Гучнае англійскае слова “worldskills” увайшло ў нас ва ўжытак яшчэ ў мінулым годзе, калі пад эгідай Міжнароднай арганізацыі WorldSkills Іnternational у Мінску прайшоў Нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства, у якім свае прафесійныя навыкі па 20 кваліфікацыях дэманстравалі навучэнцы і студэнты з устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі нашай краіны. Па ўмовах спаборніцтва ўсе пераможцы працягнуць падрыхтоўку да чарговага больш значнага конкурсу — WorldSkills, які пройдзе ў жніўні гэтага года ў бразільскім горадзе Сан-Паўлу.
Прамежкавым спаборніцтвам перад гэтай знамянальнай падзеяй і, па сутнасці, трэніроўкай перад вырашальным стартам у Бразіліі стане не менш адказны конкурс WorldSkills, які збярэ на сваёй пляцоўцы ўдзельнікаў з краін СНД. Плануецца, што спаборніцтва пройдзе ў Казані (Расійская Федэрацыя) у сярэдзіне мая. Цяпер у рух WorldSkills уваходзяць чатыры з 11 краін СНД: Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь і Рэспубліка Казахстан. Са студзеня 2015 года пачаў афіцыйна функцыянаваць Еўразійскі эканамічны саюз, і гэты новы фармат супрацоўніцтва прад’яўляе больш высокія патрабаванні да ўзаемадзеяння краін у вытворчай сферы, на ўзроўні саміх прадпрыемстваў, вядзе да ўзрастання экспартнага складніка ў эканоміцы краін-удзельніц. Усе гэтыя кірункі немагчымы без высакаякаснай прафесійнай падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў з улікам інавацыйных падыходаў у эканамічнай сферы. Чэмпіянат WorldSkills СНД стане творчай пляцоўкай для фарміравання адзінага рэсурснага поля, дазволіць краінам СНД інтэгравацца ў міжнародную сістэму стандартаў па рабочых прафесіях.
Аб адзіных падыходах у развіцці прафесійнай адукацыі, аб удасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі вялася размова на сумесным пасяджэнні калегій міністэрстваў адукацыі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.Было адзначана, што нашы краіны будуць ісці побач у руху WorldSkills і будуць разам шукаць новыя шляхі па павышэнні якасці прафесійнай адукацыі, у тым ліку і за кошт сумесных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства на рэгіянальным і галіновым узроўнях.
Асновай дзейнасці WorldSkills International з’яўляецца арганізацыя спаборніцтваў прафесійнага майстэрства WorldSkills для маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 22 гадоў, якія праходзяць раз у два гады ў розных краінах — членах асацыяцыі. Гэтыя спаборніцтвы па праву называюць алімпійскімі гульнямі для рабочых і з’яўляюцца найбуйнейшым у свеце спаборніцтвам прафесійнага майстэрства. Асноўнай мэтай руху арганізацыя WorldSkills International называе матывацыю маладых людзей на атрыманне прафесійнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, на спаборніцтвах праводзіцца параўнанне навыкаў і здольнасцей рабочых кадраў і тых, хто толькі набывае рабочую прафесію.
— Сёння актуальнасць такога конкурсу, як WorldSkills, відавочная, —расказвае першы прарэктар РІПА афіцыйны дэлегат ад нашай краіны ў гэтым спаборніцтве Э.М.Каліцкі. — Асабліва ён значны для павышэння сярод моладзі папулярнасці рабочых прафесій, якой, на жаль, вельмі нестае. Змяніць свядомасць нашых школьнікаў на карысць выбару прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў традыцыйнымі формамі прафарыентацыі ўжо немагчыма. Па-ранейшаму гэты выбар схіляецца ў бок вышэйшай адукацыі. І такую сітуацыю неабходна змяніць. Напэўна, і WorldSkills можа дапамагчы ў гэтым.
