Я ў вучоныя пайшоў бы, няхай мяне навучаць

Два гады назад я перажыла своеасаблівы педагагічны крызіс. У дарослае жыццё пайшлі мае выпускнікі, з якімі на працягу 7 гадоў мы былі звязаны моцнымі, практычна роднаснымі, сувязямі. А на парозе майго кабінета ўжо стаялі новыя “блазаны”. У іх дапытлівых вачах я міжвольна бачыла адценні поглядаў маіх былых вучняў.

Цяпер, мне здаецца, я ўжо магу адказаць на пытанне, чаму так цяжка было перастроіцца. Думаю, як педагог я расла разам з гэтымі дзецьмі, карэкціравала і адточвала сваё педагагічнае майстэрства… Успаміны калег пра маіх выпускнікоў да гэтай пары, як правіла, не абыходзяцца без слоў: “А, гэта тыя, дзе Слава Мурашка вучыўся?!”

Слава ў 5 класе быў нясмелым і малатаварыскім хлопчыкам, без жадання выходзіў да дошкі, але, што здзіўляла ў гэтым скрытным хлопчыку, дык гэта яго нестандартныя ідэі пры рашэнні вучэбных задач. Паступова я стала заўважаць, што адкрываю яго сшытак з асаблівай цікавасцю: тут мне нічога не перашкаджала зазірнуць у свет логікі майго вучня. Яго рашэнні і іх абмеркаванні станавіліся нагодай для працяглых размоў, якія пераходзілі ў прадукцыйныя дыскусіі. З 6 класа Вячаслаў паспяхова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх алімпіядах па матэматыцы. У 8 класе ён упершыню стаў пераможцам алімпіяды і заставаўся ім ужо да заканчэння гімназіі. У гэты ж час мы пачалі ўдзель-нічаць у рэспубліканскіх канферэнцыях даследчых работ навучэнцаў у Мінску. Спачатку безвынікова, але, атрымаўшы пэўны вопыт, ужо ў 9 класе Слава стаў пераможцам і быў уключаны ў каманду для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі.

У 10—11 класах Вячаслаў зноў быў удзельнікам міжнародных канферэнцый, турніраў матэматыкаў, навукова-інжынерных конкурсаў. Сведчаннямі паспяхова праведзенай работы сталі новыя дыпломы пераможца і залатыя медалі. У гэты час Слава дзяліўся сваім вопытам з аднакласнікамі Арцеміем Кухаравым, Ганнай Кузьміной, Аляксандрай Сідарэнка, Арцёмам Сярэбранікавым. Хутка гэтыя навучэнцы таксама сталі ўдзельнікамі і пераможцамі розных канферэнцый і турніраў. Дарэчы, будучы студэнтамі розных ВНУ, Вячаслаў, Арцемій і Ганна з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Мая любоў да выпускнікоў аказалася ўзаемнай, і сёння яны частыя госці гімназіі. Спачатку мае новыя вучні з падлашчваннем і асцярожнасцю пазіралі на “дзядзькаў” і “цётак”, потым пачалі падключацца да нашых размоў, цікавіцца дасягненнямі выпускнікоў. У адзін з такіх візітаў я зразумела, што разарваць такія моцныя сувязі немагчыма. Паступова прыйшло рашэнне аб рэалізацыі сумеснага праекта, назва якога нарадзілася сама па сабе — “Я ў вучоныя пайшоў бы, няхай мяне навучаць”.

Мая патрэба ў стварэнні праекта грунтавалася на глабальных зменах у інфармацыйнай, камунікацыйнай і іншых сферах сучаснага грамадства. Вопыт падказваў, што для падрыхтоўкі спецыялістаў, адаптаваных у высокатэхналагічным грамадстве, неабходны новыя, заснаваныя на індывідуальным развіцці, асобасныя падыходы, стварэнне ўмоў для развіцця навыкаў самастойнага прасоўвання ў інфармацыйным полі, фарміраванне ўніверсальных уменняў ставіць і рашаць задачы для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у жыцці.

У рамках праекта арганізоўваліся круглыя сталы вучняў з выпускнікамі, заняткі і міні-дыспуты ў сценах універсітэта, што вельмі важна для даследчыкаў-пачаткоўцаў, выконваліся сумесныя даследаванні, праводзіліся сустрэчы з бацькамі выпускнікоў, ствараліся партфоліа выпускнікоў вачамі вучняў. Заканчэннем нашага двухгадовага праекта стаў сумесны круглы стол “Даследчая дзейнасць навучэнцаў пры рашэнні даследчых задач”, у якім прынялі ўдзел мае цяперашнія вучні, а таксама выпускнікі, бацькі. Падчас жывога дыялогу на аснове распрацаванага мной алгарытму рашэння даследчай задачы абмяркоўваліся пытанні матывацыі, арганізацыі і асаблівасцей даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Прага адкрыццяў, імкненне пранікнуць у самыя глыбокія таямніцы быцця нараджаюцца яшчэ на школьнай лаўцы, таму так важна менавіта ў школе выявіць тых, хто цікавіцца рознымі галінамі навукі, вывесці школьнікаў на дарогу пошуку, дапамагчы ім найбольш поўна раскрыць свае здольнасці, ажыццявіць іх планы і мары. Доказам гэтага з’яўляюцца поспехі маіх вучняў. Андрэй Ганчарэнка, Аляксандр Пячонкін, Ілья Нікалаенка, Павел Вярыга сталі пераможцамі Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў, Рэспубліканскай канферэнцыі “Першы крок у навуку”. Лічу, што гэта адзін з паказчыкаў эфектыўнай работы, праведзенай у рамках праекта “Я ў вучоныя пайшоў бы, няхай мяне навучаць”. Бачу шчаслівыя вочы сваіх вучняў і разумею: дзеля гэтага варта жыць.

Я ўдзячна лёсу, што на маім шляху былі, ёсць і, спадзяюся, яшчэ будуць такія таленавітыя дзеці. Дзякуючы ім, маё імя ў 2011 годзе было занесена ў Кнігу рэкордаў педагогаў Гомельскай вобласці ў намінацыі “Педагог-даследчык”.

Удзяляючы ўвагу самаразвіццю і самарэалізацыі навучэнцаў, педагог і сам не павінен быць статычным. У рабоце настаўніка ёсць і ўзлёты, і падзенні, але з кожным паражэннем або перамогай нараджаешся нанава, каб ісці далей.

Ірына ГАНЧАРЭНКА.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *