Я мову родную люблю…

- 14:58Нам пішуць

Немагчыма ўявіць культурнага і высокаадукаванага сучаснага чалавека, які б не мог размаўляць на мове свайго народа. Менавіта родная мова вызначае і сродкі, і змест духоўнага развіцця, прыналежнасць да агульначалавечых каштоўнасцей. Таму адна з галоўных задач дашкольнай адукацыі — далучаць выхаванцаў да беларускай мовы, фарміраваць каштоўнаснае стаўленне, развіваць актыўнае маўленне на роднай мове.

На базе ясляў-сада № 4 г. Навагрудка адбыўся семінар для выхавальнікаў першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі “Развіццё ў дзяцей дашкольнага ўзросту навыкаў беларускага маўлення, мыслення, памяці і ўвагі”. Усё для павышэння прафесійнай кампетэнцыі выхавальнікаў.

Выхавальнікі раёна мелі магчымасць праглядзець вучэбна-метадычныя і вучэбна-наглядныя дапаможнікі па развіцці мовы дзяцей дашкольнага ўзросту.

Разгледзелі актуальныя пытанні: “Навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”; “Асаблівасці фарміравання беларускага маўлення і навучання роднай мове дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах білінгвізму (блізкароднаснага двухмоўя)”; “Арганізацыя беларускамоўнага дня (тыдня) ва ўстанове дашкольнай адукацыі (з вопыту работы)”; “Дыдактычная гульня як сродак развіцця маўлення дашкольнікаў”.

Асаблівую цікавасць выклікала прэзентацыя дыдактычнай гульні “Лэпбук” выхавальніка Любчанскага ДЦРД А.М.Гірыс, якая складаецца з дзвюх частак — “Мая Радзіма Беларусь” і “Па старонках Любчанскага краю”.

“Падарожжа па родным краі” з выкарыстаннем дыдактычных гульняў прадэманстравала выхавальнік вышэйшай катэгорыі ясляў-сада № 4 г. Навагрудка С.І.Галоўчыц.

Яўгенія ЛІНДА,
метадыст Навагрудскага вучэбна-метадычнага кабінета.