Я — прадстаўнік педагагічнай дынастыі!

- 15:31Людзі адукацыі, Рознае

Колькі памятаю сябе настаўнікам (а мой педагагічны стаж ні многа ні мала 32 гады), столькі побач “Настаўніцкая газета”. Аднойчы мне трапіўся на вочы матэрыял пра педагагічную дынастыю, якая налічвае тры пакаленні педагогаў. Гэты матэрыял і падштурхнуў мяне на размову з чытачамі “Настаўніцкай газеты”.

Як многа мы ведаем пра гісторыю сваёй Радзімы і як мала нам вядома пра гісторыю сваёй сям’і, сваіх продкаў. Мая сям’я налічвае чатыры пакаленні педагогаў, прычым у кожным пакаленні ёсць па некалькі прадстаўнікоў настаўнікаў і выкладчыкаў. Прычым усе — выкладчыкі прыродазнаўчых дысцыплін! Мой бацька добра ведаў гісторыю сваіх продкаў, любіў пра гэта расказваць, ды толькі мне, выдатніцы, актывістцы, старшыні Савета дружыны, не было калі слухаць “паданні даўніны глыбокай”. Калі бацька памёр, мне было 14… Сястра бацькі таксама любіла ўспамінаць гісторыю нашай сям’і. Але ці ж маладой настаўніцы, маладой маці дваіх дзяцей, жонцы заўсёды занятага маладога суддзі ёсць час слухаць пра прабабуль і дзядуляў? Вось і засталіся ў памяці няпоўныя звесткі аб прадстаўніках нашай педагагічнай дынастыі, якія запомніліся з расказаў на сямейных святах і сустрэчах. А зараз аб прадстаўніках старэйшых пакаленняў і спытаць няма ў каго…
У нашай сям’і дзівам, праз рэвалюцыі і войны, уцалеў фотаздымак, якому больш за 100 гадоў. На ім бацюшка ў парадным адзенні святара, з масіўным крыжам, матушка ў параднай сукенцы і юная гімназістка з доўгай касой. Гэта мая бабуля Лізавета Аляксандраўна Цвяткова, якая нарадзілася ў 1901 годзе. Яе маці, народжаная Мадзалеўская, з абяднелай польскай шляхты. Чым прывабіў высокую статную прыгажуню Лізавету сціплы настаўнік, небагаты, да таго ж ніжэйшы за яе на галаву? Відавочна, розумам і прывабнасцю. Нягледзячы на пратэст бацькоў, бабуля стала жонкай настаўніка Сямёна Міхайлавіча Пячатнікава і сама стала вучыць дзяцей чытанню, пісьму і арыфметыцы.
1937 год. Дзядуля Сямён Міхайлавіч працуе ў Магілёве дырэктарам педагагічнага вучылішча, бабуля — у школе. У сям’і падрастаюць сын Генадзь (мой бацька) і дачка Надзея. Але меч гісторыі ўжо ўзняўся над гэтай сям’ёй. Цёмным асеннім вечарам стук у дзверы, на парозе — калега з педвучылішча: “Сямён Міхайлавіч, на вас данос, сёння-заўтра за вамі прыйдуць!” Бацька часта ўзгадваў, як бацькі і ён ноччу збіралі самае неабходнае і, падхапіўшы сонную маленькую Надзю, ехалі на таварным цягніку некуды на Віцебшчыну. Там змянілі прозвішча на дзявочае прозвішча бабулі — Цвяткова — і затаіліся, але працягвалі працаваць у школе. Прастудзіўшыся на таварняку, дзядуля хутка памёр, а бабуля працягвала працаваць і гадаваць дзяцей.
Калі пачалася вайна, майму бацьку Генадзю Цвяткову было 14. Перажыўшы жахі акупацыі, ён сямнаццацігадовым падлеткам у 1944 годзе з нашымі войскамі пайшоў на фронт. Ваяваў, быў паранены пад Кёнігсбергам, узнагароджаны медалямі. Майго бацьку і яго сястру ўсё жыццё цікавіла прырода, зямля, жыццё жывёл і птушак. У галодныя пасляваенныя гады яны закончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (Генадзь — геаграфічны факультэт, Надзея — біялагічны) і, як і іх бацькі, сталі вучыць дзяцей.
