“Я жыву дзецьмі, таму і работа атрымліваецца”

- 11:49Адукацыйная прастора

“Коня на скаку остановит, в горящую избу войдет” — вядомыя радкі Мікалая Аляксеевіча Някрасава без перапынку круціліся ў галаве, калі я вярталася з мінскай школы № 208, што ў мікрараёне Малінаўка. І радкі гэтыя я ўзгадала без усялякай іроніі — сустрэча з сацыяльным педагогам навучальнай установы Алай Мікалаеўнай Сінюк пакінула незабыўнае ўражанне. Здаецца, так Ала Мікалаеўна ўздзейнічае на ўсіх, каму шчасціць з ёй сустрэцца, і таму, што яна педагог не толькі па адукацыі, але і па закліку душы, і таму, што па жыцці аптымістка, пры гэтым умее зараджаць сваім аптымізмам іншых, і таму, што гэта моцная, пяшчотная, энергічная, добрая — і ўсё гэта ў поўнай гармоніі — жанчына. Шматгранная і неардынарная.

Педагог і маці

У 208-й сталічнай школе, якую ўзначальвае Людміла Георгіеўна Філімонава, больш за 1000 навучэнцаў. У штаце сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы — два сацыяльныя педагогі і псіхолаг. А.М.Сінюк працуе ў школе 11 гадоў, а яе агульны педагагічны стаж складае 25 гадоў. У свой час, пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, жанчына працавала ў дзіцячым садку па спецыяльнасці: метадыстам і загадчыцай. Але, калі мужа-ваеннаслужачага перавялі ў Мінск, прыйшлося мяняць работу. Вось тады пасля перападрыхтоўкі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.М.Сінюк атрымала спецыяльнасць “Ідэалагічная і выхаваўчая работа ў сферы адукацыі”, пасля чаго і прыйшла ў школу № 208.

Забягаючы наперад, скажу, што зараз мая гераіня зноў вучыцца ў АПА, каб на гэты раз атрымаць дыплом па спецыяльнасці “Педагог сацыяльны”. Вялікі вопыт работы не замяняе неабходнасці ў самаўдасканаленні, пераканана жанчына. Першую сесію педагог здала зусім нядаўна, прыйшлося сумяшчаць з абавязкамі старшыні выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Справілася, як спраўляецца з усім у жыцці.

— Люблю працаваць з дзецьмі, з сем’ямі, — усміхаецца мая суразмоўніца. — Разумею, што я на сваім месцы. З дзяцінства была ўпэўнена, што стану педагогам, тым больш што і бацькі мае — настаўнікі. Тут складана, магчыма, узрост ужо дае аб сабе ведаць, але я аптыміст, бяруся за ўсё новае, уключаюся ў праекты.

Гэтыя словы пацвярджае адна з падзяк, якія вісяць на сцяне кабінета спецыялістаў СППС, — падзяка А.М.Сінюк за актыўную прафілактычную работу з сем’ямі і навучэнцамі ад грамадскага пункта аховы парадку № 49. У пасяджэннях, якія праводзяцца ў пункце, сацыяльны педагог удзельнічае кожны трэці чацвер месяца.

— Работа вельмі важная, — заўважае Ала Мікалаеўна. — Ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці дазваляе папярэдзіць сур’ёзныя праблемы. Напрыклад, некаторыя маці баяцца дэкрэта № 18 і лічаць, што, калі толькі прызнаешся ў сямейных праблемах, адразу трапіш пад яго дзеянне, дзяцей адбяруць. А мы расказваем, што наша задача — дапамагчы ў складанай сітуацыі. Так, у школу прыходзяць лісты з ЖЭСаў аб неаплаце камунальных паслуг. Значыць, у сям’і нешта не так, трэба пайсці, разабрацца. І мы ідзём, і не толькі мы — супрацоўнікі міліцыі, Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, іншых службаў. Галоўнае — растлумачыць людзям, што мы не пакараць імкнёмся, а дапамагчы. Так, у нас ёсць мнагадзетная сям’я — маці і чацвёра малых. Яны не знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але там цяжкая жыццёвая сітуацыя. Мы дапамаглі ўладкаваць двух малых у дзіцячы сад, падтрымалі матэрыяльна (кінулі кліч у школе — і людзі сабралі грошы, хто колькі мог, прадукты, пасцельную бялізну). А маці ж баялася да нас звярнуцца, бо сама вырасла ў дзіцячым доме, лічыла, што калі паскардзіцца, то ў яе адразу забяруць дзяцей. А цяпер нармальна працуе, спраўляецца.

У школе зараз чацвёра навучэнцаў стаяць на ўліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Адна дзяўчынка часова адабрана ў бацькоў, жыве ў прытулку.

— Я яе на выхадныя да сябе забіраю, — мімаходам заўважае мая суразмоўніца.

— Куды забіраеце, да сябе дадому? — не адразу разумею я.

— Так, канечне, — як аб справе самай звычайнай і шырока распаўсюджанай гаворыць Ала Мікалаеўна. — Але мы вельмі цесна працуем з бацькамі, і я бачу, што сям’я выпраўляецца, дзяўчынка, хутчэй за ўсё, хутка вернецца ў родную сям’ю.

Вось так наша гаворка набывае нечаканы напрамак. Высвятляецца, што мая суразмоўніца не ўпершыню дае прытулак дзецям з нядобранадзейных сем’яў. Калісьці ў сям’і педагога жыла адзінаццацікласніца, маці якой памерла, а бацька непрабудна піў, у кватэры адключылі святло і ваду за нявыплату. Гэтую праблему школа дапамагла вырашыць, зрабіць рамонт, але сацыяльны педагог палічыла, што гэтага мала.

— Ну трэба ж ёй было школу скончыць, — заўважае А.М.Сінюк.

Дарэчы, у той жа школе, дзе яна працуе, вучыцца яе малодшая дачка — выдатніца і творчая натура Даша, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А трое дзяцей ужо зусім дарослыя: Максім скончыў БДУІР, працуе па спецыльнасці, Дзяніс разам з бацькам — у авіяцыі МНС, Наталля працуе ў Італіі ў гасцінічным бізнесе. Усе трое — прыёмныя дзеці сям’і Сінюк, родныя браты і сястра, якія з’явіліся, калі сям’я жыла ў Кобрыне. Так што, калі Ала Мікалаеўна кажа, што дзеці — яе жыццё, прычым усе дзеці, а не толькі родныя, — гэта не проста словы, гэта яе цвёрдая і дзейсная жыццёвая пазіцыя. Як не давяраць такому педагогу?

Актывістка і спартсменка

Падчас нашай размовы ў кабінет заглядвае старшакласнік: “Ала Мікалаеўна, у мяне чацвёртым урокам у пятніцу кантрольная работа па хіміі, нешта трэба мяняць”. Аказваецца, хлопец — адзін з валанцёраў, якіх педагогі рыхтуюць працаваць па сістэме “роўны навучае роўнага”. У школе такіх дабрачынцаў 12 чалавек, працуюць па тэме “Здаровы лад жыцця”. Вось і ў пятніцу павінны адбыцца заняткі валанцёраў з сямікласнікамі на тэму барацьбы з наркотыкамі. І калі на чацвёртым уроку заняткі не могуць прайсці, то іх перанясуць на пяты, бо справа важная, а валанцёры аддаюцца ёй усёй душой. Настолькі, што два з іх, цяпер ужо выпускнікі школы Іван Блашанец і Павел Бярвенскі, атрымалі ў НДЦ “Зубраня” званне валанцёраў года.

А праект Вольгі Леанідаўны Паршынай, намесніка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, і яе калегі са школы № 9 Ірыны Юр’еўны Сушчынскай атрымаў грант Мінгарвыканкама. Да рэалізацыі, зразумела, падключаюцца іншыя педагогі, у тым ліку А.М.Сінюк. Гэта якраз праект работы па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Засноўваючыся на ім, адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска вырашыла стварыць раённы клуб валанцёраў на базе 9-й школы.

Яшчэ праходзяць заняткі ў раённым Цэнтры здароўя, а летам для школьнікаў арганізоўваюцца палатачныя лагеры на Вілейскім вадасховішчы, дзе для іх праводзяцца гульні, трэнінгі, конкурсы. Тэматыка тая ж самая — здаровы лад жыцця. Пасля такой змены некаторыя школьнікі і вырашаюць быць валанцёрамі, застаюцца імі і потым, калі становяцца студэнтамі.

