Я — класны кіраўнік, а гэта значыць…

- 11:54Адукацыйная прастора

Лепшым класным кіраўніком на Гомельшчыне названа настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра Алена Васільеўна Бобр. Такімі аказаліся вынікі Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы класны кіраўнік (куратар групы) Гомельскай вобласці”, фінал якога адбыўся днямі.

Ідэя спаборніцтва ўзнікла невыпадкова. Бягучы навучальны год аб’яўлены ўпраўленнем адукацыі рэгіёна годам класнага кіраўніка. Такая цікавая традыцыя ў адукацыйнай сферы Гомельшчыны склалася даўно, а яе галоўная мэта — звярнуць увагу на тыя ці іншыя кірункі сістэмы адукацыі.

Без перабольшання, роля класнага кіраўніка ў выхаваўчым працэсе, у фарміраванні дзіцячага калектыву вельмі вялікая. Вядома, у гэтай справе недастаткова проста мець педагагічную адукацыю. Тут неабходна добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, абавязкова мець творчы падыход, без якога ты будзеш сумным для сваіх вучняў. Выявіць найбольш паспяховых, прафесійна кампетэнтных класных кіраўнікоў, каб пасля распаўсюджваць у педагагічным асяроддзі іх цікавыя і дзейсныя ідэі навучання і выхавання, і быў закліканы конкурс. Разам з тым ставілася задача ўзняцця пазітыўнага іміджу класнага кіраўніка і куратара групы.

Удзельнікі прафесійнага спаборніцтва даказалі, што класнае кіраўніцтва можа быць не дадатковай нагрузкай, якой хочацца пазбавіцца, а наадварот, самым яскравым і цікавым момантам педагагічнай дзейнасці.

Каб трапіць у фінал, канкурсантам неабходна было прайсці спаборніцтва на мясцовым — раённым — узроўні, а таксама вытрымаць першы (завочны) тур абласнога этапу. У яго аснове — інтэрнэт-анкетаванне на веданне педагогікі, псіхалогіі, нарматыўных прававых дакументаў: на працягу 35 хвілін канкурсантам трэба было дыстанцыйна адказаць на 23 зададзеныя арганізатарамі пытанні. Так, у барацьбе за званне лепшага вызначыліся найбольш моцныя і прафесійна кампетэнтныя педагогі.

З больш як 30 удзельнікаў завочнага тура ў фінал выйшлі 9: настаўнікі пачатковых класаў гімназіі Петрыкава Святлана Кавальчук і сярэдняй школы № 27 Гомеля Святлана Самарына, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Вольга Афанасьева, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра Алена Бобр, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Таццяна Брэль, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 3 Нароўлі Уладзімір Гараеў, настаўнік хіміі і біялогіі Збароўскага ясляў-сада — базавай школы імя К.Н.Осіпава Рагачоўскага раёна Андрэй Чарняўскі і куратары груп — выкладчык англійскай мовы Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя Вольга Папковіч і выкладчык хіміі Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Таццяна Суханькова.

Менавіта гэтым педагогам неабходна было вытрымаць асноўныя двухдзённыя спаборніцтвы. У першы дзень у адкрытым выхаваўча-забаўляльным мерапрыемстве канкурсанты дэманстравалі прафесіяналізм, кампетэнтнасць, уменне выклікаць прыхільнасць да сябе незнаёмага дзіцячага калектыву — навучэнцаў сярэдняй школы № 8 Гомеля, на базе якога праходзіла конкурснае заданне. Члены журы адзначылі высокі ўзровень усіх удзельнікаў спаборніцтва, а гэта ў сваю чаргу патрабавала ад суддзяў найбольш жорсткага падыходу пры ацэнцы.

— Звычайна ў розных спаборніцтвах журы складана прыйсці да кампрамісу, заўсёды ўзнікаюць спрэчкі, — падзялілася начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама член журы Ірына Драбышэўская. — Гэты конкурс стаў выключэннем, на дзіва, думкі журы сышліся.

