WorldSkillsOrsha: мастацтва і майстэрства

Адкрыты конкурс прафесійнага майстэрства з міжнародным удзелам у рамках WorldSkills упершыню правялі ў Аршанскім дзяржаўным каледжы харчавання.

У спаборніцтве па кампетэнцыях “Хлебапячэнне” і “Кулінарнае мастацтва” прынялі ўдзел прадстаўнікі Оршы, Юрмалы і Тулы — навучэнцы Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання, Булдурскай садоўніцкай сярэдняй школы і Тульскага тэхнікума тэхналогій харчовых вытворчасцей. Пераняць вопыт па арганізацыі конкурсу завітала таксама дэлегацыя з Дзяржынскага тэхнічнага каледжа Ніжагародскай вобласці, з якім Аршанскі каледж харчавання супрацоўнічае і абменьваецца дэлегацыямі на працягу доўгага часу.

Фота да матэрыяла: WorldSkillsOrsha: мастацтва і майстэрства.

Пасябравалі Орша з Тулай

Партнёрскае пагадненне паміж Аршанскім каледжам харчавання і Тульскім тэхнікумам тэхналогій харчовых вытворчасцей было падпісана ў маі мінулага года. Праз некалькі месяцаў, у лістападзе, аршанцы прынялі ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасныя праблемы развіцця адукацыі і выхавання моладзі”, што праходзіла ў Туле. Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала шэраг актуальных для беларускай і расійскай адукацыі пытанняў, і магчымасць абмеркаваць іх з калегамі, падзяліцца ўласнымі метадычнымі знаходкамі, азнаёміцца з расійскімі адукацыйнымі мадэлямі выкладчыкі і майстры вытворчага навучання з Оршы ацанілі высока. Але, па прызнанні педагогаў, з практычнага пункту погляду найбольшую цікавасць для іх мелі прыватныя моманты канферэнцыі — абмен вопытам па арганізацыі і прыёме экзамену па кваліфікацыі “Грамадскае харчаванне. Кухар”, а таксама наведванне лабараторыі кухарскай справы, дзе навучэнцы прадставілі майстар-класы па гатаванні пірожных, крэмаў, сіропаў. Тады і нарадзілася ідэя правесці конкурсы прафесійнага майстэрства паміж навучэнцамі з Беларусі і Расіі па кампетэнцыях WorldSkills.

Вучэбна-метадычная і матэрыяльна-тэхнічная база Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання дазваляе забяспечыць якасную падрыхтоўку па сучасных запатрабаваных спецыяльнасцях. З атрыманнем прафесійна-тэхнічнай адукацыі гэта тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці (майстар вытворчасці натуральнамалочнай і кісламалочнай прадукцыі), першасная апрацоўка жывёльнай сыравіны (абвальшчык мяса, жылоўшчык мяса і субпрадуктаў), вытворчасць мясных прадуктаў (складальнік фаршу, фармоўшчык каўбасных вырабаў), гандлёвая справа, грамадскае харчаванне (кухар; прадавец), тэхнічная эксплуатацыя абсталявання харчовых вытворчасцей (машыніст халадзільных установак); з атрыманнем сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў вочнай або завочнай форме — тэхналогія захавання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (мяса і мясныя прадукты).

Сёлета сумесная задума ажыццявілася. У лютым гасцей з Тулы прымала Орша. Галоўным напрамкам работы педагогі аршанскага каледжа і іх расійскія партнёры выбралі эфектыўныя формы павышэння якасці прафесійнага навучання. У сувязі з адкрыццём у тульскім тэхнікуме новай спецыяльнасці “Першасная перапрацоўка жывёльнай сыравіны” асаблівую ўвагу расіяне акцэнтавалі на паспяховым вопыце аршанскага каледжа ў арганізацыі падрыхтоўкі па аналагічнай спецыяльнасці і практычным семінары з наведваннем базавага прадпрыемства — Віцебскага мясакамбіната.

