Алгарытм дзеянняў па выяўленні дзяцей, схільных да суіцыдальнай рызыкі, і работа з імі
У пачатку кожнага навучальнага года педагог-псіхолаг праводзіць дыягнастычныя мерапрыемствы па выяўленні падлеткаў, схільных да здзяйснення аўтаагрэсіўных і суіцыдальных дзеянняў. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі і метадычнымі рэкамендацыямі: Законам Рэспублікі Беларусь ад 01.07.2010 № 153-3 “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі”, Метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі работы па прафілактыцы суіцыдальных паводзін навучэнцаў і ўцягнення дзяцей і падлеткаў у актыўныя дэструктыўныя суполкі і гульні, Інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь “Ацэнка суіцыдальнай рызыкі і прафілактыка суіцыдальных паводзін у дзяцей і падлеткаў (Інструкцыя для педагогаў, псіхолагаў і іншых спецыялістаў устаноў адукацыі)”, пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 № 116 “Палажэнне аб сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе ўстановы адукацыі” і інш.
Кожны год да 5 лістапада класныя кіраўнікі праводзяць сацыяметрыю сярод навучэнцаў з мэтай выяўлення іх становішча ў класным калектыве і падаюць вынікі педагогу-псіхолагу. У выпадку выяўлення суіцыдальнай рызыкі пры аналізе атрыманых даных дыягнастычных мерапрыемстваў з навучэнцамі праводзіцца індывідуальная кансультацыя.
На працягу аднаго дня педагог-псіхолаг інфармуе законнага прадстаўніка пра вынікі дыягностыкі і пра магчымую рызыку суіцыдальных паводзін, атрыманне псіхалагічнай дапамогі і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі ва ўстановах адукацыі, спецыялізаванай дапамогі (псіхалагічнай, псіхатэрапеўтычнай, псіхіятрычнай) у арганізацыі аховы здароўя (дадатак 1). Педагог-псіхолаг падае законнаму прадстаўніку рэкамендацыі па ўзаемадзеянні з падлеткам, схільным да суіцыдальных паводзін (дадатак 2).
Па выніках дыягнастычных мерапрыемстваў і індывідуальных кансультацый з навучэнцамі складаецца спіс навучэнцаў з рызыкай суіцыдальных паводзін. Для работы з кожным з іх складаецца індывідуальны план, зацверджаны кіраўніком установы адукацыі. З планам павінны быць азнаёмлены намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце і класны кіраўнік.
З апошнімі педагог-псіхолаг праводзіць індывідуальныя кансультацыі, дае рэкамендацыі па прафілактыцы суіцыдальных паводзін, памяткі па выяўленні прымет у паводзінах падлеткаў, якія могуць даць нагоду для трывогі, а таксама рэкамендацыі па рабоце з дзіцем, схільным да суіцыдальных паводзін, з мэтай стварэння добрага сацыяльна-псіхалагічнага клімату, які спрыяе ўмацаванню псіхічнага і псіхалагічнага здароўя дзіцяці.У канцы навучальнага года навучэнцы, схільныя да суіцыдальнай рызыкі, праходзяць паўторную дыягностыку.
Педагог-псіхолаг распрацоўвае для класных кіраўнікоў памятку з тэматыкай і формамі правядзення класных гадзін па прафілактыцы суіцыдаў на наступны навучальны год. Ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца маніторынг сацыяльных сетак з мэтай выяўлення інфармацыі суіцыдальнай скіраванасці, дэпрэсіўнага настрою і своечасовай арганізацыі індывідуальнай работы і прыняцця мер псіхолага-педагагічнай падтрымкі.
Алгарытм дзеянняў па правядзенні маніторынгу сацыяльных сетак
Класным кіраўнікам, педагогу-псіхолагу, сацыяльнаму педагогу неабходна штодзень вывучаць старонкі навучэнцаў у сацыяльных сетках. Класным кіраўнікам 1 раз на тыдзень трэба падаваць справаздачу аб правядзенні маніторынгу сацыяльных сетак, скіраванага на выяўленне навучэнцаў групы рызыкі, педагогу-псіхолагу. У выпадку выяўлення інфармацыі суіцыдальнай скіраванасці і дэпрэсіўнага настрою, прыналежнасці навучэнцаў да дэструктыўных груп класны кіраўнік павінен паведамляць пра гэта педагогу-псіхолагу неадкладна.