У нашай краіне вядзецца актыўная падрыхтоўка да найбліжэйшага спаборніцтва — WorldSkills СНД. У гэтым задзейнічана большасць навучальных устаноў прафесійнай адукацыі і ВНУ, пачынаючы ад рэгіянальных і заканчваючы сталічнымі. Галоўным арганізатарам гэтай работы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі з’яўляецца Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, што зацверджана загадам міністра адукацыі М.А.Жураўкова за № 6 ад 8 студзеня 2015 года, дзе гаворыцца аб накіраванні рэспубліканскай каманды для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе WorldSkills Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Асобная роля адведзена работнікам РІПА, якія аказваюць істотную метадычную і метадалагічную падтрымку выкладчыкам і навучэнцам, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы да спаборніцтва.
— Вельмі важная ў гэтым руху ўсвядомленасць аб значнасці такога спаборніцтва з боку кіраўніцтва ўстаноў, педагогаў, навучэнцаў, — адзначае Эдуард Мечыслававіч. — А гэта не толькі ўдзел у конкурсе, гэта піяр-ход установы, прафесіі, па якой там ідзе падрыхтоўка, гэта паказчык якасці прафесійнага навучання, гэта вынік кіраўніцкай дзейнасці. Акрамя гэтага, разам з асігнаваннямі, якія выдаткоўваюцца дзяржавай, навучальныя ўстановы прызваны ўкладваць грошы ў падрыхтоўку сваіх удзельнікаў. І гэта цалкам апраўдана, бо гэтыя ўкладанні накіраваны на імідж самой установы, на інавацыйныя падыходы ў навучанні, на павышэнне статусу прафесій, па якіх вядзецца падрыхтоўка.
На працягу падрыхтоўкі да WorldSkills неабходна загартоўваць байцоўскі дух удзельнікаў спаборніцтва, умацоўваць іх псіхалагічны стан, уменне паказаць у экстрэмальнай конкурснай атмасферы найлепшыя якасці, усе тыя навыкі, якімі яны валодаюць.
— Менавіта такія спадзяванні мы ўкладваем у конкурс WorldSkills СНД як трамплін для больш значных спаборніцтваў, — расказвае Эдуард Мечыслававіч. — Гэты конкурс будзе вырашальным для адбору ўдзельнікаў бразільскага чэмпіянату, куды паедуць самыя лепшыя. Хутчэй за ўсё, яны будуць прадстаўляць не 18—20 кваліфікацый, як на папярэдніх спаборніцтвах, а крыху менш. Пакуль трэніроўка ідзе па такіх напрамках, як аўтамабільныя тэхналогіі, мехатроніка, фрэзерныя і такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем, мабільная робататэхніка і электроніка, будаўнічыя работы, цырульніцкае і кулінарнае мастацтва, рэстаранны сэрвіс, зварачная справа, дызайн адзення і іншыя.
Для вызначэння ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі нашых навучэнцаў на фоне міжнародных патрабаванняў былі распрацаваны індыкатары якасці, на аснове якіх можна выявіць, чаго не хапае нашым навучэнцам у засваенні той ці іншай прафесіі. Гэта можна зрабіць пры дакладным аналізе заданняў, якія будуць на WorldSkills, і параўнанні іх з вучэбным планам падрыхтоўкі нашых рабочых. Для таго каб удзельнік спаборніцтва выканаў прапанаванае заданне, папярэдне трэба прадугледзець усе яго кампаненты ў вучэбным плане для падрыхтоўкі навучэнцаў. Такім чынам, трэба суаднесці ўзровень яго падрыхтоўкі з тымі патрабаваннямі, якія прапанаваны спаборніцтвам. Распрацаваныя індыкатары дапамогуць прааналізаваць, на якім узроўні знаходзіцца наш навучэнец.
У цэлым прафесійная падрыхтоўка ўдзельнікаў спаборніцтва WorldSkills складаецца з тэарэтычнага і практычнага навучання. Калі тэорыя для ўдзельнікаў арганізавана непасрэдна ў той навучальнай установе, дзе яны вучацца, то практыка праводзіцца ў асобных навучальных установах альбо непасрэдна на прадпрыемствах. Для канкурсантаў, педагогаў прадугледжана міжнародная стажыроўка, рознабаковыя трэнінгі, трэніровачныя зборы, майстар-класы з прымяненнем менавіта таго абсталявання, якое з’яўляецца аналагам спаборніцтва WorldSkills.
Дарэчы, падрыхтоўка нацыянальнай зборнай для WorldSkills стала істотнай праверкай для супрацоўніцтва сістэмы адукацыі з работадаўцамі. Як вядома, у большасці выпадкаў не было чым пахваліцца. Істотная частка прадпрыемстваў і арганізацый па-ранейшаму імкнецца перакінуць кадравыя клопаты на адукацыйную галіну. І ўсё ж на гэты раз усе прадпрыемствы, якія былі ўключаны ў падрыхтоўку да WorldSkills, з вялікай адказнасцю аднесліся да даручанай справы. Сярод іх вядучыя дзяржаўныя прадпрыемствы нашай краіны, прыватныя айчынныя і замежныя фірмы, якія прадаставілі свае вытворчыя плошчы, найноўшае абсталяванне для практычнага навучання ўдзельнікаў міжнароднага спаборніцтва.
Прадстаўнікоў рэальнай вытворчасці можна ўбачыць і сярод экспертаў, якія разам з выкладчыкамі вядучых устаноў адукацыі вядуць экспертную работу па кожнай прафесіі. Сёння ўсе нашы эксперты зарэгістраваны на афіцыйным сайце WorldSkills Іnternational, што дазволіла ім мець доступ да ўсіх заданняў і, што немалаважна, наладзіць зносіны з іншымі экспертамі з усяго свету ў рамках сваёй кампетэнцыі. Такім чынам, нашы эксперты ўключаны ў міжнародную каманду, і яны могуць, як і іншыя міжнародныя эксперты, займацца ўзгадненнем і ўдакладненнем конкурсных заданняў WorldSkills. У падрыхтоўчы тыдзень, які пачнецца амаль гэтымі днямі, у Сан-Паўлу збяруцца міжнародныя эксперты, у тым ліку і з Беларусі, і абмяркуюць змест конкурсных заданняў, прадастаўленае абсталяванне і ў цэлым арганізацыю правядзення міжнароднага чэмпіянату.
Вельмі істотнае пытанне, якое сёння вырашаецца, гэта навучанне канкурсантаў замежным мовам. Усе заданні чэмпіянату, абслугоўванне канкурсантаў і ўвогуле прыём удзельнікаў WorldSkills будуць прадстаўлены на трох мовах: англійскай, французскай, нямецкай. Канечне, цяжка за кароткі час забяспечыць у поўным аб’ёме падрыхтоўку па гэтых мовах нашых навучэнцаў, але яны павінны вывучыць хаця б ключавыя словы, фразы для выканання заданняў, інструктажу па тэхніцы бяспекі, для зносін з іншымі ўдзельнікамі і арганізатарамі спаборніцтва.
— Вельмі важна данесці да нашых удзельнікаў галоўны сэнс удзелу ў спаборніцтве такога маштабу і тую вялікую адказнасць, якая на іх ускладаецца, — адзначае Эдуард Мечыслававіч Каліцкі. — Гэта не проста падарожжа дзеля падарожжа, гэта адданне сваіх сіл, уменняў, пачуццяў для таго, каб узняць імідж не толькі сваёй прафесіі, сваёй установы, але і сваёй краіны, для таго, каб імя тваёй радзімы — Беларусь — гучала і на іншых кантынентах. Калі мы шчыра будзем захоплены гэтай справай, то будзем па-сапраўднаму адчуваць, якой вялікай важнасці задача на нас ускладзена. А гэта — падрыхтоўка высокакваліфікаванага рабочага, здольнага працаваць для інавацыйнай эканомікі, ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю, бо не станкі ствараюць якасць прадукцыі, а чалавечыя рукі. І калі мы гэта ўсвядомім, то і вынік будзе высокі.
Ала КЛЮЙКО.