя эксперты WorldSkills з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Таццяна Балашэнка і Любоў Лазовікава, майстар участка філіяла “Аршанскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам” Алеся Гарошкіна, а таксама прадстаўнікі ўстаноў адукацыі — удзельніц конкурсу.
Стартавалі WorldSkills Orsha з самага салодкага спаборніцтва. Конкурснае заданне для майстроў па стварэнні мастацкіх фігур з цукровай масцікі складалася толькі з практычнай работы, на яе адводзілася 2 гадзіны. Кожнаму ўдзельніку прапаноўваўся малюнак з “чорнай скрыні” па жараб’ёўцы. У адпаведнасці з ім патрабавалася вырабіць і прадставіць па 2 фігуркі мастацкіх персанажаў каляднай тэматыкі з цукровай масцікі розных колераў аднолькавай масы, формы і расфарбоўкі вагой не менш за 50 і не больш за 80 грамаў. Работы выконваліся ўручную: формы і прэсы апынуліся пад забаронай, аднак выкарыстанне рэзальных прылад і стэкаў дазвалялася. На адзнаку ўплываў шэраг фактараў, у тым ліку падабенства вырабаў з прадстаўленай мадэллю і паміж сабой, падбор каляровай палітры, форма, стан паверхні, устойлівасць, нават міміка фігурак. У тройку лепшых па колькасці балаў у выніку ўвайшлі Настасся Бялякіна з Дзяржынска, якая заняла першае месца, Настасся Герасімовіч з Оршы, якая стала другой, і Ігар Барыкін з Тулы, якому прысуджана гран-пры.
У другой палове дня ў змаганне ўступілі канкурсанты па кампетэнцыі “Хлебапячэнне”. Конкурснае заданне зноў складалася толькі з практычнай работы. Модуль А — падрыхтоўчы — прадугледжваў азнаямленне ўдзельнікаў з конкурснай пляцоўкай, адаптацыю на рабочым месцы, тэсціраванне абсталявання, інструктаж па ахове працы, праверку наяўнасці неабходнага абсталявання, інвентару, посуду. На ўсё гэта адводзілася 3 гадзіны. Модуль Б — непасрэдна выкананне плеценых вырабаў. Тэхналагічныя карты на іх афармляліся ў адпаведнасці з СТБ 2110-2010; кожны ўдзельнік абавязаны быў стварыць і прэзентаваць па два вырабы вагой 600 грамаў і пры гэтым выкарыстоўваць два розныя метады пляцення, што вызначаліся шляхам жараб’ёўкі з наступнага пераліку: плоская каса з чатырох джгутоў, плоская каса з пяці джгутоў, аб’ёмная каса з пяці джгутоў, каса з шасці джгутоў. Пасля заканчэння часу модуля два вырабы адпраўляліся на ацэнку незалежных экспертаў (адным з крытэрыяў была “сляпая” дэгустацыя), два выстаўляліся на прэзентацыйным стале. Першае месца ў кампетэнцыі “Хлебапячэнне” заваявала аршанка Дар’я Валкевіч, на другім — Алена Цімафеева з Дзяржынска, а гран-пры журы аднагалосна прысудзіла Яне Вернер з Тулы.
Напэўна, найбольш відовішчным і запамінальным атрымаўся конкурс у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” ў другі дзень спаборніцтва. Серыя конкурсных модуляў уключала тэсціраванне прафесійных навыкаў, гатаванне, парцыянаванне, крэатыўнае афармленне і дэкарыраванне кулінарнай прадукцыі без прымянення паўфабрыкатаў. Усяго на заданне адводзілася 4 з паловай гадзіны: праз 3 гадзіны пасля пачатку — прэзентацыя халоднай закускі, праз 3 з паловай гадзіны — прэзентацыя гарачай стравы з птушкі, праз 4 гадзіны — дэсерту з яек, 30 хвілін у на ўборку рабочага месца. Удзельнікі змаглі здзівіць гледачоў і экспертаў арыгінальнай рэцэптурай і афармленнем, прафесійнымі знаходкамі, нестандартнымі рашэннямі. Напрыклад, латвійскія канкурсанты згатавалі незвычайны смачны дэсерт без цукру (рэцэпт на радасць аматарам здаровага харчавання), а ў афармленні выкарыстоўвалі разам з прывычнай нам бульбай нечаканую сінюю, а таксама моркву трох колераў — ад амаль чорнага да светла-залацістага. Іх будучыя калегі з Оршы спецыяльна да конкурсу вырошчвалі элементы ўпрыгожвання: разнастайную зеляніну і нават кветкі! Зразумела, што ўся створаная рукамі маладых майстроў карысная прыгажосць была яшчэ і надзвычай смачнай… Ва ўпартым кулінарным паядынку на першае месца выйшаў Віталь Лавіцкі з Оршы. Другое месца падзялілі паміж сабой Аманда Каптурэ і Даніэль Мацісон з Валміеры, на трэцім — Дар’я Карастылёва з Тулы.
— Абмен ведамі і практычнымі навыкамі ў фармаце WorldSkills вельмі важны для моладзі, — адзначыў дырэктар Аршанскага каледжа харчавання Генадзь Сіняўскі. — Асабліва для нас, з улікам таго, што многія цяперашнія сапернікі нашых навучэнцаў з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў WorldSkills у Расіі, Еўропе і Кітаі. Аднак не менш важны абмен вопытам паміж педагогамі, экспертамі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі дэлегацый: ён быў інтэнсіўны і праходзіў не толькі ў працэсе спаборніцтваў, але і падчас метадычнага семінара і круглага стала ў рамках WorldSkills Orsha. Рады, што наша ініцыятыва аб яго правядзенні атрымала працяг. У пазаконкурсны час мы пастараліся арганізаваць для дэлегацый разнастайную культурна-забаўляльную праграму. Разам з калегамі мы ўпэўнены: WorldSkills Orsha стане добрай традыцыяй і з кожным разам будзе пашыраць маштаб.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Аршанскім дзяржаўным каледжам харчавання.