Я адкрыю табе цэлы свет

Сям’я — гэта аснова, на якой расце маленькае дзіця, будучы член грамадства. Шаблоны паводзін і зносін, узятыя ад маці, бацькі, братоў і сясцёр, іншых членаў сям’і, групы равеснікаў, з якімі сустракаецца дзіця, вырашаюць, як будзе развівацца яго асоба і якім чалавекам стане ў будучыні. Дзеці — разумныя назіральнікі навакольнага асяроддзя, і нішто не выпадзе з-пад іх увагі. Бацькі і ўсе члены сям’і, з якімі дзіця мае зносіны штодзень, павінны кантраляваць свае паводзіны, каб не даць дзіцяці няправільныя шаблоны і ўстаноўкі.

Унутрысямейная сістэма і дзіцяча-бацькоўскія адносіны ўплываюць на фарміраванне ўсіх псіхічных працэсаў дзіцяці, на развіццё ўласцівасцей асобы, на яго самасвядомасць і самаацэнку. Менавіта ўнутрысямейныя і дзіцяча-бацькоўскія адносіны фарміруюць выбудоўванне іерархіі матываў і іх супадпарадкаванне.

Задавальненне патрэб у галіне псіхічнай бяспекі дзіцяці на ранніх стадыях яго развіцця ляжыць на членах сям’і. З моманту паступлення дзіцяці ў дашкольную ўстанову за псіхалагічную бяспеку адказны ўсе суб’екты, з якімі дзіця сустракаецца ў новым адукацыйным асяроддзі, асабліва выхавальнікі і памочнікі выхавальніка.
Самымі важнымі, з пункту гледжання ўплыву сям’і на адчуванне псіхалагічнай бяспекі дзіцяці, з’яўляюцца бацькоўскія ўстаноўкі. Некаторыя бацькі, у асноўным тыя, хто праецыруе станоўчы бацькоўскі вопыт сваіх татаў і мамаў, маюць поспехі ў тым, каб выхоўваць сваіх дзяцей у атмасферы бяспекі і павагі да асобы. Менавіта прыклад бацькоў, іх асабістыя якасці ў многім вызначаюць выніковасць выхаваўчай функцыі сям’і.
На жаль, у час крызісу сямейных адносін мы маем справу з феноменам павелічэння бацькоўскіх памылак, што выклікае псіхалагічнае адчуванне неабароненасці ў дзяцей. Фактары рызыкі з боку сямейнай сістэмы тут хаваюцца не толькі ў адсутнасці цеплыні, належнай увагі, у празмернай патрабавальнасці, жорсткасці ў дачыненні да дзіцяці з боку бацькоў або іншых дарослых членаў сям’і.

Найбольш распаўсюджаныя бацькоўскія памылкі ў дачыненні да дзяцей:

1. Празмерная залежнасць ад жаданняў дзіцяці, калі задавальненне патрэб і жаданняў дзіцяці пераважае над задавальненнем патрэб астатніх членаў сям’і. Негатыўным наступствам такой сістэмы сямейных адносін могуць стаць парушэнні ў эмацыянальна-асобасным развіцці дашкольніка, у прыватнасці затрымка ўзнікнення і развіцця эмацыянальнай дэцэнтрацыі — здольнасці ўспрымаць і ўлічваць у сваіх паводзінах станы, жаданні, інтарэсы іншых людзей. Такія адносіны бацькоў фарміруюць эгацэнтрычныя і эгаістычныя адносіны дзіцяці да навакольных. Гэта ў наступным можа стаць адной з істотных прычын школьнай дэзадаптацыі, якая негатыўна адбіваецца на псіхалагічным здароўі дзіцяці.

2. Прымяненне занадта строгіх метадаў выхавання. Ад дзіцяці патрабуецца некрытычнае, бясспрэчнае падпарадкаванне бацькам. У такой сям’і актыўнасць і ініцыятыва дзіцяці заглушаецца. Натуральна, што свой стрэсавы стан дзіця павінна нейкім чынам зняць, атрымаць эмацыянальную разгрузку. Звычайна гэта адбываецца ў дзіцячым садзе. І тады мы чуем фразу: “У нас такіх праблем з дзіцем няма. Дома яно сябе так не паводзіць, гэта залатое дзіця”.

3. Нядобрай сітуацыяй, якая ўплывае на адчуванне псіхалагічнай бяспекі дзіцяці, з’яўляецца зменлівасць, нестабільнасць у паводзінах і адносінах бацькоў да дзіцяці — няўстойлівасць, няўзгодненасць патрабаванняў у членаў сям’і, розныя рэакцыі на адну і тую ж сітуацыю і г.д. Дзіця хутка пазнае слабыя бакі бацькоў і вучыцца адаптаваць свае паводзіны да іх рэакцый — выбухаў гневу або любові, якая раздражняе. Дзіця вучыцца пазбягаць як пакаранняў, так і пяшчоты, паколькі яно разглядае абедзве формы паводзін толькі як часовую форму адносін сваіх бацькоў. Дзіця без дакладных па-трабаванняў не можа адрозніць добрыя паводзіны ад дрэнных, дабро ад зла, яно заўсёды будзе падстройвацца пад сітуацыю і спрабаваць пазбегнуць непрыемнасцей з боку зменлівых бацькоў. У выніку такія сямейныя адносіны ў дзяцінстве прыводзяць у дарослым жыцці да таго, што чалавек, выхаваны такім чынам, звычайна цынічны і не прызнае ніякіх аўтарытэтаў.