Здаровы лад жыцця — гэта лад жыцця і сацыяльнага педагога, прычым не проста ў выглядзе зарадкі раніцай і любові да агародніны. Ала Мікалаеўна Сінюк у 2015 годзе стала чэмпіёнкай свету(!) па гіравым спорце сярод аматараў. Цытую (у перакладзе) дыплом атрыманы за перамогу: “Узнагароджваецца Сінюк Ала, якая заняла 1-е месца на чэмпіянаце свету па гіравым марафоне ў катэгорыі “аматары”, практыкаванне “доўгі цыкл” 12 кг, рэгламент 30 хвілін, узроставая група 45—49 гадоў, вынік — 291 пад’ём”. Яна і цяпер займаецца гіравым спортам, калісьці захаплялася дзюдо і самба. І школьнікі, прычым у большасці праблемныя падлеткі, гледзячы на педагога, захапіліся гірамі, на сцяне ў кабінеце СППС ёсць і дзіцячыя дыпломы.

Не менш захапляюць маю суразмоўніцу і заняткі па патрыятычным выхаванні школьнікаў. У 2016 годзе рыхтавала дзяцей да дзяжурстваў на Пасту № 1 ля Вечнага агню на плошчы Перамогі. Займаліся гісторыяй, страявой падрыхтоўкай, наладжвалі строгую дысцыпліну, бо пачэсную місію ўсклалі тады не толькі на выдатнікаў, але і на не самых дысцыплінаваных падлеткаў. І аказалася, што правільна зрабілі, бо дзеці пранікліся важнасцю задачы і выканалі яе бездакорна.

Падрыхтоўкай, канечне, займалася не толькі сацыяльны педагог, бо гэта, як і многае іншае ў рабоце з дзецьмі, справа сумесная. Як, напрыклад, арганізацыя гульняў “Зарніца”, “Арляня”. Як і мерапрыемствы ў шосты школьны дзень пад агульнай назвай “Спадчына”, якія разлічаны на розныя ўзроставыя групы. Ідэю сфармулявала В.Л.Паршына, іншыя педагогі яе ахвотна падхапілі.

А сама А.М.Сінюк разам з дачкой адшукала месца ў Падмаскоўі, дзе пахаваны яе дзед, які загінуў у 1942 годзе. Пошукі былі доўгімі і складанымі, але ў Алы Мікалаеўны ўсё атрымалася. Яна са сваімі 70-гадовымі бацькамі змаглі нарэшце наведаць месца пахавання роднага чалавека. Так нарадзілася ідэя стварыць у школе Кнігу памяці, прысвечаную ўдзельнікам вайны — дзядам і прадзедам школьнікаў. Дзеці самі напісалі аповеды пра сваіх родных.

Акрамя ўсяго іншага, Ала Мікалаеўна актыўна ўключылася ў раённы праект “Падары сабе будучыню”, накіраваны на работу з цяжкімі падлеткамі і разлічаны на бягучы навучальны год. У праект уключаны некалькі школ, у тым ліку 208-я. Падлеткі, з якімі вядзецца індывідуальна-прафілактычная работа ў інспекцыі па справах непаўналетніх і ў школах, або тыя, якія проста патрабуюць увагі, працуюць у групах на занятках па рознай тэматыцы. А.М.Сінюк вядзе блок па правілах дарожнага руху (у школе № 208 дзейнічае раённы Цэнтр бяспекі).

— У адной з трох каманд, на якія падзелены падлеткі, дзеці выбралі старастам вельмі складанага хлопца, якога вось-вось павінны былі накіраваць ва ўстанову закрытага тыпу, — расказвае Ала Мікалаеўна. — І давер уздзейнічаў на яго самым лепшым чынам, хлопца не пазнаць. Цяпер гэта самая дысцыплінаваная, адказная каманда.

Заняткі па праграме разлічаны на перыяд да канца красавіка, калі ўдзельнікаў чакае свайго роду ўзнагарода — катанне на картынгах, матацыклах і аўтамабілі на базе ДТСААФ.

Праектаў здзейсненых, тых, якія ажыццяўляюцца зараз, і толькі запланаваных яшчэ нямала. Часу і энтузіязму ў Алы Мікалаеўны і яе калег хапае на ўсе, і, канечне, іх хапае на штодзённую работу.

— Галоўны вынік работы — гэта поспех маіх дзяцей у чымсьці, — гаворыць педагог. — Яны прыходзяць, расказваюць пра сваё жыццё, прыходзяць і дзякуюць іх бацькі, і я шчаслівая гэтым.

Марына ХІДДЖАЗ.
З архіва А.М.СІНЮК.