Спецыяліст праводзіць індывідуальную работу з непаўналетнімі. У выпадку пацвярджэння суіцыдальнай рызыкі педагог-псіхолаг на працягу сутак паведамляе пра гэта адміністрацыі і законным прадстаўнікам.
Педагог-псіхолаг праводзіць з навучэнцамі, у якіх у сацыяльных сетках размешчана інфармацыя суіцыдальнай скіраванасці, дыягностыку на вызначэнне іх схільнасці да суіцыдальных паводзін і рэкамендуе законным прадстаўнікам звярнуцца па кансультацыю ў Гомельскую абласную клінічную псіхіятрычную бальніцу.
Па выніках маніторынгу сацыяльных сетак педагогу-псіхолагу 1 раз на тыдзень неабходна падаваць інфармацыю аб яўнай негатыўнай скіраванасці, дэспрэсіўным змесце намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце. Намеснік 1 раз на месяц выступае з адпаведнай справаздачай на пасяджэнні савета прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.
У выпадку высвятлення ў сацыяльных сетках інфармацыі суіцыдальнай скіраванасці, фактаў асацыяльных паводзін непаўналетніх, выяўленых у дэманстрацыі непрыстойных жэстаў, нецэнзурнай лаянкі ў перапісцы, на пасяджэнне савета запрашаюцца законныя прадстаўнікі.
Дадатак 1
Паведамленне (прыклад, любыя супадзенні з рэальнай асобай выпадковы):
У_Марыі Івановай_, навучэнкі 10 “А” класа сярэдняй школы № ХХ Гомеля, выяўлена рызыка суіцыдальных паводзін. Пра гэта сведчыць наступнае: вынікі дыягнастычнага абследавання, перапіска суіцыдальнага характару ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” з аднакласніцай (“Я нікому не патрэбна. Нават бацькам”, “Я больш не магу так жыць”, “Мяне ўсе ненавідзяць. Навошта мне тут быць?”, “Калі ласка, забіце мяне або я сама”, “Я больш не супакоюся”, “У мяне нічога няма добрага”, “Я не хачу жыць”).
Асаблівасці паводзін і знешняга выгляду:
1) змяненне знешняга выгляду (нашэнне лінз белага колеру гаворыць пра ўнутраную пустату);
2) адсутнасць матыву да дасягнення чаго-небудзь;
3) змяненне настрою;
4) пагаршэнне працаздольнасці;
5) цяжкасці ў навучанні, нежаданне атрымліваць веды, адсутнасць імкнення павысіць свае ацэнкі;
6) бязмэтнае баўленне часу дома (часта канцэнтруе погляд на адной кропцы);
7) дзеянні па пашкоджанні сябе (малюнкі на целе, якія маюць суіцыдальную тэматыку).
Вынікі дыягнастычнага абследавання:
1) Шкала безнадзейнасці Бека.
Выснова: выяўлена ўмераная безнадзейнасць (11 балаў). Безнадзейнасць разглядаецца як негатыўнае чаканне наконт сваёй будучыні. Падлетак верыць:
— што ўсё ў яго жыцці будзе ісці не так;
— што ніколі ні ў чым не дасягне поспеху;
— што не дасягне сваіх мэт;
— што горшыя праблемы ніколі не будуць вырашаны.
Ёсць інфармацыя, што дзяўчына выходзіла на дах 16-павярховага дома.
У сацыяльнай сетцы “УКантакце” ўваходзіла ў групу “Аднарог”, у якой змяшчаецца вялікая колькасць інфармацыі пра суіцыд. Намалявала на паперы аднарога і падарыла малюнак аднакласніцы. Па словах аднакласніцы, дзяўчына нажніцамі пашкоджвала сабе запясце і адпраўляла ў паведамленні ў сацыяльнай сетцы фотаздымак з кроўю на запясці. На запясці малявала сіняга кіта, які з’яўляецца сімвалам самагубства.
На старонцы “УКантакце” дзяўчыны выкладзены некалькі карцінак суіцыдальнага характару: “кроў з сэрца”, “кроў замест слёз”, “падлетак на даху”.