4. Празмерная патрабавальнасць і кантроль таксама з’яўляюцца распаўсюджанай памылкай. Гэта прыводзіць да занадта вялікага ўмяшання ў свабоду дзіцяці ва ўсіх сферах яго развіцця, абмяжоўвае крэатыўнасць, вынаходлівасць і ініцыятыву.

5. Негатыўна ўплываюць на дзіця канфліктныя ўзаемаадносіны паміж бацькамі, роля якіх часта недаацэньваецца. Між іншым яны выклікаюць глыбокі ўнутраны канфлікт дзіцяці, які можа прывесці да развіцця неўратычных сімптомаў (энурэзу, прыступаў страху, фобій), да парушэння палавой ідэнтыфікацыі; у некаторых дзяцей на гэтай аснове з’яўляецца баязлівасць, нясмеласць, схільнасць да пакорнасці, дэпрэсіўнага стану.

Вельмі важна ведаць, як дзейнічаць у адпаведнасці з патрэбамі псіхічнай бяспекі дзіцяці. Роля дашкольных устаноў і ўсіх супрацоўнікаў, якія аказваюць значны ўплыў на выхаванне і развіццё дзяцей, заключаецца ў выкананні правіл псіхічнай бяспекі выхаванцаў. Педагогі і спецыялісты павінны тлумачыць бацькам наступствы незадавальнення патрэбы ў псіхалагічнай бяспецы дзяцей. Гэта няпростая задача, таму што многія бацькі лічаць, што ім не патрэбна дапамога. Калі ім паказваюць на памылкі, яны або здзіўлены, або збянтэжаны, або абураюцца, упэўнены, што самі вырашаць, як выхоўваць сваіх дзяцей.

Ніхто не сумняваецца ў праве бацькоў прымаць рашэнне ў выбары форм і метадаў у выхаванні дзяцей. Асноўная задача ўстановы дашкольнай адукацыі — супрацоўніцтва з сям’ёй у мэтах выхавання ўсебакова развітой асобы дзіцяці.

Самая важная задача ўстановы дашкольнай адукацыі — прывіць дзіцяці правільную сістэму каштоўнасцей і маральна-сацыяльных норм, прызнаных у грамадстве, а таксама даць дзіцяці ўяўленне аб правілах і нормах існавання ў групе равеснікаў, развіваць інтэлектуальную, эмацыянальную, эстэтычную і культурную адчувальнасць.

Перадумовай для фарміравання маральных якасцей дзіцяці ў гармоніі са сваёй псіхікай з’яўляецца стварэнне атмасферы даверу. Гэта азначае, што мы павінны даць дзіцяці ўяўленне пра цесны кантакт з людзьмі, якія выхоўваюць яго, зыходячы са шчырасці і адкрытасці ў зносінах. Толькі так можна атрымаць уяўленне аб праблемах дзіцяці, што будзе вельмі важна, напрыклад, у падлеткавым узросце. Таму фарміраванне характару дзіцяці з’яўляецца працяглым і свядомым працэсам.

Самае важнае ў рабоце педагога — фарміраванне навыкаў, звычак і норм паводзін дзіцяці з першых імгненняў яго знаходжання ў дашкольнай установе. Гэты працэс патрабуе многа спроб, практыкаванняў і паўтарэнняў, перш чым яны стануць прывычнымі і дзеці не пачнуць іх выкарыстоўваць. Бывае, што жаданы эфект ніколі не будзе дасягнуты, таму што занадта многа памылак робіцца як бацькамі, так і педагогамі. Між імі не існуе пераемнасці і адзінства патрабаванняў.

Перадумовай для фарміравання маральнага боку дзіцяці ў гармоніі са сваёй псіхікай з’яўляецца стварэнне атмасферы даверу. Адчуванне абароненасці і бяспекі — гэта псіхалагічны камфорт дзіцяці, яго ўпэўненасць у сабе, сваім заўтрашнім дні, бацьках і добразычлівасці навакольнага свету. Любы стрэс па-за домам кампенсуецца і сыходзіць бясследна, калі дзіця адчувае абароненасць, забяспечаную сям’ёй. Калі ж сям’я становіцца крыніцай стрэсу, гэтае адчуванне страчваецца, увесь свет успрымаецца варожым, дзіця не ў стане справіцца з такім стрэсам.

У працаёмкім працэсе выхавання асобы вядучую ролю адыгрывае менавіта сям’я, яе здольнасць стварыць гэтае вельмі важнае адчуванне шчаслівага дзяцінства аж да таго моманту, калі дзіця, становячыся дарослым, бярэ адказнасць за свае ўчынкі на сябе і пачынае працэс рэалізацыі атрыманых ведаў і ўяўленняў.

У спробах адаптавацца да знешняга свету малыш не раз набівае сабе гузы, трапляе ў тупікі і губляецца ў пошуках выхаду з новых для яго сітуацый. Які б ні быў цярністы шлях развіцця дзіцяці, як бы балюча яно ні падала, адчуванне абароненасці і бяспекі ў сям’і здольна даваць яму сілы для пакарэння любых вышынь зноў і зноў.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска, кіраўнік метадычнага аб’яднання
педагогаў-псіхолагаў Ленінскага раёна Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з інтэрнэту.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *