Я робата сабраў бы — хай мяне навучаць!

- 15:01Адукацыйная прастора, Рознае

Вось так, перафразоўваючы Уладзіміра Маякоўскага, можна назваць занятак, што выбралі для сябе дзеці, якія вучацца ў пачатковых класах сталічнай школы № 67 і наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”. А пачыналася ўсё ў 2013 годзе, калі ў сярэдняй школе № 67 Мінска адкрываўся першы LEGO-клас. Тады ні бацькі, ні вучні дакладна не ўяўлялі, як навучыцца чытаць, пісаць і лічыць з дапамогай канструктара “LEGO”. А сёння гэта ўжо не фантастыка, а цалкам штодзённыя і звыклыя для класа і для нашай школы ўрокі.

Толькі праз тры гады навучання ўжо не кубікі вучаць дзяцей. Вучні самі задаюць каманды свайму першаму робату з канструктара LEGO Education WeDo, праграмуючы тыя дзеянні, якія потым выконвае гэтая разумная цацка. Так, першы дзіцячы робат-кракадзіл рыкае і шукае здабычу, робат-малпа падымаецца на лапы, робат-дыназаўр рухаецца і ківае галавой. Тэхнічныя магчымасці робатаў бязмежныя, як і фантазія дзяцей. Навучэнцы гэта зразумелі падчас зборкі і праграмавання LEGO-канструкцыі. Вучні лёгка збіраюць робатаў з канструктара LEGO Education WeDo і прыводзяць механізм у рух, устанаўліваючы на камп’ютары шэраг функцый, якія выконвае па камандзе робат. Такім чынам, ёсць магчымасць увасобіць у рэальнасць цікавыя задумкі. Робат-машына рухаецца назад, наперад і паварочваецца праз вызначаны час. Робат-камбайн з дапамогай LEGO-ножыкаў здольны збіраць хлеб. А робат-рыкша з дапамогай датчыка адлегласці выяўляе чалавека і спыняецца. Юныя робататэхнікі збіраюць не проста дынамічныя канструкцыі. Робаты спрыяюць вывучэнню школьнай праграмы. Так, робат-варатар і робат-хакеіст дапамагаюць асвоіць парадкавы лік, падчас закідвання шайбы ў вароты. Робат-верталёт і робат-катар дапамагаюць вырашаць матэматычныя заданні на рух. Робат-карусель і робат-ваўчок даюць магчымасць разабрацца ў такіх паняццях, як рух, акружнасць і кола.

Падчас мадэлявання і праграмавання навучэнцы пазнаюць новыя для іх назвы механізмаў, чым папаўняюць свой слоўнікавы запас. Дэталі канструктара маюць свае пазначэнні. Датчык нахілу, шасцярэнькі, матор, хуткасць, датчык адлегласці, блокі кіравання і рухавікі трэба скарыстаць па прызначэнні ў правільным парадку. Дзякуючы гэтаму, актывізуюцца разумовыя працэсы, развіваюцца тэхнічныя магчымасці вучняў, стымулюючы іх творчую дзейнасць.

Навучанне ў аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка” носіць гульнявы характар, што немалаважна для вучняў 1—4 класаў. Заняткі займаюць 45 хвілін. Гэтага досыць трэцякласніку для выканання вучэбнага задання і магчымасці паспаборнічаць з аднакласнікамі ў хуткасці зборкі і праграмаванні. Для мадэлявання робата ёсць інструкцыя. На занятках навучэнцы заўсёды могуць звярнуцца да настаўніка, які кантралюе працэс і аказвае кансультацыйную дапамогу. Нярэдка навучэнцы выходзяць за межы пастаўленага на занятках задання і дапаўняюць робата, ускладняючы механізм і павялічваючы магчымасці канструкцыі. У вучняў, якія займаюцца робататэхнікай, ёсць высокія дасягненні на конкурсах і фестывалях раённага і гарадскога ўзроўню, і гэта далёка не мяжа.

Праца ў аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка” вядзе да фарміравання паняццяў пра механіку і электроніку, што можа стаць вызначальным момантам для выбару будучай прафесіі.

Вольга ВОЛКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 67 Мінска.