У сувязі з асаблівасцямі эмацыянальнага стану, паводзін і існуючай інфармацыі пра суіцыдальныя намеры дзіцяці законнаму прадстаўніку рэкамендавана звярнуцца да падлеткавага псіхіятра або псіхатэрапеўта ў Гомельскую абласную клінічную псіхіятрычную бальніцу (тэлефон рэгістратуры 31-58-45, тэлефон падлеткавага псіхіятра 35-90-30, тэлефон даверу 35-91-91).
Я,_Таццяна Уладзіміраўна Іванова_, папярэджана пра пагрозу здароўю, жыццю майго дзіцяці__Марыі Івановай__педагогам-псіхолагам.
Абавязваюся інфармаваць педагога-псіхолага пра факт звароту ў Гомельскую абласную клінічную псіхіятрычную бальніцу.
Дата:
Час:___.
Педагог-псіхолаг ______ ____________________.
Азнаёмлена ______ ____________________.
Дадатак 2:
Рэкамендацыі бацькам_Святланы Пятровай_, навучэнкі 8 “Б” класа сярэдняй школы № ХХ Гомеля (прыклад, любыя супадзенні з рэальнай асобай выпадковы):
Пастарайцеся захоўваць у сваёй сям’і атмасферу адкрытасці і даверу.
Будзьце ўважлівы да ўнутраных перажыванняў, эмацыянальных змен, паводзін свайго дзіцяці.
Выказвайце адабрэнне няхай самаму маленькаму поспеху дзіцяці, яго паводзінам. Цікаўцеся дасягненнямі ў навучанні.
Праводзьце з дзіцем вольны час. Аказвайце дапамогу ў цяжкасцях, якія ўзнікаюць. Цікаўцеся школьнымі справамі, захапленнямі, эмацыянальным станам.
Больш цярпіма і цярпліва стаўцеся да дзіцяці. Яму неабходна выхаванне ва ўмовах цёплых, клапатлівых адносін з боку блізкіх.
Ажыццяўляйце кантроль за вучэбнай дзейнасцю. Рэгулярна размаўляйце з настаўнікамі і класным кіраўніком вашага дзіцяці пра яго паспяховасць, наведванне заняткаў, паводзіны і ўзаемаадносіны з іншымі дзецьмі. Будзьце паслядоўны ў адносінах з дзіцем, не стаўце патрабаванні ў залежнасці ад настрою.
Сістэматычна кантралюйце паводзіны, знешні выгляд дзіцяці. Важны добразычлівыя адносіны і шчырая цікавасць да спраў і праблем падлетка.
Стварыце аптымістычныя ўстаноўкі ў сям’і, знайдзіце агульныя для членаў сям’і справы і захапленні, каб стварыць для дзіцяці сітуацыю псіхалагічнага камфорту.
Любіце падлетка і прымайце яго такім, які ён ёсць — з усімі яго добрымі і дрэннымі якасцямі. Абапірайцеся на лепшае ў дзіцяці, верце ў яго магчымасці. Імкніцеся зразумець яго думкі і пачуцці, стаўце сябе на яго месца.
Стварыце ўмовы для поспеху падлетка, дайце яму магчымасць адчуць сябе моцным, умелым, удачлівым. Не параўноўвайце падлетка з іншымі дзецьмі. Памятайце, што кожнае дзіця ўнікальнае і непаўторнае.
Навучыцеся задаваць пытанні так, каб у падлетка не ўзнікла жадання на іх не адказваць або пазбегнуць размовы з вамі. Напрыклад, замест пытання, што ты сёння атрымала, лепш пацікавіцца: “Што сёння было цікавага ў школе? Што табе спадабалася ў школе, а што не?”
Ніколі не лайце дзіця крыўднымі словамі і не абражайце яго годнасці. Ні ў якім выпадку не дазваляйце сабе размаўляць з падлеткам на павышаных тонах. Паказвайце дзіцяці прыклад эфектыўных паводзін, старайцеся не дапускаць пры ім выбухаў гневу і не стройце планы помсты.
Зрабіце ўсё, каб ваша дзіця ў кожны момант часу адчувала, што вы яго любіце, цэніце і прымаеце, не саромейцеся лішні раз яго пашкадаваць.
Будзьце самакрытычнымі, прынцыповымі, старайцеся настолькі ўмацаваць давер падлетка, каб ён дзяліўся з вамі сваімі магчымымі непрыемнасцямі і перажываннямі.
Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля.