“Я проста сумленна выконваю сваю работу”

Ідэальны педагог, у разуменні настаўніцы біялогіі гімназіі № 13 Мінска Ірыны Чаславаўны-Уладзіславаўны Калеснік, павінен быць уважлівым да дзяцей, дасканала ведаць свой прадмет і не спыняцца на дасягнутым.

“На выбар прафесіі вельмі паўплывалі мае школьныя настаўнікі, а асабліва настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Мікалаеўна Ракіцкая і настаўніца геаграфіі Таісія Канстанцінаўна Блізнюк. Яны зацікавілі і сваім прадметам, і сваім падыходам да работы. Хацелася быць падобнай да іх, нягледзячы на тое, што маім любімым прадметам была матэматыка, і настаўнікі фізікі і матэматыкі былі вельмі натхнёныя і творчыя,” — дзеліцца ўспамінамі Ірына Уладзіславаўна. — Ды і ўвогуле ў аляхновіцкай школе Мала­дзечанскага раёна, якую я скончыла ў 1989 годзе, быў вельмі творчы педагагічны калектыў. Дарэчы, мая сястра Людміла Чаславаўна-Ула­дзіславаўна Сурынт таксама вучылася ў гэтай школе і стала педагогам. Акрамя таго, у нашай сям’і гаварылі, што настаўнік заўсёды лепш ведае. Ніколі не было такога, каб дзеянні педагога абмяркоўваліся — існавала бясспрэчная павага да педагагічнай працы”.

Настаўніца пачала свой прафесійны шлях у 158-й мінскай школе (сённяшняй гімназіі № 13), куды прыйшла пасля заканчэння педагагічнага інстытута і спачатку стала працаваць сацыяльным педагогам.

“У той самы год у школу прыйшла Людміла Рафаілаўна Бурканава, — расказвае Ірына Уладзіславаўна. — Вопытны настаўнік, творчы педагог, Людміла Рафаілаўна на працягу нашай сумеснай працы шчыра дзялілася сваім неацэнным вопытам. І шмат што з таго, што я зараз ведаю і ўмею ў прафесійным плане, — вынік супрацоўніцтва з гэтым выдатным Настаўнікам”.

Шмат увагі маладому педагогу ўдзяляла нязменны дырэктар установы адукацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук Вольга Робертаўна Чарнавусава. “Яна бачыла мяне наскрозь, — гаворыць Ірына Уладзіславаўна. — І калі я гаварыла, што нешта не магу зрабіць, дырэктар заўсёды верыла ў мае сілы і падбадзёрвала: ты ўсё зможаш, варта толькі моцна гэтага захацець”.

У студэнцкія гады Ірына Ула­дзіславаўна шмат падарожнічала, выязджала ў экспедыцыі, працавала экскурсаводам — яе больш вабіла геаграфія. Але жыццё склалася так, што ў школе яна стала выкладаць менавіта біялогію, якая з цягам часу зацягвала ўсё больш і больш. Словы яе выкладчыка з пед­інстытута Людмілы Баляславаўны Утыра пра тое, што яна бу­дзе выкладаць не геаграфію, а біялогію, аказаліся прарочымі.

Выпускнікі профільнага хіміка-біялагічнага класа, у якім выкладае Ірына Уладзіславаўна, у асноўным ідуць у медыцыну. Павагу да белага халата яны пачынаюць адчуваць яшчэ са школы: з гордасцю прыходзяць на заняткі па біялогіі ў “спецадзенні”. Як сцвярджае настаўніца, белы халат дысцыплінуе і мяняе стаўленне навучэнцаў да той работы, якую яны выконваюць на ўроках і лабараторных занятках (на здымку). Ёсць сярод выпускнікоў Ірыны Уладзіславаўны і педагогі.

Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе ўдзелу навучэнцаў у алімпіядным руху, з’яўляючыся кіраўніком раённай каманды. Яе выхаванцы паказваюць стабільна высокія вынікі: заваявалі 7 дыпломаў на раённым і гарадскім этапах алімпіяды па біялогіі для вучняў 7—8 класаў, 17 дыпломаў на II і III этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”. Ёсць сярод іх і пераможца заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды: Валерыя Качан у 2017/2018 навучальным годзе атрымала дыплом ІІ ступені, а ў 2018/2019 — дыплом ІІІ ступені.

“Многія з тых, каго я вучыла, прыходзяць і гавораць вялікі дзякуй за тое, што я ім дапамагла, а я часта не магу зразумець: што ж такое асаблівае я зрабіла — я проста сумленна выконваю сваю работу. Калі бачу ў вачах бацькоў маіх навучэнцаў радасць ад поспехаў і суперажыванне з-за нейкіх праблем, гэта сведчыць, што я на правільным шляху і мне ўдалося выбуда­ваць рабочыя зносіны і з дзецьмі, і з іх бацькамі”, — заўважае настаўніца. Вялікай павагай карыстаецца Ірына Уладзіславаўна і ў навучэнцаў, для якіх яна не толькі бясспрэчны аўтарытэт, але і дарадчык, і сябар. “Дзеці па сваёй сутнасці хітруны. Калі ім трэба да мяне звярнуцца з афіцыйнай прычыны, выкарыстоўваюць двайное імя па бацьку — Ірына Чаславаўна-Ула­дзіславаўна, — заўважае педагог.

І.У.Калеснік вядома ў Фрунзенскім раёне як добры метадыст. Яна кіруе школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў хіміі і біялогіі, а таксама раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў біялогіі. Галоўным настаўніца лічыць тое, што пры планаванні метадычнай работы ў любым педагагічным калектыве трэба пачынаць з дыягностыкі, якая дазволіць знайсці праблемныя пытанні, высветліць цяжкасці і патрэбы настаўнікаў-прадметнікаў. Гэта трэба, у першую чаргу, для таго, каб метадычная дапамога была найбольш прадук­цыйнай і якаснай. Сёння да яе па дапамогу ў асваенні новых метадычных прыёмаў і адукацыйных тэхналогій звяртаюцца студэнты біялагічных факультэтаў УВА, якія прыходзяць у гімназію на практыку, маладыя педагогі і вопытныя калегі, і кожны з іх атрымлівае вычарпальную інфармацыю і карысныя парады. У метадычным арсенале настаўніцы таксама адкрытыя ўрокі, майстар-класы, выступленні на разнастайных прадметных семінарах. Яе вопыт абагульнены ў метадычным дапаможніку з распрацоўкамі вучэбных заняткаў для 11 класа па вучэбным прадмеце “Біялогія”, быў прадстаўлены на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па інавацыйных тэхналогіях у Казахстане.

У 2008—2009 гадах Ірына Ула­дзіславаўна працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Змена віду дзейнасці дала магчымасць пазнаёміцца з вельмі цікавымі, дасведчанымі і творчымі людзьмі.

Акрамя падарожжаў па свеце, адным з хобі настаўніцы з’яўляецца ландшафтны дызайн. Менавіта Ірына Уладзіславаўна распрацавала аздабленне тэрыторыі ўстановы адукацыі, якое прынесла гімназіі 2-е месца ў намінацыі “Рэгулярны кветнік” рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі” на лепшы праект па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі ўстаноў адукацыі.

Ірына Уладзіславаўна вельмі любіць прымаць гасцей і частаваць іх прысмакамі ўласнага гатавання. Яе рэгулярна наведваюць удзячныя выпускнікі розных гадоў. Настаўніца памятае кожнага з іх, цікавіцца іх поспехамі і для кожнага знойдзе добрае слова. А напярэдадні Дня жанчын абавязкова рашчыніць цеста, каб пачаставаць пірагамі тых, хто прыйдзе вінша­ваць яе са святам.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.