Я праваднік дзіцяці ў свеце яго праблем

- 20:57Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Што рухае ўчынкамі чалавека? Чаму важна выслухаць іншага чалавека, разабрацца ў яго праблемах, дапамагчы яму? Каму неабходна аказаць псіхалагічную падтрымку? Пытанні зусім недзіцячыя, але ўзнікалі яны ў педагога­псіхолага Любанскага раённага СПЦ Таццяны Мікалаеўны Гарбуновіч, калі яна была яшчэ дзяўчынкай.

Усе мы родам з дзяцінства

Менавіта гэтую фразу раз-пораз паўтарае Таццяна Мікалаеўна, расказваючы пра ўласны шлях у прафесію і асабістыя дасягненні. Нагодай да нашай з ёй сустрэчы стала Падзяка міністра адукацыі за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, творчую ініцыятыву, высокае прафесійнае майстэрства Т.М.Гарбуновіч. Сама педагог-псіхолаг Любанскага раённага СПЦ не бярэцца аналізаваць, за што яе праца атрымала такую высокую прафесійную ацэнку. Яна чалавек сціплы, удумлівы, настроены працаваць на вынік.

— Псіхолагам я марыла стаць са школы, — пачынае аповед Таццяна Мікалаеўна. — Скончыла сярэднюю школу № 1 Любані, а пасля, у 2009 годзе, прыватны жаночы інстытут “Энвіла”. На першае працоўнае месца вярнулася на радзіму — у дзіцячы сацыяльны прытулак у вёсцы Старыя Юрковічы Любанскага раёна, працавала там педагогам-псіхолагам. На практыцы сутыкнуўшыся з прафесіяй, адчула такі пазітыў, што адразу зразумела — я на сваім месцы. Пачынаць было цікава. Маімі кліентамі былі дзеці, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Я і зараз памятаю ўсіх сваіх маленькіх кліентаў, назіраю за тым, як яны рас­туць, сталеюць. Іх было каля 15 чалавек, зараз яны падлеткі, юнакі і дзяўчаты. Некаторыя з іх вучацца ў Любанскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, і ў рамках сваёй работы я працягваю з імі кантактаваць. Мне вельмі прыемна, што яны мяне памятаюць і проста вітаюцца на вуліцы.

Потым Т.М.Гарбуновіч некаторы час працавала ў камерцыйнай фірме ў сталіцы, у тым ліку прымяняючы свае псіхалагічныя веды. Але малая радзіма паклікала яе дамоў, і, вярнуўшыся ў Любань, педагог-псіхолаг пачала працаваць у раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры.

 

Дарослыя пытанні

Усю работу Т.М.Гарбуновіч умоўна можна падзяліць на тры часткі: работа з дзецьмі, з іх бацькамі і з педагогамі. Таццяна Мікалаеўна працуе з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: гэта дзеці ў прытулку пры СПЦ, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а яшчэ на ўліку Ў ІСН. “А таксама ўсе дзеці, якія маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе і самі звяртаюцца да мяне”, — пад­крэслівае педагог-псіхолаг.

Цяперашніх дзяцей хвалююць праблемы сучаснага свету: няўпэўненасць у сабе, праблемы з самаацэнкай, праблемы ва ўзаемаадносінах з равеснікамі, з супрацьлеглым полам, з бацькамі (у першую чаргу з мамай), а таксама праблемы прафесійнага самавызначэння.

Зараз вялікую ўвагу псіхолаг удзяляе дзецям, якія аказаліся ў крызіснай сітуацыі. Сучасныя рэаліі такія, што многа дзяцей трапляе ў стрэсавую сітуацыю. Гэта звязана з тым, што змяніўся сучасны свет, эканоміка, палітычнае становішча. І калі дарослыя могуць кантраляваць свае паводзіны і эмоцыі, то псіхіка дзяцей і падлеткаў неакрэплая, яны не ведаюць, як рэагаваць на крызісы. Сярод маладых людзей расце трывога, эмацыянальнае напружанне, усё больш падлеткаў пакутуюць ад стрэсавых і дэпрэсіўных станаў.

“Так, нядаўна я працавала з 15-гадовай дзяўчынкай, у якой памерла маці, — дзеліцца педагог-псіхолаг. — У дзіцяці назіралася вострая посттраўматычная рэакцыя. Пры рабоце з дзяўчынкай я праводзіла кансультаванне з элементамі карэкцыі, каб у дзіцяці адбылося перажыванне гора, страты блізкага чалавека. Таксама ставіла задачу зніжэння посттраўматычных рэакцый і гарманізацыі эмацыяльнага стану маёй юнай
кліенткі”.

 

Быць пачутымі

Работу з бацькамі Таццяна Мікалаеўна ажыццяўляе ў рамках кансультавання ці праз бацькоўскія сходы. “Хачу адзначыць, што многія з праблем, якія ёсць у дзяцей, нараджаюцца ў сям’і. Як гаворыцца, усе мы родам з дзяцінства. Дзеці паўтараюць паводзіны дарослых, могуць неўсвядомлена іх капіраваць. Кансультаванне бацькоў дазваляе дапамагчы ім зразумець, як правільна паступіць у праблемнай сітуацыі. Такім чынам, можна сказаць, што многія дзіцячыя праблемы вырашаюцца праз кансультаванне бацькоў. На жаль, зараз шмат сем’яў, асабліва гэта тычыцца нядобранадзейных, дзе паміж бацькамі і дзецьмі страчаны эмацыянальная сувязь і давер. Я праводжу індывідуальныя і групавыя трэнінгавыя заняткі на аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, на згуртаванне сям’і”, — працягвае педагог-псіхолаг.

