“Я прарасту любоўю да Радзімы” — гэтыя словы сталі жыццёвым дэвізам і запаветам педагога, гісторыка, краязнаўца і этнографа Аляксандра Зайкі, імя якога з мінулага года з гонарам носіць Косаўская сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выпускніку ўстановы прысвечана адна з экспазіцый народнага краязнаўчага музея. На прыкладзе вядомага земляка дзеці вучацца любіць родную мову і малую радзіму, з павагай адносіцца да настаўніцкай прафесіі.
За ўсё жыццё Аляксандр Фаміч толькі двойчы пакідаў Косаўшчыну: калі вучыўся ў інстытуце і служыў у арміі. У вёсцы Заполле ён нарадзіўся і працаваў настаўнікам у мясцовай школе.
Самабытны даследчык аб’ездзіў на матацыкле ўсе ваколіцы, дзе старанна запісваў успаміны старажылаў і іх гаворку. Маршруты і экспедыцыі за жывым словам Аляксандр Зайка дасканала прадумваў. Дзякуючы душэўным якасцям, ён умеў выклікаць давер у людзей і жаданне падзяліцца перажытым. Добрая і шчырая ўсмешка, ненавязлівасць і родная мова збліжалі яго з сельскімі жыхарамі. Пасля сябе летапісец Косаўшчыны і збіральнік моўных скарбаў пакінуў багатую спадчыну: безліч сшыткаў, папак і картак з запісамі, якія сталі асновай для шматлікіх кніг з народнымі песнямі, прыказкамі, прымаўкамі і не толькі.
Аляксандр Фаміч прызнаваўся, што ў жыцці яму заўсёды надавала сілы любоў: “Без яе нічога не робіцца! Любая работа з любоўю зрушыцца з месца”. Гэта моцна адчуваецца ў сюжэтных лініях многіх яго мастацкіх твораў, дзе шчырай любоўю прасякнуты адносіны да роднай зямлі, людзей, прыроды. Менавіта любоў, глыбокая і безумоўная, асвячала сонцам нават самы пахмурны дзень, загойвала душэўныя раны.
Любоў да работы Аляксандр Зайка ўдала спалучаў з каханнем да вернай спадарожніцы жыцця Антаніны Іванаўны, захавальніцы яго спадчыны, першага чытача, зычлівага дарадчыка і прынцыповага крытыка. Жонка, нібы сакратар, вычытвала і перадрукоўвала мужавы рукапісы, часам спрачалася, але заўсёды з павагай ставілася да працы Аляксандра Фаміча.
Яго пісьмовы стол увесь час быў закладзены паперамі, слоўнікамі, даведнікамі і іншай тэматычнай літаратурай. За кожную выдадзеную кнігу ён быў удзячны любімай жонцы, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая ніколі не наракала на тое, што муж доўгі час праседжваў у архівах і бібліятэках, пакуль яна завіхалася па гаспадарцы. Далучанасць да агульнай справы — адраджэння і захавання гісторыі роднай зямлі — рабіла Антаніну Іванаўну шчаслівай.
Аляксандр Зайка нарадзіўся ў 1948 годзе ў вялікай сялянскай сям’і. Вучыцца юнаку падабалася. Ён заўсёды з цеплынёй гаварыў пра школьных настаўнікаў. Любоў да роднай мовы і цягу да пісьменніцтва Аляксандр Фаміч адчуваў з юнацтва — з сям’і. Шанцавала яму і з сябрамі-аднадумцамі. Сярод іх — аднакласнік вядомы журналіст-нарысіст Леанід Екель.
Любоў да слова прывяла юнака на філфак тагачаснага Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна, а любоў да родных мясцін — у Запалянскую сярэднюю школу.
“Маё багацце вялікае, і ніхто яго не адніме. Мая Зямля, мая Беларусь. Ехаў, а ў лясочку першацветы цвітуць. Спыніўся, прысеў, любуюся… Маё яно! І я — самы багаты, бо яго люблю…” — пісаў Аляксандр Фаміч.
