“Я турыстам быць хачу, на злёт птушкай палячу”

- 13:06Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

З 25 чэрвеня па 1 ліпеня з мэтай фізічнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, умацавання сяброўскіх сувязей паміж юнымі турыстамі Беларусі і Расіі на тэрыторыі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці праводзіўся традыцыйны, ужо дзявяты па ліку, турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. 41 каманда (33 расійскія і 8 беларускіх) сабраліся ў запаведным Нарачанскім краі, каб не толькі на турыстычныя здольнасці равеснікаў паглядзець, але і сваё ўмельства, спрыт ды эрудыцыю паказаць.

Бяссоныя ночы, насычаныя дні

Арганізатары (Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Федэральны цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, Мінскі абласны выканаўчы камітэт) зрабілі ўсё магчымае, каб кожны дзень летніх канікул стаў для ўдзельнікаў злёту сапраўдным святам турызму, сяброўства, юнацтва, каб падчас спаборніцтваў сярод навучэнцаў, педагогаў і суддзяў панаваў толькі добры настрой. Нават надвор’е, якое ў чэрвені паказвала зменлівы характар, у гэтыя дні падарыла няхай і не самыя спякотныя, але па-летняму сонечныя і яркія дзянькі. Як адзначалі потым удзельнікі злёту, прахалода толькі спрыяла больш камфортнаму праходжанню маршрутаў спартыўнага арыентавання, дыстанцый турыстычна-прыкладнога мнагаборcтва.
Дождж і сонца; снеданне, абед і вячэра пад шатамі соснаў; россып чарніц і суніц пад нагамі; бесперапынныя конкурсы і спаборніцтвы; песні пад гітару і размовы да глыбокай ночы; потым задоўга да з’яўлення першых промняў сонца птушыны канцэрт, сцэнай якога станавіліся не толькі галіны дрэў, але і палаткі, па якіх крылатыя артысты лічылі за гонар паскакаць, нагадваючы турыстам пра пачатак новага дня, — адным словам, сумаваць не было калі, як, дарэчы, не было калі і добра выспацца. Але хіба сумаваць і спаць прыехалі на бераг возера Швакшты амаль 600 турыстаў ад Брэста да Хабараўска? Хіба дзеля гэтага яны пераадольвалі тысячы кіламетраў, ляцелі па некалькі гадзін самалётам, суткамі ехалі на цягніку? Канечне, не за гэтым, а за новымі сябрамі, уражаннямі і, безумоўна, за перамогамі ў турыстычных стартах.

Няпросты выбар

У гэтыя дні хапала і радасных сустрэч са старымі сябрамі, было дастаткова і новых знаёмстваў, незабыўных уражанняў, усмешак і добрага настрою. Адзін з галоўных сакрэтаў высокага ўзроўню арганізацыі турзлёту — удалы выбар месца яго правядзення. Улічвалася некалькі фактараў. Па-першае, наяўнасць перасечанай мясцовасці для спаборніцтваў па турыстычна-прыкладным мнагаборстве. Па-другое, багатая ваенная гісторыя краю, што асабліва актуальна ў 70-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па-трэцяе, маляўнічыя краявіды. Пад гэтыя пункты падыходзіць кожны раён Беларусі, таму арганізатарам злёту было няпроста зрабіць правільны выбар.
Па словах галоўнага суддзі злёту намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзіі Андрэеўны Жур, першапачаткова вялікі палатачны лагер планавалася разбіць на беразе Нёмана ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, дзе праходзіў турыстычны злёт 2011 года. Вялікае жаданне стаць гаспадыняй сёлетняга злёту было ў Гомельскай вобласці. Варыянт з гэтым рэгіёнам разглядаўся як самы аптымальны, было выбрана і месца на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны, аднак у сувязі з апошнімі падзеямі ў суседніх краінах (бяспека юных турыстаў перш за ўсё) выбар быў зроблены на карысць Мядзельшчыны. У яго правільнасці ніхто не сумняваўся. Разнастайнасць рэльефу — раз, слаўная ваенная гісторыя, наяўнасць вялікай колькасці помнікаў і брацкіх магіл — два, амаль на кожным кроку маляўнічыя азёры — тры. Што яшчэ трэба для цудоўнага турыстычнага адпачынку?