Праграма двухбаковага абмену вопытам уключала вывучэнне лабараторый кухарскай і кандытарскай справы — аршанцы імі па праве ганарацца. Тут навучэнцы сустрэліся ў феерычным кулінарным батле: прадстаўнікі Тульскага тэхнікума тэхналогій харчовых вытворчасцей (яго каманда, дарэчы, паспяхова ўдзельнічае ў спаборніцтвах WorldSkills) правялі майстар-класы па гатаванні кактэйляў і халодных закусак з прымяненнем малекулярнай кухні, а гаспадары — па гатаванні страў беларускай кухні. Госці запрасілі аршанцаў паўдзельнічаць у 12-м адкрытым абласным кулінарным салоне “Кулінарная карта Расіі і тульскай зямлі”.

Запрашэнне было прынята — і ў красавіку аршанскія педагогі і навучэнцы накіраваліся ў Тулу. Прадстаўнікі дэлегацый — удзельніц салона абмеркавалі вопыт арганізацыі конкурсаў прафесійнага майстэрства; нашы навучэнцы паспрабавалі сілы ў конкурснай праграме — і выступілі на выдатна! Пераможную скарбонку Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання папоўнілі ўзнагароды за 1-е месца ў намінацыі “Прадстаўленне святочнага торта” і 2-е месца — у намінацыі “Афармленне тэматычнага стала”. Спецыяльнымі дыпломамі за падрыхтоўку ўдзельнікаў салона былі адзначаны майстры вытворчага навучання і выкладчыкі спецдысцыплін.

У маі дырэктар аршанскага каледжа Генадзь Сіняўскі прыняў удзел ва Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Інтэграцыя прафесійнай адукацыі, навукі і вопыту сельгасвытворцаў для развіцця аграпрамысловых комплексаў у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі”, якая адбылася ў Туле.

Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання актыўна і плённа супрацоўнічае з установамі адукацыі нашай краіны і замежжа. У ліку даўніх сяброў і партнёраў — Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Слуцкі дзяржаўны каледж, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж, Даўгаўпілскі медыцынскі каледж, Даўгаўпілскі гандлёвы каледж, Дзяржынскі тэхнічны каледж, Дзяржынскі тэхнікум бізнесу і тэхналогій, Ніжагародскі тэхнікум гарадской гаспадаркі і прадпрымальніцтва.

Наступную старонку ў дзённіку сяброўства беларусы і расіяне запоўнілі зусім нядаўна разам са сваімі латвійскімі партнёрамі. У адрозненне ад навучэнцаў з Оршы і Тулы, навучэнцы з Юрмалы ўпершыню вырашылі паспрабаваць свае сілы ў спаборніцтве па кампетэнцыях WorldSkills.

Паспытаць мастацтва на смак

— Шэрае і прэснае азначэнне: “Кухар — чалавек, які займаецца гатаваннем ежы ва ўстановах грамадскага харчавання”, зусім не перадае сапраўднага смаку гэтай прафесіі, — адзначыў Генадзь Сіняўскі. — Навучыцца гатаваць можа практычна кожны. Прычым навука і тэхналогіі ў нашай галіне развіваюцца настолькі імкліва, што зараз “кожны” — не абавязкова чалавек. Напрыклад, робат Fua-Men, які працуе ў адным з японскіх рэстаранаў, не толькі можа мыць посуд, наразаць і шаткаваць прадукты, але пры неабходнасці замяняе шэф-повара, выдаючы да 80 стандартных комплексных абедаў у суткі. Тым часам кампаніі-распрацоўшчыкі штораз прадстаўляюць на выставах усё новых робатаў-кухараў з усё больш складаным функцыяналам. Аднак крызіс наўрад ці пагражае прафесіі. Удасканальваюцца прылады і ўмовы працы — гэта правільна і неабходна, але галоўнае застаецца. Мяркуйце самі: большасць сем’яў ежу гатуюць дома, а на рынку працы попыт на кампетэнтных спецыялістаў харчовай вытворчасці і грамадскага харчавання нязменна высокі. Каб стаць такім спецыялістам, неабходны шчырая зацікаўленасць, імкненне вучыцца і велізарная практыка. Яшчэ важны складнік — настрой. Калі ў чалавека ёсць неабходная падрыхтоўка, праца натхняе, прыносіць радасць, тады і сам працэс гатавання ежы і яго вынік — нават не майстэрства, а мастацтва. Яно дорыць людзям асалоду сваім прывабным выглядам і апетытным пахам, ідзе на карысць здароўю. Гэта незвычайнае мастацтва, якое можна паспытаць на смак.

