Я ў будаўнікі б пайшоў…

Сёння аднымі з самых запатрабаваных на рынку працы з’яўляюцца будаўнічыя спецыяльнасці. Мантажнік, муляр, бетоншчык, цясляр, плітачнік, электразваршчык, маляр, тынкоўшчык — гэта толькі пачатак вялікага пераліку спецыялістаў, у якіх адчуваецца патрэба. Мазырскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў дае магчымасць выпускнікам агульнаадукацыйных устаноў атрымаць гэтыя прафесіі.

У новым навучальным годзе ліцэй адчыніў дзверы для 138 навучэнцаў 1 курса. Самай папулярнай сярод юнакоў аказалася прафесія муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый; электразваршчык ручной зваркі, па якой право­дзіўся конкурс на аснове сярэдняга бала пасведчання аб базавай адукацыі.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя Аляксандра Фёдаравіча Барысенкі, сістэма арганізацыі набору залежыць ад патрэб заказчыкаў кадраў у асобе будаўнічых арганізацый. Каб адкрыць вучэбную групу па любой прафесіі, патрэбны заяўкі арганізацый, якія потым возьмуць на работу выпускнікоў. Пад кожную спецыяльнасць і кваліфікацыю заключаюцца адпаведныя дагаворы. З улікам гэтага ў 2020 годзе ліцэй ажыццяўляе набор навучэнцаў пасля 9 класаў на 3 гады навучання па кваліфікацыях “мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый; электрагазазваршчык”, “муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый; электразваршчык ручной зваркі”, “тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік, маляр (будаўнічы)”, пасля 11 класаў — на 1 год па кваліфікацыі “цясляр-бетоншчык; электразваршчык ручной зваркі”.

Выбар будучай прафесіі — вельмі важнае і адказнае пытанне, якое ўзнікае ў кожнага школьніка. Каб дапамагчы вучням зрабіць правільны прафесійны выбар, а таксама адшу­каць матываваных і зацікаўленых абітурыентаў, ліцэй праводзіць змястоўную прафарыентацыйную работу. Сярод яе асноўных задач — пашырыць уяўленні навучэнцаў аб свеце прафесій, паглыбіць іх веды аб будаўнічых спецыяльнасцях, павысіць пазнавальную актыўнасць маладых людзей пры выбары будучай прафесіі. У ліцэі працуе кансультацыйны цэнтр “Я выбіраю прафесію”. Акрамя традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй, прафарыентацыйных выязных мерапрыемстваў, праводзяцца арганізацыйныя экскурсіі, майстар-класы ў вучэбна-вытворчых майстэрнях ліцэя, сустрэчы з бацькамі. Так, у майстэрнях ліцэя былі праведзены прафесійныя пробы “Умовы аптымальнага выбару прафесіі”, майстар-класы “Зварка арматуры”, “Выраб ручкі на малаток”, “Габлёўка драўніны” і інш. Госці ліцэя не проста гледачы, але і самі могуць пад наглядам майстроў вытворчага навучання ўзяць у рукі працоўны інструмент і паспраба­ваць свае сілы.

На аказанне дапамогі ў прафесійным самавызначэнні выпускнікоў школ з улікам іх схільнасцей, здольнасцей, на павышэнне эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы накіраваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі прафарыентацыйнай дзейнасці на аснове PR-тэхналогій”, што рэалізоўваецца ў ліцэі ў гэтым навучальным годзе. У межах праекта ўкараняюцца новыя формы і метады прафарыентацыйнай работы: вулічныя PR-акцыі, стварэнне прома-ролікаў, правядзенне анлайн-кансультацый і апытанняў, стварэнне форумаў па розных тэматыках і інш.

Як расказаў А.Ф.Барысенка, сёння асноўная задача ўстановы — падрыхтаваць канкурэнтаздольнага, запатрабаванага на рынку працы спецыяліста, выхаванага, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, грамадзяніна, патрыёта, а таму на пачатку педагогам важна ўсяліць веру ў сілы навучэнца, навучыць не баяцца цяжкасцей і ісці да пастаўленай мэты.

Для арганізацыі вучэбнага працэсу ліцэй мае вучэбны і вытворчы карпусы, у якіх абсталяваны вучэбныя кабінеты, камп’ютарны клас, 12 вучэбна-вытворчых майстэрняў, аснашчаных неабходнымі прыстасаваннямі, абсталяваннем, інструментамі, матэрыяламі, нагляднымі дапаможнікамі. Дарэчы, удзельнікі прэс-туру наведалі вытворчыя майстэрні і змаглі пабачыць, як навучэнцы вучацца класці цэглу, укладваць керамічную плітку як на гарызантальную, так і на вертыкальную паверхню, працаваць з дрэваапрацоўчым станком, праводзіць зварачныя работы.

Вытворчае навучанне пачынаецца з 1 курса ў майстэрнях, а на 2 і 3 курсах вытворчую практыку навучэнцы прахо­дзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, якія часта становяцца іх першымі рабочымі месцамі. Прычым практыка арганізоўваецца на платнай аснове, што стымулюе маладых людзей да далейшай работы. Навучэнцы добра ведаюць: як сябе з самага пачатку зарэкамендуеш, такім аўтарытэтам будзеш карыстацца ў далейшым.

Сёння ліцэй будаўнікоў выпускае сапраўдных прафесіяналаў, якія дастойна зарэкамендавалі сябе не толькі на будаўнічых прадпрыемствах і ў арганізацыях Мазыршчыны, але і на прасторах усёй нашай краіны. Установа працуе ў цеснай звязцы з прадпрыемствамі горада і раёна. Найбольшая колькасць працаўладкаваных выпускнікоў прыпадае на ААТ “Мазырпрамбуд”, ААТ “Палессебуд”, ПК “Мазырбуд” і інш.

Ліцэй неаднаразова займаў прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, прафесійнага майстэрства, мастацкай сама­дзейнасці, спартыўных спаборніцтвах. Летась, напрыклад, установа атрымала дыплом І ступені ў абласных спаборніцтвах па міні-футболе сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Валерыя Стацэнка ў намінацыі “Мая непаўторная малая радзіма” ў раённым этапе конкурсу работ маладых журналістаў “Залатое пяро “Белай Русі” — 2019”. У сёлетнім навучальным годзе на Нацыянальным студэнцкім форуме “У аб’ектыве — моладзь” у адкрытым конкурсе блогераў “Блогасфера 1.0” 1-е месца заняў Максім Лісавой у намінацыі “Як табе такое, Ілан Маск?”. Па выніках 2017 года ліцэй быў занесены на Дошку гонару Гомельскай вобласці як лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Ужо больш за 5 гадоў ліцэй прымае ўдзел у Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. І небеспаспяхова. Некалькі гадоў назад на рэспубліканскім этапе конкурсу WorldSkills, які праходзіў у Мінску, у кампетэнцыі “Сталярная справа” навучэнец 1 курса Яўген Маліноўскі заняў 3-е месца. Сёлета навучэнцы ліцэя таксама рыхтуюцца прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах у кампетэнцыях “Малярная справа” і “Сталярная справа”. Пажадаем ім поспехаў і ўдачы!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.