Ці ахвотна бацькі ідуць на кантакт з псіхолагам, пытаюся ў маёй суразмоўніцы. Яна адказвае, што гэта залежыць ад… геаграфіі. Бацькі, якія пражываюць у горадзе, часта самі звяртаюцца па дапамогу да псіхолага. А вось бацькі, якія жывуць у маленькіх вёсках, працуюць на фермах, у калгасах, у якіх сярэдняя ці нават базавая адукацыя, спачатку ідуць да псіхолага з насцярожанасцю. Літаральна са страхам у вачах: “А што будзе?”. “Так, у мяне была адна сям’я, мама з дачкой, якія даведаліся пра мяне праз дырэктара школы і сацыяльнага педагога. Ішлі да мяне нават з бояззю. А пасля трэнінгу прасілі: “Можна мы да вас яшчэ адзін раз прыедзем?” Людзям важна быць пачутымі”, — падсумоўвае Т.М.Гарбуновіч.

Яна кансультуе і настаўнікаў: як нала­дзіць кантакт з дзіцем, як з ім узаемадзейнічаць, каб скарэкціраваць праблему; як не дапусціць свайго эмацыянальнага выгарання і ўмацаваць уласнае псіхалагічнае
здароўе.

Рэкамендацыі бацькам ад Таццяны Гарбуновіч:

   1. Не замяняйце ўзаемаадносіны, тактыльны кантакт з дзіцем, пяшчоту каштоўнымі падарункамі. Дзіця заўсёды мае патрэбу ў бацькоўскай любові, падтрымцы, клопаце і ўвазе. Нават калі вы моцна стаміліся на рабоце, знайдзіце 15 хвілін штодня, каб прысвяціць іх свайму дзіцяці.
   2. Пераканайце дзіця, што нават у самай дрэннай сітуацыі вы будзеце гатовы яго падтрымаць. Гэта трэба гаварыць адкрытым тэкстам.
   3. Праводзьце вольны час са сваім дзіцем, улічваючы яго пажаданні. Наляпіце пельменяў ці зрабіце ўборку ў кватэры, адначасова выклікаючы дзіця на задушэўныя размовы.
   4. Прымайце сваё дзіця такім, якое яно ёсць. Не параўноўвайце сына ці дачку з іншымі дзецьмі, а матывуйце на новыя дасягненні. Будзьце для дзіцяці прыкладам і аўтарытэтам.
   5. Любіце сваё дзіця без усялякіх умоў. Будзьце гатовы заўсёды падтры­маць яго. І будзьце гатовы прыйсці разам з ім да псіхолага пры неабходнасці.

 

Маналог спецыяліста

“Самы любімы мой напрамак — ка­рэк­цыйна-­раз­віц­цёвая дзейнасць. Рэалізую яе праз гульні і арт-тэрапеўтычныя заняткі, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна Гарбуновіч. — На маіх занятках дзеці лепяць, малююць, пераўвасабляюцца, фантазіруюць. Выкарыстоўваю ў рабоце і модныя зараз метафарычна-асацыятыўныя карты, працую з усімі катэгорыямі кліентаў.

На жаль, сёння павялічваецца колькасць дзяцей, схільных да аўтадэструктыўных паводзін. Ёсць нават такое паняцце, як сэлф-харм — свядомае нанясенне сабе якой-небудзь шкоды, прычыненне болю без мэты самагубства. Напрыклад, дзеці рэжуць сабе рукі. Калі да мяне па дапамогу звярнулася такое дзіця, то я спачатку інфармую пра гэта бацькоў, а пасля накіроўваю дзіця да псіхіятра ці псіхатэрапеўта за медыкаментозным лячэннем. Аднак працягваю працаваць з такім дзіцем, і мая работа заключаецца ў тым, каб дапамагчы дзіцяці справіцца з крызіснай сітуацыяй. Я як праваднік дзіцяці ў свеце яго праблем, дапамагаю справіцца са страхамі, трывогамі, адчуць сябе ў бяспецы.

Возьмем прыклад, калі дзіця рэжа сваё цела. Такім чынам яно паказвае, што на яго трэба звярнуць увагу. А людзі побач часам такія паводзіны дзіцяці абясцэньваюць: “Падумаеш, увагі яму не хапае…”  Мая задача — пераканаць бацькоў перагледзець свае адносіны з дзіцем. Бывае, чую ад бацькоў: “Мы ніколі не думалі, што наша дачка так нас успрымае”, “Мы думалі, што нашага сына ўсё задавальняе”. А дзіцяці проста не хапала элементарных абдымкаў ад бацькоў і пытання “Як твае справы?”

Я ўпэўнена: калі дзіця дрэнна сябе паводзіць у школе, значыць, яно дрэнна сябе адчувае. Часта бывае так, што дзеці не могуць словамі выказаць, што з імі адбываецца, а можа, баяцца. Сучасныя дзеці часам не могуць будаваць рэальныя, а не віртуальныя сяброўскія адносіны. Яны сталі больш агрэсіўныя ў параўнанні са сваімі равеснікамі 10 гадоў назад, а яшчэ больш смелымі і мабільнымі. Мне важна захаваць іх дзяцінства і зрабіць так, каб дзіцячыя праблемы не перараслі ў дарослае жыццё”.

Наталля КАСТЭНКА.