Я люблю свае мясціны

“Добры дзень вам з Парэчча!” — такімі словамі віталі выхаванцы і педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Парэчча Гродзенскага раёна ўдзельнікаў семінара-практыкуму “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту ў працэсе розных відаў дзейнасці праз станаўленне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да сваёй малой радзімы”.

У гэты дзень у цэнтр завіталі работнікі з усіх дашкольных устаноў раёна. Пачаўся семінар на вуліцы. Тут для яго ўдзельнікаў арганізавалі экскурсію па аграгарадку, а цікавыя будынкі населенага пункта былі прадстаўлены ў выглядзе макетаў: царква, пошта, чыгуначны вакзал, будынак самога цэнтра дашкольнага развіцця.

— Работа па выхаванні любові да роднай зямлі вядзецца ў нас пастаянна. У Год малой радзімы мы задумаліся, як гэтую дзейнасць зрабіць больш рознабаковай і цікавай, — гаворыць загадчык ДЦРД Леакадзія Цімафеева. — Адна з такіх ідэй — зрабіць міні-Парэчча, каб праз макеты будынкаў дзеці вывучалі гісторыю аграгарадка, яго славутых землякоў, архітэктурныя помнікі. І гэтая справа так спадабалася і выхаванцам, і іх бацькам, што ў нас з’яўляюцца макеты іх дамоў, бо дзеці цікавіліся: “А дзе мой дом, дзе мая вуліца?”

Такія макеты выкарыстоўваюцца падчас правядзення мерапрыемстваў, квестаў. Удзельнікі семінара таксама з цікавасцю знаёміліся з імі.

“Я люблю свае мясціны і іх ніколі не пакіну”. Гэтыя словы з верша, які напісала мама выхаванцаў цэнтра, сталі эпіграфам творчай гасцёўні “Мая малая радзіма — Парэчча”. А каб гэтыя словы сталі кіраўніцтвам да дзеяння, супрацоўнікі цэнтра рэалізоўваюць праект “Мая малая радзіма”. Каб азнаямленне з гісторыяй і традыцыямі роднай зямлі было цікавым, несла шмат інфармацыі, было даступным, праводзяцца віктарыны, конкурсы, беларускія гульні. Так, з расказам пра старажытныя часы Парэчча да дзяцей прыходзяць гістарычныя асобы — у іх пераўвасабляюцца супрацоўнікі і педагогі цэнтра. Цікава дзецям збіраць пазл з выявамі будынкаў аграгарадка, адказваць, на якой вуліцы яны знаходзяцца, складаць маршрут на карце ад дома да сваёй дзіцячай установы і называць вуліцы, па якіх ходзяць, даведвацца, у гонар каго яны названы і што здзейснілі гэтыя людзі.

Куток беларускай хаткі знаёміць дзяцей з прыладамі ранейшага жыцця, з традыцыямі беларусаў. Адну са сцен калідора аформілі так, нібы з акон можна ўбачыць віды Парэчча. А яшчэ яна служыць для правядзення фотавыстаў, і дзеці і бацькі з задавальненнем аглядаюць іх.

— Мы хацелі прадэманстраваць сваім калегам на семінары, што вельмі важна выхоўваць маленькага грамадзяніна Беларусі з пачуццём нацыянальнай гордасці, годнасці, любові да Айчыны і свайго народа, — працягвае Леакадзія Іванаўна. — Работа гэтая пастаянная і мае шмат метадаў. Для сябе мы вызначылі і тое, што яе трэба абавязкова праводзіць у цесным супрацоўніцтве з бацькамі. І такі падыход знаходзіць у іх разуменне. Яны заўсёды з ахвотай далучаюцца да нашых мерапрыемстваў, дапамагаюць у іх правядзенні. Ды і для дзяцей уд зел бацькоў у нашай сумеснай дзейнасці мае вялікі выхаваўчы сэнс.

Лялька-гаспадынька, лялька-крупенічка, лялька “Зайчык-на-пальчык” — старажытнае мастацтва ствараць лялькі толькі са шматкоў тканіны і нітак даспадобы маленькім беларусам і ў ХХІ стагоддзі. Гэтаму майстэрству вучыць сваіх выхаванцаў Ларыса Ігнатовіч. Навучыліся яму і ўдзельнікі семінара. Цяпер і ў мяне ёсць такая лялька.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.