Незвычайнае паселішча

Вялікі палатачны лагер, які за лічаныя хвіліны з’явіўся на вялікай паляне каля возера Швакшты, здалёк можна было параўнаць або з сярэдневяковым горадам (быў тут і свой дзядзінец (асноўны палатачны лагер) і пасад (лагер суддзяў), або з паселішчам першабытных людзей, бо па сваёй форме многія палаткі вельмі падобны да жытла нашых далёкіх продкаў. Калі дадаць да гэтай карціны дымок, што кругласутачна віўся над незвычайным паселішчам, плюс заняткі яго жыхароў (нарыхтоўка дроў, гатаванне ежы на вогнішчы, збор ягад у лесе), то падабенства са старадаўнімі часамі было відавочным.
Першабытны лад жыцця, цесна пераплецены з ХХІ стагоддзем, свежае паветра, маляўнічасць Нарачанскага краю — усё гэта самым станоўчым выхаваўчым чынам уплывала на сучасных падлеткаў і юнакоў. Узяць, напрыклад, самую звычайную аўсяную кашу: у штодзённым жыцці далёка не кожны школьнік ахвотна адолее цэлую міску гэтай карыснай стравы, а тут, на турзлёце, яе было з’едзена, напэўна, некалькі цэнтнераў. Або бульба… Ці ёсць такія навучэнцы, якім яе абіранне прыносіць задавальненне? Аказваецца, ёсць. Гэта — турысты. А яшчэ яны любяць макарону з тушонкай, агуркі, памідоры, з радасцю з’ядуць кавалак сала, падсмажаны на вогнішчы. Адным словам, быць турыстам — гэта выдатна і карысна для здароўя.

Пад сцягам сяброўства

З самай раніцы на вуліцах Мядзела, які на час урачыстага адкрыцця злёту стаў сталіцай турызму Беларусі і Расіі, панавала адчуванне сапраўднага свята. Паміж мясцовымі жыхарамі час ад часу толькі і гучалі размовы пра тое, што хутка ў гарадскім амфітэатры, што раскінуўся на беразе возера Мястра, адбудзецца незвычайнае дзейства: канцэрт мастацкіх калектываў вобласці і ўрачыстае шэсце турыстычных каманд. Чаканні спраўдзіліся. Пад гукі фанфар прадстаўнікі беларускіх і расійскіх рэгіёнаў, нібыта сапраўдныя спартсмены падчас адкрыцця Алімпійскіх гульняў, з гонарам неслі сцягі сваіх каманд. На фоне блакітнага неба і белых аблокаў надзвычай прыгожа глядзеліся жоўтыя, чырвоныя, сінія палотнішчы. Урачыстую святочнасць шэсцю надавалі і шчырыя ўсмешкі яго ўдзельнікаў. Хлопцы і дзяўчаты радасна віталі мясцовых жыхароў, а таксама сваіх равеснікаў-сапернікаў, якія з першага дня знаёмства сталі добрымі таварышамі, а пад канец злёту — сапраўднымі сябрамі. Пасля слоў вядучых загучалі гімны дзяржаў, адказнае падняцце сцяга турзлёту было даручана прадстаўнікам дзвюх каманд Мінскай вобласці.
З прывітальнымі словамі да юных турыстаў звярнуліся кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Міхаіл Сяргеевіч Орда, які зачытаў віншавальнае слова дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Аляксеевіча Рапоты, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Аляксандраўна Саротнік, дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міхаіл Міхайлавіч Бастанджогла і старшыня Мядзельскай раённай арганізацыі ветэранаў Міхаіл Гершанавіч Гардон. А вось старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі ад імя абласнога Савета дэпутатаў, Мінскага аблвыканкама, губернатара вобласці выказаў юным турыстам шчырыя пажаданні ўдачы, здароўя, а таксама ўзгадаў свае турыстычныя дарогі, паведаміў пра тыя станоўчыя рысы характару, якія фарміруе турызм (упэўненасць у сваіх сілах, мэтанакіраванасць, таварыскасць, імкненне пераадольваць цяжкасці, эрудзіраванасць).
Урачыстае адкрыццё злёту працягнулася на беразе Нарачы каля велічнага помніка, пастаўленага ў гонар партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай, дзе навучэнцы ўсклалі кветкі, аддалі даніну павагі тым, хто загінуў у баях за Беларусь. Варта адзначыць, што мітынг-рэквіем з удзелам юных турыстаў Беларусі і Расіі праходзіў і ў першы дзень злёту, 25 чэрвеня, на сталічнай плошчы Перамогі падчас грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Подзвіг народа бессмяротны”, аб правядзенні якой паведамляла наша выданне.