З любоўю ў яго нараджаліся і кнігі: “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны”, “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны”, “Населеныя пункты Івацэвіччыны”… Ніводны навуковец не зрабіў для захавання аўтэнтыкі роднага краю больш, чым Аляксандр Зайка. Так, сельскі настаўнік не толькі апісаў у адной са сваіх кніг 110 вёсак раёна, але і зрабіў так, каб у 25 з іх з’явіліся мемарыяльныя дошкі з інфармацыяй пра першае ўпамінанне гэтых населеных пунктаў. Дошкі, прымацаваныя, як правіла, на валунах, сталі своеасаблівымі помнікамі, якія нагадваюць моладзі пра вытокі.
Калі выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна рыхтавалі ў 2009 годзе кнігу “Івацэвіцкі раён. Гарады і раёны Берасцейшчыны: гісторыя і сучаснасць”, то значную яе частку склалі матэрыялы Аляксандра Зайкі, у прыватнасці, глава “Прырода і насельніцтва Івацэвіцкага раёна”.
“Трымайцеся свайго “гайка”, не шукайце шчасця за морамі-акіянамі, — раіў Аляксандр Фаміч. — Я нарадзіўся ў Заполлі, тут жыў. Нідзе не шукаў іншых мясцін… Хораша было працаваць сярод сваіх людзей, вучыць сваіх дзяцей… Я люблю вельмі Косаўшчыну… Тут незвычайная аўра…”
Асабліва педагога цікавілі дыялектызмы. Ён захапляўся кожным пачутым словам, баяўся яго згубіць. Над зборнікамі слоў Аляксандр Фаміч працаваў усё творчае жыццё. Так, шлях да дыялектнага слоўніка Косаўшчыны заняў больш за 30 гадоў. Кнігу заўважылі і высока ацанілі ў навуковых колах.
“Любіць мову — значыць ведаць яе, аберагаць, не даваць памерці, не згубіць ніводнага слова”, — гаварыў Аляксандр Фаміч.
Шмат цікавых жыццёвых гісторый увайшло ў кнігу “Дым з коміна”. Педагог любіў людзей і прыроду, тонка адчуваў іх, заўважаў незвычайнае ў штодзённым. Нястомны захавальнік роднай мовы запісваў ад старажылаў назвы ручаёў, узгоркаў, палёў, лясоў…
У шматлікіх апавяданнях, замалёўках, лірычных запісах і мініяцюрах адлюстраваны характары і жыццё звычайных сялян, якія жылі побач з аўтарам. Ёсць тут і гумар, і народная мудрасць, і сум па страчаным — тое, што кіношнікі называюць знікаючай натурай. Такой натурай быў і сам Аляксандр Зайка. Таму, напэўна, і цягнуліся да яго людзі. Апошнюю кнігу з замалёўкамі “Грамнічная свечка” Аляксандр Фаміч выдаць не паспеў.
У яго было шмат сяброў сярод пісьменнікаў, але асабліва ён даражыў дружбай з паэтам Алесем Разанавым, з якім мог гадзінамі размаўляць па тэлефоне. Дзве роднасныя душы разумелі адно аднаго і заўсёды падтрымлівалі.
Аляксандр Зайка запомніўся вяскоўцам, вучням і калегам педагогам-прафесіяналам, надзвычай добрым, чуллівым і працавітым чалавекам, з моцным характарам і самапавагай. Ён пакінуў яркі след пасля сябе. У гэтым пераконваюцца наведвальнікі школьнага музея, калі знаёмяцца з рукапісамі, кнігамі, фотаздымкамі і асабістымі рэчамі чалавека, які ўмеў і вучыў любіць жыццё, людзей, Радзіму.
Пра запатрабаванасць спадчыны Аляксандра Фаміча сведчыць тое, што нават пасля яго смерці працягваюць выходзіць кнігі, падрыхтаваныя ім: “Крыніцы і вытокі”, “Мікратапаніміка Івацэвіччыны” і інш.
