Я не проста дзіця, я цяпер – акцябронак

- 17:34Нам пішуць

У пачатку сакавіка ў нашай школе традыцыйна праходзіць тыдзень акцябрат. Кожны дзень праходзіў пад сваёй назвай і меў свой дэвіз.

Першы дзень: «Я не проста дзіця, я цяпер – акцябронак». У гэты дзень важатыя наведалі свае класы, дзе расказалі дзецям пра акцябрацкі рух у школе. На працягу дня важатыя развучвалі з першакласнікамі правілы акцябрат, песню «Дзеці 21 стагоддзя», азнаёмілі ўсіх з планам правядзення тыдня акцябрат, нагадалі правілы акцябрат. Старшыня савета дружыны Ангеліна Янкелайць правяла гутарку з важатымі, патлумачыла мэту кожнага дня на тыдні акцябрат і на працягу ўсяго тыдня кантралявала працу важатых. Другі дзень тыдня – дзень творчых акцябрат. Гэты дзень для малых стаў самым цікавым. Ён прайшоў пад дэвізам «Мы – вясёлыя рабяты, таму што акцябраты. Нашы песні, танцы, смех дзелім пароўну на ўсіх!». Быў арганізаваны конкурс малюнкаў «Шчаслівае дзяцінства», з якіх аформілі выставу.На наступны дзень акцябраты здзейснілі «Падарожжа ў краіну Акцябрынку». Дзеці «спыняліся» на станцыях і выконвалі заданні: адказвалі на пытанні, спявалі песні, гулялі. За кожны пройдзены этап яны атрымлівалі маршрутны ліст, дзе ў канцы шляху іх чакаў сюрпрыз.Цікава прайшоў і дзень здароўя. Дэвізам для дзяцей стала адно з правілаў акцябрат: «Усе прывыклі мы да парадку, раніцай робім зарадку». Важатыя развучвалі з акцябратамі фізкультхвілінкі, казалі аб спорце і здароўі, на перапынках арганізоўвалі рухомыя гульні.Завяршэннем тыдня стала свята «Падарожжа ў краіну Кнігію». Дзеці з захапленнем слухалі апавяданні бібліятэкара аб правілах паводзін у бібліятэцы, гісторыі пра кнігі, успомнілі казкі і герояў мастацкіх твораў, пазнаёміліся з выставамі і экспазіцыямі кніг. Вельмі спадабалася дзецям інтэрактыўная віктарына «Што за дзіва гэтыя казкі», дзе школьнікі супастаўлялі ў фармаце прэзентацыі ілюстрацыі з казак з правільнымі адказамі. Навучэнцы 3-4 класаў спаборнічалі за званне лепшых знаўцаў казак у віктарыне «Казкі ўсякія патрэбныя, казкі розныя важныя».Усім было цікава, малодшыя адчувалі цікавасць, падтрымку, разуменне, а старэйшыя – сваю значнасць. Тыдзень акцябрат – гэта адзін з важных этапаў на шляху да ідэальнага вучнёўскага самакіравання. Кожны дзень хто-небудзь з дзяцей станавіўся пераможцам. Усе дзеці былі ўзнагароджаны граматамі, памятнымі падарункамі і салодкімі прызамі.

Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Палецкішскай сярэдняй школы.