У другі дзень прафесійнага спаборніцтва дзевяць канкурсантаў выйшлі на сцэну абласнога Дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, каб прадэманстраваць перад журы, педагагічнай грамадскасцю і гасцямі свае арганізатарскія і творчыя здольнасці, даказаць, што яны насамрэч з’яўляюцца для сваіх выхаванцаў прыкладам, натхняльнікам і сябрам. Чым больш ты назіраў за дзеяннямі на сцэне, тым больш упэўніваўся, што кожны педагог нездарма трапіў у фінал. Тут была відавочнай сувязь класнага кіраўніка ці куратара групы са сваімі навучэнцамі. У сваіх пачуццях дзеці не ўмеюць хлусіць, нават калі ты на адлегласці ад крэсла гледача да сцэны адчуваеш цеплыню і павагу вучняў да настаўніка і наадварот, не застаецца ніякіх сумненняў: перад табой той, хто заслужана носіць званне педагога. Пацвярджэннем гэтага стала і ўвага бацькоў вучняў, словы падзякі і віншаванні, выказаныя ў гэты дзень класным кіраўнікам сваіх дзяцей.

Візітоўка-самапрадстаўленне “Я — класны кіраўнік (куратар вучэбнай групы), а гэта значыць…”, уменне ўтрымліваць увагу гледачоў, аратарскае майстэрства — з усімі гэтымі выпрабаваннямі канкурсанты справіліся выдатна. Некаторыя паказалі сапраўдны міні-спектакль. Так, класны кіраўнік 11 класа У.Э.Гараеў прадэманстраваў, як будуецца сувязь паміж вучнямі і класным кіраўніком. У 5 клас дзеці прыходзяць розныя. Нярэдка яны, пераступіўшы парог пачатковай школы, хочуць быць больш разбэшчанымі, непаслухмянымі. І тут галоўнае — не дэманстраваць сваю перавагу, а шукаць кропкі сутыкнення, спрабаваць стаць сябрам, выхоўваць на асабістых прыкладах. Тады глядзіш, як у 7 класе твае вучні маюць пэўныя памкненні, назіраеш іх першыя дасягненні, а ў 11 класе ты бачыш сур’ёзных, мэтанакіраваных, творчых маладых людзей. Выкладчык хіміі і куратар вучэбнай групы Т.А.Суханькова разам з будучымі кухарамі і кандытарамі таксама падрыхтавала цікавую візітоўку. Тут былі і цыганскія танцы пад гітару, і вырашэнні падлеткавых праблем, і нават хімічныя эксперыменты, якія зводзіліся да галоўнага правіла педагога ў выхаванні навучэнцаў — бачыць асобу ў кожным падапечным, не прыглушаць яе, а развіваць. Крэатыўная і вясёлая А.В.Бобр са сваімі сямікласнікамі паказала, што такое сучасныя танцы і як лёгка можна навучыць дзяцей простым і важным правілам.

Па суме вынікаў усіх заданняў конкурсу былі вызначаны пераможцы. Трэцяе месца падзялілі Таццяна Міхайлаўна Брэль і Андрэй Іванавіч Чарняўскі. На другім месцы — Уладзімір Эдуардавіч Гараеў. Першае месца прысуджана куратару вучэбнай групы Вользе Георгіеўне Папковіч. Ну а гран-пры абласнога конкурсу — у Алены Васільеўны Бобр. Цікава, што “Настаўніцкая газета” нібыта прадбачыла перамогу Алены Васільеўны: месяц назад у нас выйшла інтэрв’ю з настаўніцай.

Па выніках Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы класны кіраўнік (куратар вучэбнай групы) Гомельскай вобласці” дыпломамі ў розных намінацыях і каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны ўсе канкурсанты. Шмат добрых слоў гучала ў гэты дзень у адрас удзельнікаў спаборніцтва ад вучняў, бацькоў, калег, спонсараў. А намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ж.А.Ждановіч нават выканала для іх песню пад гітару.

Рэгіянальны конкурс падтрымала мноства дзяржаўных і камерцыйных арганізацый, грамадскія аб’яднанні. Не засталася ўбаку і “Настаўніцкая газета”, якая ўжо не першы раз становіцца партнёрам цікавых мерапрыемстваў у адукацыйнай сферы Гомельшчыны.

— Мы вельмі ўдзячны спонсарам, якія падтрымалі наш рэгіянальны конкурс, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Жанна Ждановіч. — Гэта каштоўна для нас, арганізатараў, і яшчэ больш каштоўна для канкурсантаў: яны адчулі, што іх праца і іх намаганні ў выхаванні дзяцей ацэнены шырокім колам людзей.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.