XIV Машэраўскія чытанні

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава аб’яднала найбольшую за сваю гісторыю колькасць удзельнікаў.

Традыцыйны навуковы форум адбыўся ў ВДУ 21 кастрычніка. Як паведаміў старшыня савета маладых вучоных універсітэта Аляксандр Дудараў, даклады на сёлетнія Машэраўскія чытанні прапанавалі прадстаўнікі 44 устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 39 універсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны — на 10 УВА больш, чым у мінулым годзе. Коль­касць студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, якія ў вочным або дыстанцыйным фармаце далучыліся да работы, — самая вялікая за 14-гадовую гісторыю канферэнцыі.

— Мы пашырылі спектр супрацоўніцтва, даклады ўдзельнікаў сталі больш разнапланавымі і прафесійнымі, — адзначыў Аляксандр Дудараў. — Машэраўскія чытанні — важная і запатрабаваная пляцоўка для маладых вучоных, дзе студэнты, магістранты, аспіранты прэзен­туюць вынікі свайго навуковага пошуку. Гэтыя вынікі потым становяцца асновай дыпломных і магістарскіх работ, аспіранцкіх даследаванняў. Канферэнцыя атрымалася цікавай як у навуковым, так і ў арганізацыйным плане. Значны ўклад у развіццё яе канцэпцыі ўнёс прарэктар універсітэта па навуковай рабоце, доктар педагагічных навук, прафесар Яўген Аршанскі. Так, у новым фармаце ў нашай актавай зале прайшло пленарнае пасяджэнне. Упершыню быў выкананы “Гімн машэраўскай навуцы”.Яго аўтарамі з’яўляюцца выкладчыкі ВДУ, словы напісалі на факультэце гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, а музыку — на педагагічным факультэце. Выкладчыкі мастацка-графічнага факультэта распрацавалі і ўвасобілі ў шкле спецыяльны знак канферэнцыі. Ад імя першых пакаленняў машэраўцаў з пажаданнем навуковых поспехаў яго ўрачыста перадала цяперашнім удзель­нікам форуму дэкан факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук Таццяна Талкачова, якая 14 гадоў назад выступала з дакладам на І Машэраўскіх чытаннях.

Праграма канферэнцыі ўключала пленарнае пасяджэн­не і работу па секцыях, што ахоплівалі асноўныя напрамкі сучасных навуковых даследаванняў. У зборнік матэрыялаў па выніках XIV Машэраўскіх чытанняў уключаны 311 дакладаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ВДУ імя П.М.Машэрава.