Выдатныя вынікі

Удзел у турзлёце — гэта своеасаблівы экзамен для каманд, абарона турыстычнага гонару свайго рэгіёна, таму ў палатачным горадзе на працягу тыдня жывуць лепшыя з лепшых навучэнцаў аб’яднанняў турыстычна-краязнаўчага профілю цэнтраў дадатковай адукацый дзяцей і моладзі. Гэта пацвярджае высокая канкурэнцыя, якая пануе на спаборніцтвах. Кожнае прызавое месца як дасягненне сапраўднага турыстычнага алімпу.
Кожны дзень злёту напоўнены шматлікімі мерапрыемствамі. Акрамя канцэртаў мастацкіх калектываў на тэрыторыі палатачнага горада, экскурсій па славутых мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, юных турыстаў чакала насычаная конкурсная праграма (конкурсы “Прадстаўленне каманд”, “Турыстычныя навыкі і быт”, конкурс краязнаўцаў і конкурс газет “Будні злёту”) і спартыўная праграма (спартыўнае арыентаванне і турыстычна-прыкладное мнагаборства: кароткая асабістая дыстанцыя, доўгая камандная дыстанцыя, кароткая камандная дыстанцыя).
Па традыцыі самым першым і адным з самых яркіх стаў конкурс прадстаўлення каманд. Згодна з яго ўмовамі, у мастацкай форме навучэнцы прадстаўлялі не толькі свой рэгіён, каманду, установу адукацыі, але і дзяліліся думкамі адносна перспектыў развіцця турызму. Рабілася гэта часта ў жартаўлівай форме. Вось некалькі экспрэс-жартаў ад юных турыстаў: “Хлопца, які на кароткай дыстанцыі доўга лез на сасну, знайшлі ў кавалку бурштыну”; “Турысты не баяцца апакаліпсісу, пасля турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы яны, у прынцыпе, нічога не баяцца”; “На злёце з-за семак пабіліся турыст і верабей”.
Кожная каманда — гэта свой арыгінальны нумар. Адны выконвалі партызанскія прыпеўкі з турыстычным ухілам, іншыя з радасцю паведамлялі: “Я турыстам быць хачу, на злёт птушкай палячу”. Нехта звяртаўся да журы з такімі словамі: “Падсудзі нам, падсудзі” і “Засудзі іх, засудзі”. Канечне, да такіх зваротаў журы было абыякавым. Нягледзячы на ўсю жартаўлівасць, конкурс прадстаўлення каманд быў адным з самых складаных. Таму асабліва прыемным з’яўляецца паспяховае выступленне беларускіх каманд. Так, пераможцамі былі прызнаны прадстаўнікі Магілёўскай вобласці. І гэта нядзіўна, бо, акрамя жартаўлівага аповеду пра свае турыстычныя будні, навучэнцы на даволі якасным акцёрскім узроўні перанеслі журы і гледачоў у 40-я гады, у час вайны, прымусілі задумацца над подзвігам нашых продкаў.
У конкурсе краязнаўцаў, пытанні якога былі звязаны з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогай савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, першае месца занялі прадстаўнікі Брэстчыны, трэцімі былі магіляўчане. У конкурсе “Турыстычныя навыкі і быт” былі вызначаны 29 лепшых каманд, сярод іх 7 каманд з Беларусі. Сярод іншых беларускіх турыстычных дасягненняў варта адзначыць перамогу першай каманды Мінскай вобласці ў конкурсе газет “Будні злёту”, другая каманда гэтага рэгіёна заняла трэцяе месца.
Даволі паспяхова беларусы выступілі і ў спартыўнай праграме. Так, каманда Брэсцкай вобласці стала другой на доўгай каманднай дыстанцыі. У гэтым жа відзе турыстычна-прыкладнога мнагаборства першая каманда Мінскай вобласці заняла ганаровае трэцяе месца, а вось юныя турысты з Магілёўшчыны сталі трэцімі ў спартыўным арыентаванні і ў агульным выніку турыстычна-прыкладнога мнагаборства. Пераможцамі ў спартыўным арыентаванні сталі прадстаўнікі Мінска. Па незнаёмай тэрыторыі, незнаёмым лесе, незнаёмай карце яны абышлі 40 каманд!
— Сёлета спартыўная частка праграмы як ніколі была відовішчнай, бо кампактна былі абсталяваны кароткая і доўгая дыстанцыі. Акрамя таго, усе адзначалі высокі ўзровень судзейства, што пацвярджае адсутнасць пратэстаў, зваротаў у апеляцыйнае журы. Супрацоўнікамі нашага цэнтра была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Мы стварылі на сайце аддзялення краязнаўства спецыяльную папку, у якую змясцілі ўсе асноўныя дакументы па злёце, у тым ліку правілы і ўмовы правядзення спаборніцтваў. Па электроннай пошце нам дасылалі пытанні, на кожнае з якіх даваў адказ намеснік галоўнага суддзі па спартыўнай праграме Віталь Уладзіміравіч Модаль. Правілы былі надрукаваны і раздадзены кожнай камандзе. Падчас злёту напярэдадні спаборніцтваў абавязкова праводзілі кансультацыі, таму і адсутнасць апеляцый заканамерная, — адзначыла Лідзія Андрэеўна Жур.
На ўрачыстым закрыцці злёту прызёры і пераможцы атрымалі не толькі дыпломы, але і каштоўныя падарункі. А якая для турыста найлепшая ўзнагарода? Канечне, палатка. Яе якасць і кошт непасрэдным чынам залежалі ад узроўню занятага месца. Самыя каштоўныя палаткі ў якасці спецпрыза Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы атрымалі каманды Магілёўскай і Белгародскай абласцей. Лепшыя канкурсанты заахвочваліся яшчэ і тэнтамі, рукзакамі, прыстасаваннем для вогнішча, кацялкамі, каскамі для заняцця турыстычна-прыкладным мнагаборствам.