Мой бацька Генадзь Сямёнавіч Цвяткоў быў незвычайным чалавекам, скарбніцай разнастайных талентаў. Яшчэ ў студэнцкія гады ён актыўна пісаў вершы, уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне ўніверсітэта, з якога потым выйшлі многія беларускія паэты, імёны якіх я сустракаю ў школьных падручніках (напрыклад, Ніл Гілевіч). Працуючы настаўнікам, бацька працягваў пісаць вершы (яго паэму “Аб Танюшцы і аб птушках” цалкам можна разглядаць не толькі як паэтычны твор, але і як энцыклапедыю звычак птушак, якія жывуць у нашых краях), іграў у Багушэўскім народным тэатры, выдатна спяваў, быў нязменным рэдактарам “Асы” — насценгазеты Багушэўскага пасялковага Савета. Гэтую газету, выстаўленую ў цэнтры на стэндзе, чытаў увесь гарадок, і не было нічога больш страшнага, чым стаць героем яе карыкатур, якія ў стылі часопіса “Вожык” маляваў мой бацька. Дзеці горача любілі Генадзя Сямёнавіча. Яго ўрокі праходзілі і ў лесе, дзе ён ведаў кожную травінку, і на возеры, дзе ён вучыў лавіць рыбу, і ў музеі з яго расказамі пра вайну. Вясёлы, жывы, дасціпны, ён так любіў жыццё і сваю работу і так рана пайшоў з жыцця. Яму было толькі 47…
Сястра майго бацькі Надзея Сямёнаўна Цвяткова — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, мела ў працоўнай кніжцы адзін запіс: “Прынята настаўнікам біялогіі ў Бобрскую сярэднюю школу Крупскага раёна Мінскай вобласці”. З 80 пражытых гадоў больш за 40 аддадзена гэтай школе. Класны кіраўнік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, нязменны сакратар партыйнай арганізацыі школы, завадатарка ўсіх паходаў, экскурсій і гульняў, яна жыла пад дэвізам: “Калі быць — то быць першым!” Яе тэматычныя вечарыны да гэтай пары памятаюць усе ў школе. Жывая і цікаўная, яна і ў 80 гадоў цікавілася, як жыве школа, што хвалюе цяперашніх настаўнікаў. Мая цётачка, я і мая дачка часта пры сустрэчах праводзілі малыя педсаветы, на якіх часам спрачаліся да хрыпаты. Вучні Надзеі Сямёнаўны да апошніх дзён прыходзілі і прыязджалі да яе, пісалі, званілі адусюль: і з Валгаграда, і з далёкага Магадана. Яны і зараз прыносяць кветкі на яе магілу.
Я і мой старэйшы брат — прадстаўнікі трэцяга пакалення педагогаў у нашай сям’і. Уладзімір — біёлаг, выкладае ў педагагічным універсітэце. Я пасля заканчэння хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта працую ў школе. Ці добры я педагог — рабіць выснову не мне, але работу сваю я люблю, свой прадмет лічу самым сучасным і патрэбным. Мая дачка Надзея з самага дзяцінства бачыць сябе толькі педагогам. Яна падтрымала сямейную традыцыю: пасля заканчэння ўніверсітэта выкладае ў Магілёўскім хіміка-тэхналагічным каледжы. “Мне вельмі падабаецца мая работа, і я не памяняла б яе ні на якую іншую”, — часта чуем мы ад Надзеі. Навучэнцы вельмі любяць маладую выкладчыцу Надзею Сяргееўну Шалохіну. Вядома! Яна разам з імі ездзіць на экскурсіі, удзельнічае ў конкурсе танцаў, нязменна забіраючы гран-пры каледжа, з ёй можна пагаварыць пра сучасную музыку і літаратуру, параіцца па жыццёвых праблемах.
Час ляціць няўмольна. Некалі і маё жыццё стане толькі часткай гісторыі маёй сям’і. Хачу звярнуцца да ўсіх чытачоў “Настаўніцкай газеты”: знаходзьце час выслухаць сваіх бабуль і мам, не дайце кануць у Лету гісторыі свайго роду, расказвайце пра яе дзецям і ўнукам. Можа быць, тады многія з нас з гонарам змогуць сказаць: “Я — прадстаўнік дынастыі!”

Таццяна ЧАРНІЧКОВА,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 1 Хоцімска.