Падрыхтоўку навучэнцаў у Аршанскім дзяржаўным каледжы харчавання ажыццяўляюць вопытныя выкладчыкі. Установа адукацыі мае выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу, якая пастаянна ўдасканальваецца згодна з сучаснымі стандартамі. Сістэма практычнай падрыхтоўкі праз арганізацыю груп другаснай занятасці, сэрвісных атрадаў, практык на вядучых галіновых прадпрыемствах неаднойчы адзначалася як прыклад перадавога вопыту для ўстаноў прафесійнай адукацыі ўсёй краіны.

Добры настрой перад пачаткам конкурсных выпрабаванняў падарыла ўсім удзельнікам і гасцям WorldSkillsOrsha творчая група Аршанскага каледжа харчавання. Чарговасць выступленняў у конкурсе прафесійнага майстэрства вызначыла жараб’ёўка, а затым канкурсанты і журы прыступілі да работы. Выступленні ацэньвалі сертыфікаваныя эксперты WorldSkills: прарэктар па выхаваўчай рабоце, дацэнт кафедры тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання і мясапрадуктаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, нацыянальны эксперт WorldSkillsBelarus па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” Вольга Мацыкава, дэкан факультэта вячэрняга і завочнага навучання Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання нацыянальны эксперт WorldSkillsBelarus па кампетэнцыі “Хлебапячэнне” Раіса Кандраценка, нацыянальны эксперт WorldSkillsBelarus па кампетэнцыі “Хлебапячэнне” Валянціна Шлапакова.

Каму ўсміхнецца дзясятая муза?

Удзельнікам па кампетэнцыі “Хлебапячэнне” было прапанавана не проста паспрабаваць уразіць журы самым духмяным, прыгожым і смачным святочным караваем, але і прадставіць яго ў нацыянальных традыцыях. Ад душы пастараўся кожны, розніца ў паказчыках выканання заданняў была зусім невялікай. У выніку навучэнцы з Латвіі занялі другое месца, а беларусы і расіяне падзялілі першае. Пакуль канкурсанты шчыравалі над караваямі, тут жа для гасцей былі арганізаваны майстар-класы па складанні сурвэтак для сервіроўкі стала і вырабе лялек-зялейніц, прэзентацыя тэматычнага стала “Чараўнік сіні лён” і салодкі пачастунак: дэсерты з гарбатай.

На наступны дзень у спаборніцтва ўступілі кухары. Яны гатавалі тры стравы: халодную закуску “Вінегрэт” у аўтарскай інтэрпрэтацыі, гарачую страву з птушкі з гарнірам і падліўкай, а таксама дэсерт з абавязковым кампанентам — яблыкам. На гэты раз дзясятая муза ўсміхнулася сваім прыхільнікам з Тулы, якія сталі пераможцамі. Другое месца занялі гаспадары спаборніцтваў, трэцяе — у прадстаўнікоў Юрмалы.

— Нашаму супрацоўніцтву з навучэнцамі і педагогамі Аршанскага каледжа харчавання ідзе другі год, і мы вельмі рады новым сябрам, — расказала кіраўнік латвійскай дэлегацыі Сандры Брэмане. — Кулінарны конкурс — толькі першы крок, наперадзе абавязкова будзе шмат сумесных спраў. Мы з нецярпеннем чакаем аршанцаў у Юрмале.

Варта дадаць, што мэта, час і месца наступнай сяброўскай сустрэчы ў Расіі таксама ўзгоднены.

У рамках WorldSkillsOrsha прайшлі круглы стол “Абмен вопытам па арганізацыі работы па вучнёўскім самакіраванні” і таварыскія спартыўныя спаборніцтвы. Для гасцей была падрыхтавана цікавая культурна-забаўляльная праграма з наведваннем Оршы і Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Аршанскім дзяржаўным каледжам харчавання.