Бліжэй да аблокаў

Турзлёт — гэта не толькі спаборніцтвы, а ў першую чаргу яго ўдзельнікі. Як вядома, турызму любыя ўзросты падуладны, таму сярод вуліц палатачнага горада можна ўбачыць як турыстаў-пачаткоўцаў, так і сапраўдных карыфеяў. Сярод іх суддзя злёту педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Павел Іванавіч Заяц. Наш герой прайшоў сотні кіламетраў па самых складаных маршрутах Каўказа, Цянь-Шаня, Хібін, Карпат. Павел Іванавіч шчыра прызнаўся, што не ўяўляе свайго жыцця без альпінізму, таму кожны год па традыцыі ён з сябрамі ідзе… не, не ў лазню, а ў горы, бліжэй да аблокаў. Самая высокая вяршыня, якую пакарыў педагог, — Эльбрус, вышынёй 5642 метры. Пакуль каманды трэніраваліся на скаладроме, Павел Іванавіч расказаў шмат цікавых выпадкаў са свайго альпінісцкага жыцця. Яшчэ мой суразмоўца адкрыў невялікую таямніцу: аказваецца, горы беларусы любяць таму, што ў нас іх няма. Вось такі парадокс. Калі рабіць адпаведныя высновы, то нашы самыя далёкія продкі, магчыма, жылі ў гарах. Інакш як растлумачыць прагу беларускага сэрца да заснежаных вяршынь. Сапраўдны покліч продкаў.
Яшчэ адным пастаянным удзельнікам турыстычных злётаў з’яўляецца Алег Леанідавіч Сабініч. Як і сапраўдны аматар падарожжаў, за 16 гадоў работы ў вядучай установе дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю краіны ён прайшоў сотні маршрутаў, правёў не адзін месяц каля вечаровага вогнішча сярод азёр нарачанскага і браслаўскага краю, густых лясоў Віцебшчыны, узгоркаў Гродзеншчыны, раўніннага Палесся. Аднак па прафесіі ён не педагог, нават самага мінімальнага разраду па турызме ў яго няма. Знаёмцеся — гэта вадзіцель Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. І хоць турыстычныя дарогі — прафесія Алега Леанідавіча, аднак ён заўсёды застаецца на ўзбочыне звілістага шляху да турыстычнага алімпу. Справядліва? Канечне, не. Дык няхай турыстычная грамадскасць ведае сваіх герояў!

Поўны рукзак беларускай гасціннасці

Безумоўна, не ўсе каманды па выніках злёту занялі прызавыя месцы, аднак не гэта галоўнае. Важна, што кожны юны турыст пакідаў гасцінную Мядзельшчыну з вялікім рукзаком, у якім разам з палаткамі, спальнымі мяшкамі, прызамі і памятнымі падарункамі змясціліся незабыўныя ўражанні, добры настрой, новыя сяброўскія сувязі, — тое, дзеля чаго і праводзіцца штогод маштабнае свята турызму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.