Івацэвіцкая зямля ўрадлівая на працавітых і таленавітых людзей. У гэтым пераконваюць экспазіцыі залы літаратурнага краязнаўства, прысвечаныя жыццю і творчасці вядомых землякоў: Піліпа Пестрака, Яраслава Пархуты, Леаніда Екеля, Уладзіміра Мароза…
Вялікую цікавасць выклікаюць і дзве іншыя музейныя залы. Збіральніцай і захавальніцай унікальных экспанатаў з’яўляецца нязменны кіраўнік музея Наталля Бялевіч.
— Музейная экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю горада і краю ў храналагічным парадку, — расказвае Наталля Яўгенаўна. — Матэрыялы размеркаваны ў 7 раздзелах: “І быў час…”, “Косава ў 20—30-я гады ХХ стагоддзя”, “І памяць, і слава, і боль”, “Косава — горад родны”, “Косаўская сярэдняя школа”, “Гарадская кватэра савецкага перыяду” і “Этнаграфія краю”. Усе экспазіцыі разнапланавыя і зменныя, чым і цікавыя. Музейны фонд налічвае амаль 1,6 тысячы прадметаў.
Тут ладзяцца ўрокі гісторыі і беларускай літаратуры, святы, выставы, сустрэчы са знакамітымі землякамі і выпускнікамі школы, тэматычныя і аглядавыя экскурсіі “Багацці Куфара Куфэрыча”, “Запрашаем у нашу хату”, “Праз усю вайну”, “З гісторыі школы”, “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны” і інш. Праводзяцца лекцыі і прэзентацыі “Палац Пуслоўскіх: гісторыя і сучаснасць”, “Іх імёнамі названы вуліцы горада”, “Івацэвіччына літаратурная”, “Газеты і часопісы СССР”, “Дзіўны свет паштовай маркі”, “Чароўны свет выцінанкі”, “З гісторыі прадпрыемстваў і арганізацый горада”, “Ганаровыя грамадзяне Косава”…
Музейныя матэрыялы — аснова для навукова-даследчай, пошукавай і творчай дзейнасці вучняў, краязнаўчых экспедыцый. Членамі савета музея распрацаваны экскурсійныя маршруты па Косаве і Івацэвіцкім раёне. На рахунку юных музейшчыкаў і іх педагогаў шмат узнагарод, атрыманых па выніках розных конкурсаў. Дзякуючы сістэмнай рабоце і назапашанаму вопыту, установа адукацыі з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі.
Косаўская сярэдняя школа імя А.Ф.Зайкі — адна з найстарэйшых у раёне. Нягледзячы на паважаны ўзрост, установа размяшчаецца ў сучасным будынку з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай і кадравым патэнцыялам, якім пазайздросцілі б многія буйныя гарадскія школы. Больш за 83% косаўскіх педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, адзін — катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Радуюць і вынікі паступлення выпускнікоў ва УВА (летась амаль 64%).
Школа працуе ў інавацыйным рэжыме. Так, летась завяршылася рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі дзейнасці Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра ў сеткавым адукацыйным асяроддзі ў мэтах прафесійнага развіцця педагагічных кадраў і пачалася рэалізацыя новага эксперыментальнага праекта па апрабацыі мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. На працягу апошніх гадоў школа ўваходзіць у лік пераможцаў раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі.
— Школе ўсяго хапае, акрамя вучняў, — засмучаецца яе дырэктар Валянціна Каліноўская. — Пры праектнай магутнасці на 960 месцаў установу наведвае 301 дзіця, прычым амаль палова з іх — з 11 навакольных вёсак. Гэта звязана з рознымі прычынамі, у тым ліку з блізкасцю райцэнтра.
Тым не менш косаўскія педагогі не адчайваюцца і імкнуцца працаваць яшчэ лепш. А інакш не могуць — імя школы абавязвае.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара